У гродзенскай турме пачаўся суд па справе «групы Аўтуховіча» Дапоўнена
У будынку гродзенскай турмы 18 траўня пачаўся суд над фігурантамі «справы Аўтуховіча»: Мікалаем Аўтуховічам, святарам Сяргеем Рэзановічам, ягонай жонкай Любоўю Рэзановіч, іх сынам Паўлам Рэзановічам, пенсіянеркай Галінай Дзербыш, баранавіцкім актывістам Уладзімірам Гундарам, актывісткай Вольгай Маёравай, пенсіянеркай Ірынай Мельхер і яе сынам Антонам Мельхерам, а таксама Ірынай Гарачкінай, Віктарам Снегуром і Паўлам Савам. Справу разглядае суддзя Гродзенскага абласнога суда Максім Філатаў. Усіх фігурантаў, у залежнасці ад ролі, абвінавачваюць па больш чым 10 артыкулах Крымінальнага кодэкса. На судовае пасяджэнне пусцілі толькі двух сваякоў абвінавачаных. «Вясна» распавядае, што вядома пра справу і як праходзіць суд.
Мікалая Аўтуховіча і шэраг звязаных з ім, на думку следства, людзей, затрымалі ў снежні-студзені 2020 года. Улады адразу абвясцілі Аўтуховіча арганізатарам і кіраўніком «тэрарыстычнай групоўкі», якая дзейнічала на тэрыторыі Гродзенскай вобласці і нібыта падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі.
Усяго па «справе Аўтуховіча» праходзяць 12 чалавек. Адзін з іх — палітзняволены Уладзімір Гундар, які 20 траўня 2021 года асуджаны па арт. 366 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі,) да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Хто знаходзіцца на лаве падсудных?
Мікалай Аўтуховіч, святар Сяргей Рэзановіч, ягоная жонка Любоў Рэзановіч, іх сын Павел Рэзановіч, пенсіянерка Галіна Дзербыш, баранавіцкі актывіст Уладзімір Гундар, актывістка Вольга Маёрава, пенсіянерка Ірына Мельхер і яе сын Антон Мельхер, а таксама Ірына Гарачкіна, Віктар Снегур і Павел Сава.
Яшчэ адзін з меркаваных удзельнікаў — Артур Папок — на дадзены час знаходзіцца ў вышуку.
У чым абвінавачваюць фігурантаў справы?
Па версіі следства, Мікалай Аўтуховіч і сябры арганізаванай групы ў ноч з 1 на 2 кастрычніка 2020 года падрыхтавалі запальную сумесь на аснове аўтамабільнага бензіну і іншых гаручых рэчываў. Пасля чаго аблілі гэтай сумессю і падпалілі аўтамабіль «Audi 80» і аднапавярховы жылы дом у Ваўкавыску, якія належалі супрацоўніку міліцыі. У лістападзе 2020 года Мікалай Аўтуховіч і «іншыя сябры злачыннай арганізацыі» на тэрыторыі Гродзенскага раёна вырабілі самаробнае выбуховае прыстасаванне на аснове трацілавай шашкі і неўстаноўленага дэтанатара, пасля чаго на вуліцы Вялікая Альшанка ў Гродне ўзарвалі аўтамабіль «Skoda Octavia», які належаў супрацоўніку міліцыі.
Якія артыкулы інкрымінуюць Мікалаю Аўтуховічу?
Раней Мікалай Аўтуховіч агулам адбыў у зняволенні рэкордны для беларускіх палітвязняў тэрмін — 7 гадоў і 5 месяцаў.
Афганец, прадпрымальнік, актывіст...
Цяпер яго вінавацяць па наступных артыкулах:
- ч. 3 арт. 285 Крымінальнага кодэкса (стварэнне злачыннай арганізацыі і ўдзел у ёй);
- ч. 2 арт. 357 Крымінальнага кодэкса (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам);
- ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве);
- ч. 3 арт.130 Крымінальнага кодэкса (распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы);
- ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);
- ч. 1 арт. 290-2 Крымінальнага кодэкса (замах на ўцягванне ў тэрарыстычную дзейнасць);
- ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму і падрыхтоўка да яго);
- ч. 4 арт. 295 Крымінальнага кодэкса (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, у тым ліку падрыхтоўка да такіх дзеянняў);
- ч. 3 арт. 333-1 Крымінальнага кодэкса (незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕАЭС і дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі, камплекты боепрыпасаў да яго, выбуховых рэчываў, выбуховых прылад);
- ч.1 арт. 295-3 Крымінальнага кодэкса (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, якое дзівіць дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў).
У розных фігурантаў «справы Аўтуховіча» маюцца таксама і іншыя абвінавачванні: арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса) і ўкрывальніцтва цяжкага злачынства (ч. 1 арт. 405 Крымінальнага кодэкса). Агулам усім прад'яўленае абвінавачанне па 15 артыкулах Крымінальнага кодэкса.
Что адбываецца на судзе?
Судовы працэс «групы Аўтуховіча» вядзе суддзя Гродзенскага абласнога суда Максім Філатаў. Менавіта ён прысудзіў пяць гадоў калоніі Вітольду Ашурку, які памёр у траўні 2021 года ў шклоўскай калоніі пры невыстветленых абставінах.
Па інфармацыі праваабаронцаў, на судовы працэс «групы Аўтуховіча» пусцілі толькі двух сваякоў абвінавачаных, але пры гэтым на судзе прысутнічаюць дзяржаўныя прапагандысты. Самога Мікалая Аўтуховіча і Любоў Рэзановіч утрымліваюць у асобных клетках — «стаканах» — нібыта яны «асабліва небяспечныя». Як паведамляе БЕЛТА, галоўны фігурант крымінальнай справы, Аўтуховіч, абвінавачваецца па 12 артыкулах Крымінальнага кодэкса, 6 з іх — за асабліва цяжкія злачынствы, адзін з іх прадугледжвае вышэйшую меру пакарання (расстрэл або пажыццёвае пазбаўленне волі).
Мікалай Аўтуховіч заявіў суддзі адвод. Ён запатрабаваў замены Максіма Філатава, аднак заявіў, што будзе заяўляць адвод і любому іншаму суддзі, якога прызначаць замест яго. Пасля нарады Філатаў адмовіў у адводзе, бо для гэтага «няма падстаў». Уладзімір Гундар паступіў аналагічна, але суддзя адмовіў і яму. Пасля перапынку ў судзе, прапагандыстка Людміла Гладкая ў сваім тэлеграм-канале паведаміла, што Гундара выдалілі з залы суда за «парушэнне парадку» да заканчэння разгляду справы.
Палітзняволены Антон Мельхер адмовіўся ад адваката і заявіў, што будзе абараняць сябе сам, піша Гладкая. Таксама паведамляецца, што яго абвінавачваюць толькі па адным артыкуле — ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзеле у іх).
Падчас суда Мікалай Аўтуховіч заявіў хадайніцтва аб змене меры стрымання для Любові Рэзановіч. Суд адхіліў хадайніцтва. Прапагандысты паведамляюць, што Аўтуховіча пасля двух заўваг суда выдалілі з залы пасяджэння да заканчэння працэсу.
Таксама суддзя зрабіў перапынак, каб лекары агледзелі Любоў — яна скардзіцца на боль у скронях. У яе падскочыў ціск, але лекары аказалі ёй неабходную дапамогу і суд працягнуўся.
У выніку 18 траўня падчас судовага працэса высвятлялі асобы абвінавачаных і разглядалі хадайніцтвы.
Суддзя абвесціў перапынак да 10:00 19 траўня.