"Я не здзяйсняў злачынства, я шукаў праўду": падрабязнасці суда па "справе Аўтуховіча"
Ужо месяц у гродзенскай турме № 1 ідзе суд над дванаццаццю фігурантамі "справы Аўтуховіча". Усе абвінавачаныя ўжо далі паказанні па справе. Толькі двое з іх цалкам прызналі сваю віну. Падчас дачы паказанняў некаторыя заявілі пра катаванні і збіванне пасля затрымання, а таксама пра жудасныя ўмовы ўтрымання, у якіх іх утрымліваюць ужо 17 месяцаў. У працэсе часта робяць перапынкі праз дрэннае самаадчуванне фігурантаў. Цяпер у судзе перайшлі да азнаямлення з відэа папярэдніх допытаў абвінавачаных, а таксама вочных ставак. Агулам усіх фігурантаў вінавацяць па 15 артыкулах Крымінальнага кодэкса, а матэрыялы справы складаюць 65 тамоў. "Вясна" сабрала ўсе падрабязнасці з судовага працэсу.
Што цяпер адбываецца на судзе?
Гродзенскі абласны суд 18 траўня пачаў разглядаць справу дванаццаці абвінавачаных па «справе Аўтуховіча». Суд зрабілі адкрытым, а за працэсам пільна сочаць дзяржаўныя СМІ. Справу разглядае суддзя Гродзенскага абласнога суда Максім Філатаў. Дзяржаўнае абвінавачванне на судзе падтрымліваюць намесніца старшыні пракурора Людміла Герасіменка і старшы памочнік пракурора Рабаў. Народныя засядацелі — Ставорка, Ждановіч і Нічыпор.
Фігурантаў справы абвінавачваюць агулам па 15 артыкулах Крымінальнага кодэкса. Апроч усяго, ім ставіцца ў віну удзел у злачыннай арганізацыі, замах на захоп улады, захоўванне зброі, якую незаконна прывезлі ў Беларусь з Украіны, а таксама падрыў аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Гродне і аўтамабіля і жылога дома міліцыянта ў Ваўкавыску. На лаве падсудных акрамя Аўтуховіча знаходзяцца людзі, якія нібыта ўступілі з ім у змову і дапамагалі яму. Сам Аўтуховіч на судзе неаднаразова заяўляў, што не разумее, чаму іх утрымліваюць у няволі, бо яны невінаватыя, а пра свае планы ён нікому не гаварыў. Ад пачатку суда Мікалай некалькі разоў пісаў хадайніцтвы, каб іншым фігурантам змянілі меру стрымання на незвязаную з заключэннем пад варту. Але суддзя адхіліў іх.
Пацярпелымі па справе праходзяць некалькі міліцыянтаў, але на суд яны не ходзяць. Сярод пацярпелых — жыхар Ваўкавыска Анатоль Кавалевіч, які хоча атрымаць кампенсацыю «за маральную і матэрыяльную шкоду». Ён парваў сухажылле на назе, калі бег да машыны, бо думаў што гэта гарыць яго аўтамабіль. Пабачыўшы, што гэта машына суседа, ён перагнаў сваю ў іншае месца.
15 чэрвеня ў судзе скончыўся допыт апошняга фігуранта — Мікалая Аўтуховіча. Яго таксама абвінавачваюць у супрацоўніцтве з украінскімі спецслужбамі, але ён гэта адмаўляе. У Мікалая пагоршылася здароўе, у гродзенскай турме яго ўтрымліваюць у камеры з прусакамі.
Цяпер у судзе праглядаюць відэа з папярэдніх допытаў абвінавачаных. Вядома, што паказанні некаторых у судзе адрозніваюцца ад тых, якія яны давалі падчас следства.
Што казалі абвінавачаныя падчас допытаў?
Антона Мельхера вінавацяць толькі па "карагоднай справе". Ён цалкам прызнаў віну
Першым па справе дапыталі палітзняволенага Антона Мельхера. Яго затрымалі 8 снежня разам з маці паводле арт. 289 Крымінальнага кодэкса. Потым гэты артыкул з яго знялі. Мельхера абвінавачваюць па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел 13 верасня 2020 года ў карагодзе на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава ў Брэсце. Абвінавачаны распавёў, што ў верасні 2020 года вырашыў далучыцца да вялікай колькасці людзей на праезнай частцы дарогі. У тым, што мерапрыемства было несанкцыянаваным, мужчына не быў упэўнены. Антон цалкам прызнаў сваю віну і заявіў, што шкадуе аб учыненым злачынстве. Таксама ён паведаміў, што кампенсаваў шкоду пацярпелым і прынёс ім свае прабачэнні.
Пракурор звярнуў увагу, што ў Антона Мельхера ёсць нейкі сябар, які меў адміністрацыйныя парушэнні ў 2018 годзе, паведамляе «Наша Ніва». І папрасіў далучыць гэтую інфармацыю да справы. Адвакаты выступілі супраць, бо гэта не мае дачынення да працэсу. Але суддзя прыслухаўся да пракурораў і далучыў да справы інфармацыю пра сябра Антона».
Павел Сава адмовіўся даваць паказанні
47-гадоваму Паўлу Саву інкрымінуюць два артыкулы Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі) і ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму, здзейснены групай асобаў). На судзе абвінавачаны адмовіўся даваць паказанні, таму зачыталі тыя, якія Сава даваў падчас следства. Тады ён прызнаўся ва ўчыненых злачынствах і распавёў пра тое, як яны планаваліся. З паказанняў Савы вынікае, што падчас чарговай сустрэчы Мікалай прапанаваў дапамагчы яму ў адной справе, на што Павел пагадзіўся.
Паводле следства, 1 кастрычніка 2020 года з выкарыстаннем запальнай сумесі Аўтуховіч і Сава падпалілі два аўтамабілі ў Ваўкавыску, якія належаць супрацоўнікам міліцыі, а таксама аднапавярховы жылы дом у Ваўкавыску, які належыць супрацоўніку АУС Ваўкавыскага райвыканкама. У абвінавачванні таксама прагучала, што Сава разам з Аўтуховічам планавалі здзяйсненне тэрарыстычных актаў; здрадзілі дзяржаве, аказваючы дапамогу Украіне ў правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі; набывалі ва Украіне агнястрэльную зброю, боепрыпасы, выбуховыя рэчывы, выбуховыя прылады, піратэхнічныя вырабы, ваенную амуніцыю і іншыя прадметы, якія маглі быць выкарыстаны ў тэрарыстычнай дзейнасці; незаконна іх дастаўлялі ў Беларусь; рабілі сховы гэтага ўзбраення на тэрыторыі Беларусі.
Даючы паказанні, Сава блытаўся і не мог дакладна сказаць, якое імя ў Галіны Дзербыш, дзе яна жыве, піша «Радыё Свабода». Паміж дзвюма клеткамі з абвінавачанымі некаторы час была ўсталяваная металічная перагародка. Таму людзі з адной клеткі не маглі бачыць людзей у іншай. Дзербыш прасіла, каб ёй паказалі Саву, што за чалавек яе агаворвае, чаму ў іх не было вочнай стаўкі. У гэтым адмовілі. Аднак 26 траўня перагародку прыбралі.
Абвінавачаны таксама папрасіў прабачэння ў людзей «па той бок перагародкі», паведаміў, што яны не заслугоўваюць таго, каб там знаходзіцца і ён зычыць ім апынуцца на волі. А потым, як піша «Наша Ніва», сказаў дзіўную фразу: «Я разумею, што не дажыву да канца прысуду».
Пенсіянерка Галіна Дзербыш нібыта "садзейнічала Аўтуховічу"
Наступнай дапыталі 60-гадовую пенсіянерку Галіну Дзербыш з аграгарадка Абухава. Яна мае інваліднасць другой групы, у яе анкалагічнае захворванне і праблемы з сэрцам. Дзербыш абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі); ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму, здзейснены групай асобаў); ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам). Віну Галіна не прызнала.
Згодна з матэрыяламі следства, абвінавачаная садзейнічала Аўтуховічу: здавала памяшканне для пражывання фігурантам справы перад і пасля здзяйснення рыхтаваных злачынстваў, для захоўвання агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, выбуховых прылад.
Падчас допыту Галіна Дзербыш распавяла, што сярод усіх абвінавачаных была асабіста знаёмая да затрымання толькі з Мікалаем Аўтуховічам. Па яе словах, яны пазнаёміліся ў адной з сацыяльных сетак, часам перапісваліся. Упершыню ўбачыліся 19 лістапада 2020 года, калі Аўтуховіч патэлефанаваў і папрасіў пусціць пераначаваць. Дербыш дазволіла, але не ўдакладняла з кім ён прыедзе. Яна сустрэла Аўтуховіча на сваім аўтамабілі недалёка ад свайго пасёлка. Але мужчына прыехаў не адзін — з ім былі яшчэ двое незнаёмцаў. Галіна размясціла іх на начлег у бацькоўскім доме. Пасля здзейсненага злачынства, як перадае «Гродзенская праўда», госці прыехалі дадому да самой Дзербыш. Падчас допыту абвінавачаная заявіла, што не ведала і нават не здагадвалася аб тым, што яны рабілі ўначы. Аб выбуху аўтамабіля ў Гродне яна даведалася на наступны дзень ад дачкі. Таксама палітзняволеная на судзе не была ўпэўненая, што менавіта Сава прысутнічаў у тую ноч у яе дома.
Акрамя гэтага, Дзербыш на судзе распавяла пра ціск: падчас следства ёй увесь час пагражалі і прымушалі агаворваць сябе. Яна неаднаразова пісала скаргі ў пракуратуру, але не атрымала ніводнага адказу. Акрамя гэтага, яе змяшчалі ў карцар тэрмінам на 10 сутак, там не давалі неабходных лекаў, таму яна некалькі разоў траціла прытомнасць. Цягам 15 месяцаў жанчыну ўтрымлівалі ў адзіночнай камеры. Больш за чатыры месяцы жанчына атрымлівае лісты толькі ад сваякоў. Праз тое, што яе ўключылі ў спіс тэрарыстаў, пасылкі і бандэролі, якія ёй дасылаюць неабыякавыя людзі, вяртаюць з пазнакай «адмова».
Святар Сяргей Рэзановіч адмовіўся ад дачы паказанняў
Далей перайшлі да допыту святара і настаяцеля царквы ў аграгарадку Сцяпанкі Жабінкаўскага раёну Сяргея Рэзановіча. Яго абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэкса (удзел у злачыннай арганізацыі), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 Крымінальнага кодэкса (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 295 Крымінальнага кодэкса (незаконныя дзеянні ў дачыненні прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў, учыненыя групай асоб). Падчас допыту Рэзановіч прызнаў сябе вінаватым толькі ў захоўванні зброі.
Суду Сяргей распавёў, што з Аўтуховічам яны знаёмыя шмат гадоў. Аўтуховіч раней неаднаразова прыязджаў да Рэзановічаў у Брэст і заставаўся ў іх на некалькі дзён. Летам 2020 года Аўтуховіч са знаёмым спыніліся ў Рэзановічаў на тыдзень. Наступны раз ужо ў лістападзе 2020 года Мікалай прыехаў да іх са сваёй маці і Ірынай Гарачкінай, якая таксама з’яўляецца фігуранткай справы. У адзін з дзён Сяргей убачыў, што Аўтуховіч захоўвае ў скрынях патроны, гранаты, трацілавыя шашкі, дэтанатары, камізэлькі і рацыі. Акрамя таго, па словах абвінавачанага, Аўтуховіч паказваў яму ствол аўтамата. Але ён напужаўся і нікому пра гэта не распавёў.
У судзе зачыталі яго паказанні, якія ён даваў падчас следства. Вытрымкі з іх апублікавала «Гродзенская праўда»:
«...У адзін з дзён у лістападзе Аўтуховіч распавёў, што ў складзе нейкай групы плануе захапіць адміністрацыйны будынак, каб пасля змяніць дзяржаўны сцяг на БЧБ-сцяг.
Таксама ён паведамляў аб планах і падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту па ліквідацыі прэзідэнта Беларусі. Што з мэтай звяржэння дзеючай улады неабходна здзейсніць падрыў борта самалёта №1 падчас узлёту або пасадкі. Для гэтай мэты трэба выкарыстоўваць ракету, як я зразумеў, ручной гранатамёт. Ён растлумачыў, што для гэтага патрэбен спецыяльна навучаны чалавек, які ўмее карыстацца падобнай зброяй. Таксама Аўтуховіч распавёў, што ракета каштуе дорага, але нейкі прадстаўнік з Амерыкі паабяцаў фінансавую дапамогу…».
Пасля гэтага Рэзановіч адмовіўся адказваць на пытанні пракурора. Вядома, што ў Рэзановіча абвастрыліся праблемы са здароўем падчас суда. Ён хварэе на цукровы дыябет. У дзень, калі ў судзе перайшлі да допыту Сяргея, ён стаў адчуваць сябе вельмі дрэнна, таму перапынак у судзе абвесцілі раней, чым звычайна — у 16:00. Цягам тыдня Сяргей скардзіўся на дрэннае самаадчуванне і не мог нават даваць паказанні.
Ірына Гарачкіна: "Аўтуховіч для мяне вельмі дарагі чалавек"
Ірыне Гарачкінай ставіцца ў віну ч. 3 арт. 295 Крымінальнага кодэкса (незаконныя дзеянні ў дачыненні прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў) і ч. 1 арт. 405 Крымінальнага кодэкса (пакрыванне цяжкага злачынства). Яна прызнала віну цалкам.
Ірына з Мікалаем пазнаёміліся ў 2014 годзе. Па яе словах, адносіны паміж ёй і Аўтуховічам былі рамантычныя, а ён для яе «вельмі дарагі чалавек». У лістападзе 2020 года Ірына разам з Мікалаем прыехалі ў Брэст да Рэзановічаў для адпачынку. У адзін з дзён яна ўбачыла, што ў яго захоўваецца зброя, у прыватнасці прадмет, падобны на гранату, і пісталет у кабуры. На пытанне Гарачкінай пра тое, што гэта, Аўтуховіч адказаў толькі, што яго «жывым не возьмуць».
Калі жанчына даведалася пра затрыманне Мікалая, яна склала тэхніку Аўтуховіча ў заплечнік і перадала Любові Рэзановіч, каб тая яго схавала. Калі пачаўся ператрус у хаце яна не расказала сілавікам пра зброю, каб абараніць Аўтуховіча. Ірына на судзе гэта пракаментавала так: «Бо гэта дарагі мне чалавек».
Любоў Рэзановіч выбачылася перад мужам на судзе, а віну сваю не прызнала
Палітзняволеную Любоў Рэзановіч, якую ад пачатку судовага працэсу ўтрымліваюць у камеры-«стакане», абвінавачваюць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі), ч. 1. арт. 14 ч. 2 арт. 357 (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 13 ч. 3 арт. 289 (замах на акт тэрарызму), ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, учыненыя арганізаванай групай). Віну ў прад’яўленным абвінавачванні жанчына не прызнае.
За кратамі Любоў знаходзіцца разам з мужам Сяргеем і малодшым сынам Паўлам. Старэйшы іх сын Арцём з дзяцінства мае інваліднасць — ён недзеяздольны.
Згодна са следствам, Рэзановіч дапамагала Аўтуховічу збіраць інфармацыю пра супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Апроч гэтага, жанчына пусціла да сябе пажыць Аўтуховіча з астатнімі фігурантамі справы, якія ў яе доме захоўвалі зброю.
На судзе Любоў выбачылася перад сваім мужам Сяргеем Рэзановічам, бо лічыць сябе вінаватай у тым, што ён цяпер знаходзіцца на лаве падсудных.
Допыт Любові доўжыўся два дні. Падчас дачы паказанняў яна распавяла, што з Аўтуховічам яны знаёмыя даўно. Сям’я Рэзановічаў звярталася да Мікалая, калі ў іх былі праблемы з бізнэсам. Потым Аўтуховіч часта да іх прыязджаў.
У дзень, калі Мікалая затрымалі разам з яе мужам, даведаўшыся пра гэта, Любоў аднесла тэхніку і рэчы Аўтуховіча ў лес і схавала іх. Пазней, калі ў хаце пачаўся ператрус, яна паведаміла следчаму пра гэта. Але, па словах Любові, пра зброю ў заплечніку яна даведалася толькі, калі яго адкрылі пры панятых.
Таксама на судзе жанчына пракаментавала абвінавачванне ў частцы збору інфармацыі пра сілавікоў:
«Нават калі б мне прапанавалі мільён даляраў, я б гэтым не займалася. Я паважаю супрацоўнікаў міліцыі, яны не раз дапамагалі нашай сям'і, калі сын Арцём — інвалід з дзяцінства — самавольна ад'язджаў з дому ў невядомым кірунку. Супрацоўнікі праваахоўных органаў дапамагалі нам знайсці сына і вярнуць дадому».
На судзе жанчыне вельмі цяжка знаходзіцца ў «стакане», бо там мала месца. Любоў часта звяртаецца па медыцынскую дапамогу. За тое, што Аўтуховіч на першым пасяджэнні патрабаваў выклікаць для яе лекараў, суд выдаліў яго з залы суда.
"На нашым рынку ёсць курткі", — на судзе зачыталі перапіску Ірыны Мельхер з Аўтуховічам
Індывідуальную прадпрымальніцу і пенсіянерку Ірыну Мельхер абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 289 КК (падрыхтоўка да акту тэрарызму, зробленая групай асобаў), ч. 2 арт. 285 КК (удзел у злачыннай арганізацыі ў любой іншай форме), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 КК (замах на захоп улады неканстытуцыйным шляхам), а таксама па ч. 1 арт. 342 КК (Удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел 13 верасня 2020 года ў карагодзе на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава ў Брэсце. Дакладна вядома, што Мельхер прызнала віну толькі ва ўдзеле ў карагодзе.
Па паказаннях Ірыны, з Мікалаем яны пазнаёміліся прыблізна 15 гадоў таму, дзякуючы сям’і Рэзановічаў. Звычайны яны сустракаліся дома ў Сяргея і Любові, але аднойчы Аўтуховіч прыехаў дадому да Мельхераў. Калі Мікалай сабраўся сыходзіць, Ірына папрасіла сына правесці яго. Антон тады вярнуўся толькі раніцай, але дзе ён быў усю ноч, жанчына не ведае. Таксама яна паведамілі, што летам 2020 года Мікалай папрасіў яе аформіць на сябе сім-карту. Але чаму ён не мог зрабіць гэта сам, яна не ўдакладняла. Мікалай карыстаўся гэтай сім-картай да затрымання і папрасіў аформіць на сваё імя яшчэ адну, але яны не паспелі гэта зрабіць.
На судзе часта ўзгадваецца вячэра ў доме Рэзановічаў, падчас якой абвінавачаныя нібыта абмяркоўвалі «палітычныя тэмы» і «змову або захоп улады неканстытуцыйным шляхам». Але ўсе, хто прысутнічалі пры гэтым, сцвярджаюць, што гэта была звычайная гутарка. Па словах Мельхер, удзельнікі гутаркі размаўлялі на розныя тэмы, абмяркоўвалі рэцэпты страваў, агульных знаёмых. Што тычыцца палітыкі, то Ірына Мельхер прызналася, што неаднаразова ўдзельнічала ў пратэсных акцыях у Брэсце, і падзялілася гэтым фактам з удзельнікамі вячэры.
Акрамя гэтага, пракурорка на судзе прачытала вытрымкі з іх перапіскі. «На нашым Р ёсць К», — так гучыць адно з паведамленняў, якое адправіла Ірына Мікалаю. На просьбу следчага растлумачыць значэнне гэтай фразы яна растлумачыла, што гэта значыць «на нашым рынку ёсць курткі».
