viasna on patreon

«Рыхтаваліся захапіць расійскіх вайскоўцаў»: як праходзіць суд па «справе Аўтуховіча»

2022 2022-05-20T18:01:26+0300 2022-05-21T16:49:31+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/maerava.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Гродне трэці дзень працягваецца разгляд «справы Аўтуховіча». На лаве падсудных знаходзяцца дванаццаць чалавек, яшчэ адзін — у вышуку. Агулам усіх фігурантаў вінавацяць па 15 артыкулах Крымінальнага кодэкса, а матэрыялы справы складаюць 65 тамоў. Абвінавачванні ўжо зачыталі Мікалаю Аўтуховічу, Паўлу Саву і Віктару Снегуру. Паводле следства, Аўтуховіч рыхтаваў тэракты і збіраў звесткі аб сілавіках па ўказанні ўкраінскіх спецслужбаў. «Вясна» распавядае, што цяпер вядома пра суд і ў чым абвінавачваюць Аўтуховіча.

Палітзняволеная Вольга Маёрава на судзе 18 траўня
Палітзняволеная Вольга Маёрава на судзе 18 траўня

Справу разглядае суддзя Гродзенскага абласнога суда Максім Філатаў. Дзяржаўнае абвінавачванне на судзе падтрымліваюць намесніца старшыні пракурора Людміла Герасіменка і старшы памочнік пракурора Рабаў. Народныя засядацелі — Ставорка, Ждановіч і Нічыпор.

У чым абвінавачваюць Мікалая Аўтуховіча?

Другі дзень суда па «справе Аўтуховіча»: што адбываецца на працэсе

«Вясна» распавядае, як праходзіць другі дзень суда па «справе Аўтуховіча».

Аўтуховічу інкрымінуюць 12 артыкулаў Крымінальнага кодэкса. 19 траўня ў судзе яму зачыталі абвінавачванне, якое складае 67 старонак. Паводле яго, Мікалай у 2019 годзе абвесціў пра стварэнне народнага руху «ДаВолі», а таксама стварыў тэлеграм-канал «ДаВолі!», які ён адміністраваў разам з Вольгай Маёравай. Там публікавалася «экстрэмісцкая» інфармацыя, заклікі да пратэстаў і да гвалтоўнага захопу ўлады.

«Знаходзячыся ва Украіне, у тым ліку ў зоне баявых дзеянняў у Данецкай і Луганскай абласцях, Аўтуховіч з Папком (цяпер у вышуку) пры судзеянні Палойкі, Сяменчанкі і іншых пакуль нявысветленых асобаў, а таксама прадстаўнікоў спецслужбы Украіны, дасягнуўшы дамоўленасці дзейнічаць разам у складзе злачыннай арганізацыі, незаконна набыў: агнястрэльную зброю і яго кампаненты, боепрыпасы, выбуховыя рэчывы (канструктыўна аформленыя зарады трацілу) і выбуховыя прылады (электрадэтанатары, армейскі ўзрыўпакет, выбухоўнікі ручных гранат) і гэтак далей», — цытуе абвінавачванне супрацоўніца «СБ. Беларусь сегодня».

Пры гэтым паведамляецца, што Мікалай збіраўся захапіць уладу па ініцыятыве і судзеянню Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны. І менавіта па ўказанні ўкраінскіх спецслужбаў «група Аўтуховіча» стала «беларускай» ячэйкай міжнароднай злачыннай арганізацыі, якой кіраваў Мікалай.

З абвінавачвання Паўлу Саву стала вядома, што ён дапамагаў «кіраўніку групы» набываць ва Украіне агнястрэльную зброю, боепрыпасы, выбуховыя рэчывы, выбуховыя прылады, піратэхнічныя вырабы, ваенную амуніцыю і іншыя прадметы, а таксама дастаўляць яе ў Беларусь і хаваць на тэрыторыі краіны.

Людміла Гладкая піша, што Аўтуховіч не толькі быў завербаваны ўкраінскімі спецслужбамі, але і сам вербаваў людзей для дапамогі ў здзяйсненні актаў тэрарызму і займаўся навучаннем баевікоў.

Па версіі следства, Мікалай Аўтуховіч і ўдзельнікі арганізаванай групы ў ноч з 1 на 2 кастрычніка 2020 года падрыхтавалі запальную сумесь на аснове аўтамабільнага бензіну і іншых гаручых рэчываў. Пасля чаго аблілі гэтай сумессю і падпалілі аўтамабіль «Audi 80» і аднапавярховы жылы дом у Ваўкавыску, якія належалі супрацоўніку міліцыі.

Падпалены дом супрацоўніка міліцыі 2 кастрычніка 2020 года
Падпалены дом супрацоўніка міліцыі 2 кастрычніка 2020 года

Акрамя гэтага, Аўтуховіча вінавацяць у выбуху аўтамабіля «Skoda Octavia», які належыў супрацоўніку міліцыі:

«Каля 01:20 20 лістапада 2020 года, знаходзячыся на неахоўнай стаянцы каля дома па вуліцы Вялікая Альшанка ў Гродне, агульнанебяспечным спосабам здзейсніў акт тэрарызму шляхам выбуху з выкарыстаннем самаробнай выбуховай прылады, падрыхтаванай брызантным выбуховым рэчывам арыентыровачнай разліковай магутнасцю ў трацілавым эквіваленце не менш 18,4 грам легкавога аўтамабіля "Шкода Актавія"».

Месца выбуху 20 лістапада 2020 года
Месца выбуху 20 лістапада 2020 года

Абвінавачванне сцвярджае, што Аўтуховіч рыхтаваў тэракты і збіраў звесткі аб сілавіках па ўказанні ўкраінскіх спецслужбаў. Акрамя гэтага, «група Аўтуховіча» па ўказанні ўкраінскіх спецслужбаў нібыта рыхтавалася захапіць расійскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі для катаванняў і перадачы атрыманых у іх звестак.

Што вядома пра іншых фігурантаў справы?

За тры дні судовага працэса абвінавачванні таксама зачыталі Паўлу Саву і Віктару Снегуру.

Згодна з матэрыяламі следства, Сава разам з Аўтуховічам планавалі здзяйсненне тэрарыстычных актаў; здрадзілі дзяржаве, аказваючы дапамогу Украіне ў правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі; разам з кіраўніком групы — Аўтуховічам — набывалі ва Украіне агнястрэльную зброю, боепрыпасы, выбуховыя рэчывы, выбуховыя прылады, піратэхнічныя вырабы, ваенную амуніцыю і іншыя прадметы, якія маглі быць выкарыстаны ў тэрарыстычнай дзейнасці; незаконна іх дастаўлялі ў Беларусь; рабілі сховы гэтага ўзбраення на тэрыторыі Беларусі. Яму інкрымінуюць два артыкулы Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі) і ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму, здзейснены групай асобаў).

Павел Сава на судзе 18 траўня
Павел Сава на судзе 18 траўня

Снегур, паводле абвінавачвання, з'яўляючыся жыхаром памежнага мястэчка, арганізаваў незаконныя калідоры для перавозкі з Украіны боепрыпасаў і выбуховых рэчываў. У выніку сам Аўтуховіч меў магчымасць пераходу на ўкраінскую тэрыторыю для вырабу там узбраення і амуніцыі саматужным спосабам. 17 снежня 2020 года быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ.

Таксама стала вядома, па якіх артыкулах абвінавачваюць Гундара, Дзербыш і Антона Мельхера:

  • Уладзіміру Гундару ставіцца ў віну ч. 1 арт. 285 Крымінальнага кодэкса (стварэнне злачыннай арганізацыі) і ч. 2 арт. 357 Крымінальнага кодэкса (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам);
  • Галіне Дзербыш — ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэкса (удзел у злачыннай арганізацыі); ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму, здзейснены групай асобаў); ч. 1 арт. 357  (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам);
  • Антону Мельхеру — ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзеле у іх).

З абвінавачвання Аўтуховіча вынікае, што ўдзельнікаў групы ён выкарыстоўваў для збору інфармацыі аб супрацоўніках праваахоўных органаў і органаў кіравання. Гэта было патрэбна яму для запалохвання, пагроз і абраз, здзяйснення актаў тэрарызму, падпалаў, выбухаў аўтамабіляў і дамоў, для таго, каб прымусіць людзей адмовіцца выконваць свае службовыя абавязкі, і тым самым дэстабілізаваць грамадскі парадак у краіне. 

У гродзенскай турме пачаўся суд па справе «групы Аўтуховіча»

«Вясна» распавядае, што вядома пра справу і як праходзіць суд.

Падтрымайце фігурантаў справы лістамі салідарнасці па адрасе:

Турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1

Мікалаю Аўтуховічу
Сяргею Рэзановічу
Любові Рэзановіч
Паўлу Рэзановічу
Галіне Дзербыш
Уладзіміру Гундару
Вользе Маёравай
Ірыне Мельхер
Антону Мельхеру
Ірыне Гарачкінай
Віктару Снегуру
Паўлу Саву

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства