viasna on patreon

Да 25 гадоў калоніі. Вынесены прысуды па "справе Аўтуховіча"

2022 2022-10-17T15:41:43+0300 2022-10-18T09:01:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/maeravasud.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гродзенскі абласны суд 17 кастрычніка агучыў прысуды па рэзананснай "справе Аўтуховіча". Судовы працэс доўжыўся пяць месяцаў. На лаве падсудных знаходзяцца Мікалай Аўтуховіч, святар Сяргей Рэзановіч, ягоная жонка Любоў Рэзановіч, іх сын Павел Рэзановіч, пенсіянерка Галіна Дзербыш, баранавіцкі актывіст Уладзімір Гундар, актывістка Вольга Маёрава, пенсіянерка Ірына Мельхер і яе сын Антон Мельхер, а таксама Ірына Гарачкіна, Віктар Снегур і Павел Сава. Усе фігуранты ўтрымліваюцца за кратамі 22 месяцы. Толькі двое з іх цалкам прызналі сваю віну. Суддзя Максім Філатаў прызначыў ім ад 2,5 да 25 гадоў калоніі.

Мікалай Аўтуховіч

  • Мікалаю Аўтуховічу па ч. 3 арт. 285 КК (стварэнне злачыннай арганізацыі і ўдзел у ёй); ч. 2 арт. 357 КК (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам); ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве); ч. 3 арт.130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы); ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь); ч. 1 арт. 290-2 КК (замах на ўцягванне ў тэрарыстычную дзейнасць); ч. 3 арт. 289 КК (акт тэрарызму і падрыхтоўка да яго); ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, у тым ліку падрыхтоўка да такіх дзеянняў); ч. 3 арт. 333-1 КК (незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕАЭС і дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі, камплекты боепрыпасаў да яго, выбуховых рэчываў, выбуховых прылад); ч.1 арт. 295-3 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў) — 25 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму (адбываць пакаранне будзе першыя 5 гадоў у турме, астатні тэрмін — у калоніі), штраф у памеры 1 000 базавых велічыняў (32 000 рублёў), а таксама пазбаўленне звання старшага прапаршчыка ў адстаўцы;
  • Паўлу Саву па ч. 2 арт. 285 КК (удзел у злачыннай арганізацыі) і ч. 3 арт. 289 КК (акт тэрарызму, здзейснены групай асобаў) — 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і 700 базавых велічыняў штрафу (22 400 рублёў);
  • Віктару Снегуру па ч. 2 арт. 285 КК (удзел у злачыннай арганізацыі ў любой іншай форме), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 КК (замах на захоп улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, учыненыя арганізаванай групай), ч. 3 арт. 333-1 КК (незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕАЭС і дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі, камплекты боепрыпасаў да яго, выбуховых рэчываў, выбуховых прылад) — 19 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і 800 базавых велічыняў штрафу (25 600 рублёў);
  • Ірыне Гарачкінай па ч. 3 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў) і ч. 1 арт. 405 КК (пакрыванне цяжкага злачынства) — шэсць гадоў і адзін месяц калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і 300 базавых велічыняў штрафу (9 600 рублёў);
  • Вользе Маёравай па ч. 2 арт. 285 КК (удзел у злачыннай арганізацыі ў любой іншай форме), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 КК (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці ці варажнечы, здзейсненае групай асоб), ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, учыненыя арганізаванай групай) — 20 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і 800 базавых велічыняў штрафу (25 600 рублёў);
  • Уладзіміру Гундару па ч. 1 арт. 285 КК (стварэнне злачыннай арганізацыі) і ч. 2 арт. 357 КК (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам) — 18 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і 800 базавых велічыняў штрафу (25 600 рублёў);
  • Сяргею Рэзановічу па ч. 2 арт. 285 КК (удзел у злачыннай арганізацыі), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 КК (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў, учыненыя групай асоб) — 16 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і 600 базавых велічыняў штрафу (19 200 рублёў);
  • Любові Рэзановіч па ч. 2 арт. 285 КК (удзел у злачыннай арганізацыі), ч. 1. арт. 14 ч. 2 арт. 357 КК (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 13 ч. 3 арт. 289 КК (замах на акт тэрарызму), ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, учыненыя арганізаванай групай) — 15 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і 600 базавых велічыняў штрафу (19 200 рублёў);
  • Паўлу Рэзановічу па ч. 3 арт. 285 КК (стварэнне злачыннай арганізацыі або ўдзел у ёй, здзейсненыя службовай асобай), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 КК (замах на змову з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 289 КК (падрыхтоўка да акту тэрарызму, здзейсненая арганізаванай групай), ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі і выбуховых рэчываў, здзейсненыя арганізаванай групай) — 19 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і 800 базавых велічыняў штрафу (25 600 рублёў);
  • Галіне Дзербыш па ч. 2 арт. 285 КК (удзел у злачыннай арганізацыі); ч. 3 арт. 289 КК (акт тэрарызму, здзейснены групай асобаў); ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам) — 20 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і 700 базавых велічыняў штрафу (22 400 рублёў);
  • Ірыне Мельхер па ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 289 КК (падрыхтоўка да акту тэрарызму, зробленая групай асобаў), ч. 2 арт. 285 КК (удзел у злачыннай арганізацыі ў любой іншай форме), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 КК (замах на захоп улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 342 КК (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) — 17 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і 700 базавых велічыняў штрафу (22 400 рублёў);
  • Антону Мельхеру па ч. 1 арт. 342 КК (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) — два гады і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яго вызвалілі ў зале суда, бо залічылі тэрмін утрымання пад вартай.

У чым абвінавацілі фігурантаў справы?

Вольга Маёрава на судзе 17 кастрычніка

Усіх фігурантаў затрымалі ў снежні-студзені 2020 года. Улады адразу абвясцілі Аўтуховіча арганізатарам і кіраўніком «тэрарыстычнай групоўкі», якая дзейнічала на тэрыторыі Гродзенскай вобласці і нібыта падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі. У залежнасці ад ролі іх абвінавацілі агулам па 15 артыкулах Крымінальнага кодэкса, а матэрыялы справы склалі 65 тамоў. Справу разглядаў суддзя Гродзенскага абласнога суда Максім Філатаў. Дзяржаўнае абвінавачванне на судзе падтрымлівалі намесніца старшыні пракурора Людміла Герасіменка і старшы памочнік пракурора Рабаў. Народныя засядацелі — СтаворкаЖдановіч і Нічыпор.

Па версіі следства, Мікалай Аўтуховіч і ўдзельнікі арганізаванай групы ў ноч з 1 на 2 кастрычніка 2020 года падрыхтавалі запальную сумесь на аснове аўтамабільнага бензіну і іншых гаручых рэчываў. Пасля чаго аблілі гэтай сумессю і падпалілі аўтамабіль «Audi 80» і аднапавярховы жылы дом у Ваўкавыску, якія належалі супрацоўніку міліцыі. У лістападзе 2020 года Мікалай Аўтуховіч і «іншыя ўдзельнікі злачыннай арганізацыі» на тэрыторыі Гродзенскага раёна вырабілі самаробнае выбуховае прыстасаванне на аснове трацілавай шашкі і нявызначанага дэтанатара, пасля чаго на вуліцы Вялікая Альшанка ў Гродне ўзарвалі аўтамабіль «Skoda Octavia», які належаў супрацоўніку міліцыі.

Абвінавачванне сцвярджала, што Аўтуховіч рыхтаваў тэракты і збіраў звесткі аб сілавіках па ўказанні ўкраінскіх спецслужбаў. Акрамя гэтага, «група Аўтуховіча» па ўказанні ўкраінскіх спецслужбаў нібыта рыхтавалася захапіць расійскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі для катаванняў і перадачы атрыманых у іх звестак.

З абвінавачвання Аўтуховічу вынікае, што ўдзельнікаў групы ён выкарыстоўваў для збору інфармацыі аб супрацоўніках праваахоўных органаў і органаў кіравання. Гэта было патрэбна яму для запалохвання, пагроз і абраз, здзяйснення актаў тэрарызму, падпалаў, выбухаў аўтамабіляў і дамоў, для таго, каб прымусіць людзей адмовіцца выконваць свае службовыя абавязкі, і тым самым дэстабілізаваць грамадскі парадак у краіне. 

Храналогія суда:

У гродзенскай турме пачаўся суд па справе «групы Аўтуховіча»

На судовае пасяджэнне пусцілі толькі двух сваякоў абвінавачаных. «Вясна» распавядае, што вядома пра справу і як праходзіць суд.

Другі дзень суда па «справе Аўтуховіча»: што адбываецца на працэсе

«Вясна» распавядае, як праходзіць другі дзень суда па «справе Аўтуховіча».

«Рыхтаваліся захапіць расійскіх вайскоўцаў»: як праходзіць суд па «справе Аўтуховіча»

«Вясна» распавядае, што цяпер вядома пра суд і ў чым абвінавачваюць Аўтуховіча.

У судзе па «справе Аўтуховіча» пачынаецца допыт абвінавачаных

23 траўня, фігурантам скончылі зачытваць абвінавачванні.

"Я не здзяйсняў злачынства, я шукаў праўду": падрабязнасці суда па "справе Аўтуховіча"

Падчас дачы паказанняў некаторыя заявілі пра катаванні і збіванне пасля затрымання, а таксама пра жудасныя ўмовы ўтрымання.

"Справа Аўтуховіча": спрэчкі бакоў скончыліся, прысуд будзе агучаны ў сярэдзіне кастрычніка

Судовае следства па справе скончанае, а прысуд агучаць 17 кастрычніка.


Падтрымайце фігурантаў справы лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і пасылкамі па адрасе:

Турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1

Мікалаю Аўтуховічу
Сяргею Рэзановічу
Любові Рэзановіч
Паўлу Рэзановічу
Галіне Дзербыш
Уладзіміру Гундару
Вользе Маёравай
Ірыне Мельхер
Антону Мельхеру
Ірыне Гарачкінай
Віктару Снегуру
Паўлу Саву

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства