viasna on patreon

Бяляцкі заклікаў ДВП гарантаваць захаванне асноўных правоў і свабодаў палітвязню Жамчужнаму

2017 2017-09-22T14:18:53+0300 2017-09-22T15:55:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ales_bialiackicsiarhei_gryc.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Алесь Бяляцкі. Фота: Сяргей Грыц

Праваабаронца Алесь Бяляцкі. Фота: Сяргей Грыц

Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі звярнуўся ў Дэпартамент выканання пакаранняў з патрабаваннем прыняць неадкладныя меры па забеспячэнні Міхаілу Жамчужнаму тых ўмоваў адбыцця пакарання, пры якіх яго бяспека і захаванне асноўных правоў і свабодаў былі б гарантаваныя.

Ён адзначыў, што шэраг праваабарончых арганізацый Беларусі яшчэ раней заявілі пра тое, што пазбаўленне волі Міхаіла Жамчужнага было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, гарантаванае Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Яно было заснавана на абвінавачваннях, справакаваных прадстаўнікамі дзяржавы, а працягласць прызначанага тэрміну пакарання відавочна непрапарцыйна правапарушэнню, у якім палітзняволены быў прызнаны вінаватым.

Акрамя таго, змяшчэнне Міхаіла Жамчужнага ва ўстановах крымінальна-выканаўчай сістэмы суправаджалася неаднаразовымі грубымі парушэннямі яго правоў. Так, у перыяд утрымання ў СІЗА-2 г.Віцебска Міхаіл Жамчужный паведаміў пра збіццё супрацоўнікамі ізалятара, таксама ён не аднаразова паведамляў ПЦ “Вясна” пра парушэнне яго права на абскарджанне працэсуальных рашэнняў у дачыненні да яго і дзеянняў адміністрацый папраўчых устаноў. Знаходзячыся ў ПК №14 палітзняволены неаднаразова падвяргаўся накладанню неабгрунтаваных спагнанняў, быў прызнаны злосным парушальнікам рэжыму ўтрымання і пастаўлены на прафілактычны ўлік як “схільны да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці”.

Алесь Бяляцкі звяртае ўвагу і на тое, што ў пачатку 2017 года адміністрацыя ПК № 14 без дастатковых падстаў звярнулася ў суд з просьбай змяніць рэжым утрымання Жамчужнага на турэмны, які прадугледжвае максімальную колькасць абмежаванняў для асуджанага. Аднак, пазней вытворчасць па справе аб пераводзе была спыненая па ініцыятыве адміністрацыі ПК.

Асаблівую занепакоенасць у праваабаронцы выклікае той факт, што у цяперашні час у ПК №9 для Міхаіла Жамчужнага створаныя невыносныя ў сілу сваёй жорсткасці і зневажальнага характару ўмовы для адбыцця пакарання, арганізавана кампанія яго траўлі і запалохвання, якая мае на мэце максімальна ізаляваць палітвязня ад астатніх зняволеных, абмежаваць яго ў правах і паставіць пад пагрозу яго жыццё і здароўе. Больш за тое, працягваюцца спробы прынізіць яго чалавечую годнасць. Зараз зняволены па надуманых падставах падвергнуты дысцыплінарным спагнанням і ўтрымліваецца ў памяшканні камернага тыпу.

Алесь Бяляцкі лічыць, што права звяртацца ў абарону парушаных правоў Міхаіла Жамчужнага выцякае з палажэнняў Дэкларацыі аб праве і абавязку асобных асоб, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды.

“З гэтай жа мэтай кожны чалавек, індывідуальна і сумесна з іншымі, мае, у прыватнасці, права ў сувязі з парушэннямі правоў чалавека і асноўных свабодаў у выніку палітыкі і дзеянняў асобных службовых асоб і дзяржаўных органаў падаваць скаргі або іншыя адпаведныя звароты ў кампетэнтныя нацыянальныя судовыя, адміністрацыйныя або заканадаўчыя органы ці ў любы іншы кампетэнтны орган, прадугледжаны прававой сістэмай дзяржавы, якія павінны вынесці сваё рашэнне па дадзенай скарзе без неапраўданай затрымкі”, - падкрэсліў кіраўнік “Вясны” у звароце да ДВП.

Нагадаем, заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства