У Беларусі не менш за 67 чалавек асудзілі за "змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады"
Па ўсёй Беларусі 31 кастрычніка і 1 лістапада прайшла чарговая хваля масавых затрыманняў. Супрацоўнікі КДБ затрымалі дзясяткі чалавек, правялі ператрусы па месцы іх жыхарства. У выніку частка людзей пасля допытаў выйшла на волю ў якасці сведкаў па крымінальнай справе, а некаторых змясцілі пад варту паводле арт. 357 Крымінальнага кодэкса (змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады). Праз некалькі дзён пасля рэйду КДБ прызнаў "экстрэмісцкім фармаваннем" шэраг дваровых чатаў — меркавана, гэта і стала прычынай масавых затрыманняў.
Крымінальны пераслед паводле арт. 357 КК выкарыстоўваўся рэжымам з 2020 года супраць актывістаў і палітыкаў. Агулам за чатыры гады за "замах на змову ці змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады" былі асуджаныя не менш за 67 чалавек, амаль палова з якіх — завочна. Цяпер у зняволенні ўтрымліваюцца 25 чалавек, пазбаўленых волі па гэтым артыкуле, яшчэ двое былі нядаўна памілаваныя Лукашэнкам. "Вясна" распавядае, каго ў Беларусі асудзілі за "змову з мэтай захопу ўлады".
Што вядома пра масавыя затрыманні напрыканцы кастрычніка
31 кастрычніка і 1 лістапада супрацоўнікамі КДБ былі затрыманыя каля сотні чалавек па ўсёй Беларусі. Рэйды прайшлі ў Ваўкавыску, Навагрудку, Мінску, Смаргоні, Беразіне, пасёлку Ялізава. Некаторым затрыманым задавалі пытанні наконт дваровых чатаў, якія былі асабліва папулярныя ў паслявыбарчыя часы, а таксама сілавікі цікавіліся іх актыўнасцю ў 2020 і 2021 годзе.
4 лістапада КДБ апублікаваў абноўлены "экстрэмісцкім фармаваннем", куды ўключылі ініцыятыву "Ордэн" — туды, паводле КДБ, уваходзяць дваровыя чаты "Злые когтики", "Сухарево", "Сеніца2.0", "Солідарность", "Вольныя ваўкі", "Навагрудскія партызаны", "ВИЛИЯ", "Скромные матрешки", а таксама арганізацыя "Соседи". Рашэнне было прынятае 29 кастрычніка. У гэты ж дзень прызналі "фармаваннем" і "Солигорск Чат".
Цяпер частка людзей знаходзіцца за кратамі ў межах крымінальнай справы паводле арт. 357 КК, частка — выйшла на волю ў якасці сведкаў па крымінальнай справе.
Што прадугледжвае артыкул за "захоп улады"
Артыкул 357. Змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады
1. Змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу або ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, –
караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да дванаццаці гадоў са штрафам або без штрафу.
2. Захоп альбо ўтрыманне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам –
караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад дзесяці да пятнаццаці гадоў са штрафам або без штрафу.
3. Дзеянні, прадугледжаныя часткай другой гэтага артыкула, якія прывялі да гібель людзей альбо спалучаныя з забойствам, –
караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад дзесяці да дваццаці пяці гадоў са штрафам або без штрафу, або пажыццёвым пазбаўленнем волі, або смяротным пакараннем.
Заўвага. Удзельнік змовы ці іншых дзеянняў, учыненых з мэтай захопу або ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, вызваляецца ад адказнасці па частцы першай гэтага артыкула, калі ён своечасова і добраахвотна заявіў аб злачынстве дзяржаўным органам і актыўна спрыяў яго выяўленню.
Каго пазбавілі волі за "змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады"
"Справа Аўтуховіча"
Гродзенскі абласны суд 17 кастрычніка 2022 года агучыў прысуды па рэзананснай справе, фігурантамі якой з'яўляюцца адразу 12 палітвязняў. Усіх фігурантаў абвінавачвалі па шэрагу крымінальных артыкулаў, але некаторых з іх у тым ліку ў "замаху на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам": Мікалая Аўтуховіча, Віктара Снегура, актывістку Вольгу Маёраву, баранавіцкага актывіста Уладзіміра Гундара, святара Сяргея Рэзановіча, ягоную жонку Любоў Рэзановіч, іх сына Паўла Рэзановіча, пенсіянерку Галіну Дзербыш, пенсіянерку Ірыну Мельхер. Суддзя Максім Філатаў прызначыў ім ад 15 да 25 гадоў калоніі.
Усіх фігурантаў затрымалі ў снежні-студзені 2020 года. Улады адразу абвясцілі Аўтуховіча арганізатарам і кіраўніком «тэрарыстычнай групоўкі», якая дзейнічала на тэрыторыі Гродзенскай вобласці і нібыта падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі. З абвінавачвання Аўтуховічу вынікае, што ўдзельнікаў групы ён выкарыстоўваў для збору інфармацыі аб супрацоўніках праваахоўных органаў і органаў кіравання.
"Справа Гайдукевіча"
У Мінскім гарадскім судзе 21 чэрвеня абвесцілі прысуд па гучнай крымінальнай справе, у тым ліку за спробу падпалу дома Алега Гайдукевіча ў чэрвені 2021 года. Па справе праходзілі 18 абвінавачаных, з якіх 15 чалавек знаходзіліся пад вартай, а экс-рэстаратара Вадзіма Пракоп'ева і двух былых сілавікоў судзілі завочна. У залежнасці ад ролі кожнага іх абвінавацілі паводле 14 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку па ч. 1 і 2 арт. 357. Сяргей Хрыпач прызначыў ім тэрміны ад двух да 25 гадоў калоніі.
Паводле версіі абвінавачвання, на тэрыторыі Беларусі, Турцыі, Польшчы, Украіны і іншых дзяржаў "была створана і дзейнічала арганізаваная злачынная група, асноўная мэта якой заключалася ў здзяйсненні нявызначанай колькасці злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці. Злачынствы павінны былі здзяйсняць радыкальна настроеныя да дзеючай улады асобы, сярод якіх былыя і дзеючыя вайскоўцы, супрацоўнікі праваахоўных органаў, перш за ўсё падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння, спартсмены рукапашнага бою, бізнесмены і іншыя, хто падзяляў погляды захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам".
Цяпер у папраўчых калоніях адбываюць свае тэрміны Віталь Вайцяховіч, Анастасія Вайцяховіч, Уладзіслаў Вайцяховіч, Вольга Вайцяховіч, Сяргей Лісоўскі, Дзмітрый Невяркевіч, Вольга Петух, Мікалай Рой, Уладзімір Савянкоў, Сяргей Сакалоў, Дзяніс Філончык, Павел Чыхінскі і Пётр Юркевіч.
"Справа змоўшчыкаў"
У верасні 2022 года быў агучаны прысуд па рэзананснай "справе аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады". На лаве падсудных знаходзіліся палітзняволеныя палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў, супрацоўніца мінскага офісу Зянковіча Вольга Галубовіч, актывіст і дальнабойшчык Дзяніс Краўчук, а таксама юрыст Юры Зянковіч. Фігурантаў справы абвінавачвалі па шэрагу крымінальных артыкулаў, Зянковіча, Кастусёва і Фядуту ў тым ліку паводле арт. 357 КК. Суддзя Уладзімір Арэшка прызначыў ад 2,5 да 11 гадоў калоніі.
Усіх абвінавачаных затрымалі ў красавіку 2021 года. Пасля гэтага КДБ і ФСБ Расіі заявілі, што нібыта прадухілілі замах на Лукашэнку і ягоных сыноў, а таксама аб "раскрыцці дзяржаўнага перавароту". Праз некаторы час па дзяржтэлебачанні паказалі фільм, з якога вынікае, што за абвінавачанымі працяглы час сачылі спецслужбы, а вайскоўцаў, з якімі яны кантактавалі, ім падставілі. КДБ таксама паведаміў, што агулам па справе аб "захопе ўлады" праходзяць дзевяць чалавек: Фядута, Зянковіч, Кастусёў, Галубовіч, а таксама Дзмітрый Шчыгельскі, Аляксандр Перапечка, Павел Кулажэнка, Віталь Макаранка і Ігар Макар.
За час зняволення ў Рыгора Кастусёва вельмі пагоршылася здароўе —выявілі анкалагічнае захворванне. Пасля пачатку адбыцця пакарання на Рыгора ўвесь час аказваўся ціск. Напачатку ліпеня 2024 года яго вызвалілі па амністыі.
Тым часам Зянковіча з моманту першага прысуду яшчэ двойчы судзілі паводле крымінальных артыкулаў і пераводзілі на турэмны рэжым. Некалькі месяцаў таму па невядомых прычынах яго перавялі ў СІЗА КДБ. У верасні ў эфіры БТ выйшаў фільм, у якім моцна схуднелы Зянковіч расказваў пра тое, як у 2021 годзе нібыта хацеў "захапіць уладу". Напрыканцы фільма палітвязень сказаў, што напісаў прашэнне аб памілаванні і звяртаецца да кандыдатаў у прэзідэнты ЗША з просьбай дапамагчы яму вярнуцца ў Тэхас.
Крымінальная справа супраць Марыі Калеснікавай і Максіма Знака
6 верасня 2021 года вынеслі прысуд палітзняволеным Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку. Суддзя Мінскага абласнога суда Сяргей Епіхаў прызнаў іх вінаватымі ў закрытым рэжыме па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў супраць нацбяспекі), ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім) і асудзіў да 10 (Максіма) і 11 (Марыю) гадоў пазбаўлення волі. Знаку прызначылі ўзмоцнены рэжым калоніі, Калеснікавай — агульны.
Згодна з матэрыяламі справы, "на прэс-канферэнцыі, праведзенай 18 жніўня 2020 года ў Мінску, Калеснікава, Знак і шэраг іншых асобаў заявілі пра стварэнне па ініцыятыве Ціханоўскай С.Г. так званай «кардынацыйнай рады» як адзінага прадстаўнічага органа беларускага грамадства для арганізацыі перадачы ўлады".
Паўтара года Марыю і Максіма ўтрымлівалі ў рэжыме інкамунікада. Напачатку лістапада Марыя з асабістага дазволу Лукашэнкі сустрэлася з бацькам у медчастцы гомельскай жаночай калоніі. Сустрэча Марыі Калеснікавай з бацькам адбылася з асабістага дазволу Лукашэнкі. Відэакаментар бацькі Калеснікавай апублікаваў Раман Пратасевіч — былы апазіцыянер, цяпер прапагандыст. Ён сцвярджае, што быў напісаны “зварот на імя кіраўніка дзяржавы з просьбай арганізаваць сустрэчу бацькі і дачкі”.
Ад Максіма Знака так і няма ніякіх звестак.
"Справе Фонда «Страна для жизни»"
Па справе праходзілі тры валанцёры Фонда — палітзняволены Антон Сташэўскі, Юлія Сырых, Таццяна Астроўская, а таксама Марына Дуброўская. З іх толькі Антон утрымліваўся пад вартай, Юлія і Таццяна пасля амаль гадавога зняволення пакінулі Беларусь, а Марына знаходзілася пад хатнім арыштам. Антона судзілі паводле ч. 1 арт. 357 КК, а Марыну — паводле ч. 2 арт. 342 КК (навучанне і падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама іх фінансаванне або іншае матэрыяльнае забеспячэнне). Суддзя Дзіна Кучук прызначыла Антону Сташэўскаму восем гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму, а Марыне — 1,5 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, яе арыштавалі ў зале суда. Валанцёр Фонда віну не прызнаў.
Крымінальная справа супраць Валерыі Касцюговай і Таццяны Кузінай
17 сакавіка 2023 года ў Мінскім гарадскім судзе суддзя Дзіна Кучук асудзіла іх да 10 гадоў пазбаўлення волі. У залежнасці ад ролі кожнай іх абвінавачвалі па трох артыкулах КК: ч. 1 арт. 357, ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацбяспецы) і ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці).
Касцюгова — паліталагіня, заснавальніца і рэдактарка сайта экспертнай супольнасці «Наша меркаванне», рэдактарка і аўтарка «Беларускага штогодніка» і кіраўніца групы экспертаў па маніторынгу «Беларусь у фокусе». Яе затрымалі 30 чэрвеня 2021 года.
Кузіна — сузаснавальніца школы маладых менеджараў публічнага адміністравання Sympa, экспертка даследчага праекта bipart. Была затрымана ў Мінску ўначы з 28 на 29 чэрвеня 2021 года.
Справа супраць журналісткі Ксеніі Луцкіной
Да жніўня 2020 года Ксенія Луцкіна працавала ў Белтэлерадыёкампаніі, а пасля выбараў яна далучылася да страйку супрацоўнікаў холдынгу і сышла з пазіцыі карэспандэнта. Ксенію асудзілі да васьмі гадоў калоніі. Генпракуратура сцвярджала, што Ксеніязаймалася стварэннем "грамадскага беларускага інтэрактыўнага тэлебачання, мэта якога – утойванне і скажэнне рэальных фактаў, эскалацыя пратэснай актыўнасці, стымуляванне расколу ў беларускім грамадстве, фармаванне ў людзей негатыўнай думкі аб дзейнасці дзяржорганаў".
У зняволенні ў яе пачаліся моцныя праблемы са здароўем — у яе расце пухліна ў галаўным мозгу. Палітзняволеная выйшла на волю па памілаванні 20 жніўня 2024 г.
Крымінальная справа супраць Іллі Шапаткоўскага
Ілля ў 2020 годзе браў актыўны ўдзел у працы выбарчага штаба Віктара Бабарыкі і ўзначальваў аддзел верыфікацыі подпісаў. Быў затрыманы 4 жніўня 2020 года ў межах крымінальнай справы па "эканамічным" артыкуле. Аднак напрыканцы 2021 года артыкул змянілі на іншы — ч. 1 арт. 357 КК.
Паводле Следчага камітэту, Ілля "адказваў за дэструктыўную інфармацыйную павестку, размяшчаючы медыяматэрыялы, накіраваныя выключна на нанясенне шкоды рэпутацыі дзяржаўных органаў, праваахоўнага блоку і прадстаўнікоў улады. Мэта — закласці зерне сацыяльна-палітычнага супрацьстаяння ў грамадстве. Ён актыўна падзяляў ідэі злачынных фармаванняў і спрыяў ім у дасягненні азначаных мэтаў шляхам забеспячэння інфармацыйнага суправаджэння, культываваў і прапагандаваў у грамадстве пратэсныя настроі, тым самым дзяліў беларусаў на "сваіх" і "чужых" паводле прынцыпу іх стаўлення да дзеючай улады".
30 траўня 2023 года Іллю прысудзілі дзевяць гадоў пазбаўлення волі.
Суд над палітолагам
У кастрычніку гэтага года ў Мінскім абласным судзе паводле арт. 357 КК і па шэрагу іншых артыкулаў пачалі судзіць палітолага Андрэя Паротнікава.
Сутнасць абвінавачвання аналітыку невядома. Гэтага не агучылі ў праўладным фільме пра пераслед Паротнікава. Суд праходзіць у закрытым рэжыме.
Суд над прадстаўнікамі мінскага стартап-хаба "Імагуру"
У Мінску з верасня разглядаюць крымінальную справу супраць Таццяны Марыніч, Анастасіі Хамянковай, а таксама Яўгена Пугача. Іх абвінавачваюць агулам паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку паводле ч. 1 арт. 357 КК "змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады". Таццяну Марыніч і Анастасію Хамянкову судзяць завочна, а Пугач утрымліваецца пад вартай з ліпеня 2023 года. Справу вядзе Любоў Сімахіна.
Паводле следства, яны нібыта "стварылі і кіравалі экстрэмісцкім фарміраваннем, на інтэрнэт-рэсурсах якога размяшчалі экстрэмісцкія матэрыялы накіраваныя на падтрымку масавых беспарадкаў, якія праходзілі ў 2020-ым годзе".
Завочныя справы
Акрамя гэтага, паводле арт. 357 КК актыўна судзяць у парадку спецыяльнай вытворчасці палітыкаў і актывістаў, якія былі вымушаны з'ехаць з Беларусі і працягнуць сваю дзейнасць за мяжой.
Так, напрыклад, у ліпені завочна вынеслі прысуд па крымінальнай справе "аналітыкаў Святланы Ціханоўскай". Працэс у парадку спецыяльнай вытворчасці праходзіў у Мінскім абласным судзе з 31 траўня па 1 ліпеня. У справе адразу 20 абвінавачаных. Згодна з матэрыяламі справы, усіх іх абвінавачвацілі ў здзяйсненні "злачынстваў экстрэмісцкага характару" ў сувязі з кампаніяй па выбарах Аляксандра Лукашэнкі, а таксама ў постэлектаральны перыяд. Ім прызначылі ад 10 да 11,5 гадоў пазбаўлення волі.
У траўні 2023 года паводле арт. 357 КК і шэрагу іншых артыкулаў асудзілі стваральнікаў і рэдактараў праекта Nexta: Сцяпана Пуцілу і Яна Рудзіка.