viasna on patreon

Міхаіла Жамчужнага аднеслі да асобаў, схільных да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці

2017 2017-01-12T13:20:01+0300 2017-01-12T13:21:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zhamchuzhny.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міхаіл Жамчужны. Фота: svaboda.org

Міхаіл Жамчужны. Фота: svaboda.org

Як паведамляюць naviny.by, 12 студзеня на пасяджэнні пад старшынствам Анатоля Карповіча судовая калегія па грамадзянскіх справах Мінскага абласнога суда разгледзела касацыйную скаргу праваабаронцы Міхаіла Жамчужнага на неправамернае, з яго пункту гледжання, спагнанне з боку адміністрацыі калоніі і пастанавіла суду Барысаўскага раёна дадаткова апытаць Жамчужнага і сведак абставінаў.

Адзначаецца, што Жамчужнага ў суд не дастаўлялі, прадстаўнік адміністрацыі калоніі таксама не прысутнічаў.

Як было заяўлена на пасяджэнні, 20 ліпеня 2016 г. прадстаўнік адміністрацыі навасадскай папраўчай калоніі № 14 наклаў на Жамчужнага спагнанне ў выглядзе пазбаўлення чарговага кароткатэрміновага спаткання за тое, што ён знаходзіўся на тэрыторыі аднаго з сектараў калоніі без суправаджэння супрацоўніка.

У сваёй скарзе праваабаронца адзначыў, што такога парушэння не дапускаў, прасіў адмяніць накладзенае спагнанне, а таксама рашэнне суда Барысаўскага раёна ад 31 кастрычнiка 2016 года, якое пакінула яго ў сіле.

На думку Жамчужнага, судом не ўлічаныя і не правераныя яго довады аб тым, што з тэрыторыі лакальнай зоны калоніі ён выйшаў у суправаджэнні супрацоўніка калоніі, пры гэтым пакінуў лакальны ўчастак не самавольна, а паводле вуснага загаду начальніка спецчасткі. Гэта, падкрэсліў палітвязень, могуць пацвердзіць іншыя асуджаныя і днявальны.

Акрамя таго, Жамчужны паказаў на парушэнне барысаўскім суддзёй працэсуальнага права, таму што пасяджэнне па яго скарзе прайшло на гадзіну раней за намечаны час, што пазбавіла яго права на абарону.

Таксама праваабаронца адзначыў, што ў калоніі парушаюцца правы зняволеных на іх асабісты прыём адміністрацыяй.

У пярэчаннях на касацыйную скаргу прадстаўнік адміністрацыі калоніі паказаў, што знаходзіць рашэнне суда Барысаўскага раёна ў дачыненні да Жамчужнага законным і абгрунтаваным. На думку адміністрацыі, прычынай абскарджання з'явілася пастаноўка зняволенага на прафілактычны ўлік у катэгорыі асоб, схільных да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці, што пацягнула дадатковыя рэжымныя абмежаванні.

Акрамя таго, у калоніі лічаць, што Жамчужны сваёй скаргай «жадае наўмысна дыскрэдытаваць работнікаў папраўчай установы».

Міхаіл Жамчужны, які перадаваў звесткі пра ўтрыманне зняволеных у месцах пазбаўлення волі праваабарончай арганізацыі «Платформа», быў затрыманы ў 2014 годзе. 10 ліпеня 2015 года Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у наўмысным разгалошванні звестак, якiя складаюць службовую таямніцу, і дачы хабару і прысудзіў да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму.

Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда, разгледзеўшы ў кастрычніку таго ж года касацыйную скаргу на прысуд, прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне - шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі. Жамчужны прызнаны беларускімі праваабаронцамі палітвязнем.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства