Міхаілу Жамчужнаму пагражае турма тэрмінам на 3 гады
Адміністрацыя папраўчай калоніі №14 ў Навасадах, дзе адбывае пакаранне заснавальнік “Платформ інавэйшн” Міхаіл Жамчужны, прыняла рашэнне накіраваць у суд матэрыялы аб змене палітвязню рэжыму ўтрымання на турэмны, тэрмінам на тры гады. Пра гэта палітвязень паведаміў у лісце да праваабаронцы Таццяны Рэвяка, датаваным 26 студзеня. Палітвязень Жамчужны, у прыватнасці, піша:
"Сёння нечакана, без усялякіх прычын мяне выклікалі на камісію з 20 чалавек і абвясцілі, што за 5 парушэнняў, ШЫЗА і ПКТ мяне накіроўваюць у турму на 3 гады. Дакументы накіроўваюцца ў суд Барысаўскага раёна. Думаю, што гэта рэакцыя на публікацыю ў інтэрнэце пра маю касацыйную скаргу на першае парушэнне… Мой адрас можа змяніцца ў бліжэйшыя 2-3 тыдні”.
Таксама Міхаіл Жамчужны піша аб тым, што паўторная даверанасць адвакату для прадстаўлення інтарэсаў зняволенага ў судах пад час абскарджвання накладзеных спагнанняў, пакуль без руху.
Нагадаем, праблемы з афармленнем даверанасці для адваката працягваюцца ўжо амаль два месяцы, што не дазваляе паўнавартасна аказваць прававую дапамогу зняволенаму.
Заснавальнік “Платформ інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.
Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.
Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.