На беларуска-літоўскай мяжы затрыманая для агляду рэчаў праваабаронца Анісія Казлюк Дапоўнена
Актывістку валанцёрскай службы Праваабарончага цэнтра "Вясна", якая ўвечары 22 кастрычніка вярталася з Вільні, беларускія памежнікі затрымалі для дагляду рэчаў.
Анісія Казлюк вярталася ў Беларусь аўтобусам пасля працы на IV Беларускім праваабарончым форуме. Пры праверцы пашпарта на экране манітора памежнікаў з’явілася нейкая адзнака, пасля чаго дзяўчыне прапанавалі прайсці праверку асабістых рэчаў. Пашпарт ёй не аддаюць. Кажуць: "Прыйдзе старэйшы і ўсё патлумачыць".
Тэлефонная сувязь з Анісіяй адсутнічае і таму невядома пакуль, якія прычыны яе затрымання.
Пад час агляду былі ўважліва правераныя ўсе асабістыя рэчы, канфіскаваная кніга Алеся Бяляцкага. Памежнікі доўга распытвалі яе аб тым, што рабіла ў Вільні, чым займаецца цяпер.
Праз некаторы час быў складзены акт агляду, кніігу Алеся Бяляцкага вярнулі, зрабіўшы копію вокладкі, а праваабаронцы вярнулі пашпарт.
Варта нагадаць, што 26 верасня ў Мінску адбыліся ператрусы ў розных сацыяльных актывістаў, следчыя абшукалі таксама і кватэру, якую здымае Анісія з сяброўкай. Магчыма, гэта і з'явілася падставаю для пільнай увагі да актывісткі.