У адказ на гэта Мікалай напісаў Ірыне пра тое, што сім-карты, якія прадаюць без пашпарту, праслухоўваюцца. Але, па словах Ірыны, ён проста не так яе зразумеў.
16 чэрвеня на пасяджэнні пракурорка хадайнічала аб абвяшчэнні пратакола папярэдніх паказанняў Ірыны Мельхер. Вядома, што Ірына назвала пытанні следчага пра тэрарызм супраць сілавікоў з яе боку трызненнем, на астатнія пытанні адмовілася адказваць. «СБ. Беларусь сегодня» пракаментавалі відэадопыт жанчыны:
«Падчас роліка ёй тлумачаць яе правы і абавязкі, затым яна доўга чытае тэкст пратаколу, скардзячыся на 40-градусную спякоту.
"Знаходжуся ў такіх умовах, што не магу ўспомніць сваё імя", — кажа дама».
На судзе Аўтуховіч спытаў у Мельхер, ці скардзілася яна на ўмовы ўтрымання адміністрацыі СІЗА. Мельхер распавяла аб невыносных умовах утрымання, а таксама выказала асцярогу, што ёй своечасова могуць не аказаць медыцынскую дапамогу, цытуюць прапагандысты.
Снягур распавёў суду, як дапамог Аўтуховічу незаконна трапіць ва Украіну
Віктару Снягуру інкрымінуюць чатыры крымінальныя артыкулы: ч. 2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі ў любой іншай форме), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 (замах на захоп улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, учыненыя арганізаванай групай), ч. 3 арт. 333-1 (незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕАЭС і дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі, камплекты боепрыпасаў да яго, выбуховых рэчываў, выбуховых прылад). Віну мужчына прызнаў часткова.
Паводле следства, Віктар Снягур, з'яўляючыся жыхаром памежнага з Украінай мястэчка, дапамагаў у незаконным перасячэнні беларуска-украінскай мяжы. Абвінавачаны арганізаваў у лістападзе 2020 года «незаконныя калідоры» Мікалаю Аўтуховічу і Артуру Папку. Акрамя таго, разам з імі ажыццяўляў дастаўку ў Беларусь зброі, набытай ва Украіне.
Падчас допыту Снягур распавёў, што нарадзіўся ва Украіне, аднак у дзяцінстве разам з бацькамі пераехаў у Беларусь, дзе ўвесь час і пражываў. Пасля службы ў арміі пачаў цікавіцца зброяй, стральбой. У 2014 годзе быў асуджаны і два гады знаходзіўся ў месцах пазбаўлення волі.
З усіх абвінавачаных знаёмы ён быў толькі з Мікалаем Аўтуховічам. Пра яго дзейнасць амаль нічога не ведаў. Віктар таксама распавёў, што яму, як і Мікалаю, не падабалася дзейная ўлада. Акрамя гэтага, ён «ставіўся з падазрэннем і з асцярогай да цесных стасункаў з Расіяй», бо «зыходзячы з гісторыі, Расея заўсёды была ворагам для Беларусі».
Сустрэча, падчас якой Аўтуховіч папрасіў Віктара дапамагчы яму нелегальна трапіць ва Украіну, адбылася ў лістападзе 2020 года. Снягур пагадзіўся дапамагчы Мікалаю. Яны дамовіліся, што Аўтуховіч прыедзе да вёскі, побач з якой пражываў Снягур. Але яго не папярэдзілі, што Мікалай будзе не адзін, а з Артурам Папком.
Мяжу пераходзілі ў лесе, а на тым баку іх сустрэлі. Таксама была дамова, што па вяртанню іх таксама сустрэне Снягур. З якой мэтай Аўтуховіч са сваім знаёмым перасякалі мяжу, Віктар не ведаў. Ён запытваў праз паведамленні ў Мікалая, на што той адказаў: «Усё нармальна, збіраем "металалом"». Віктар падумаў, што размова пра зброю, але быў упэўнены, што з ёй праз мяжу яны вяртацца не будуць. Пасля вяртання абвінавачаны павёў Мікалая з Артурам да сябе, а пазней адвёз да вёскі, у якой яны сустрэліся.
Як адзначылі ў «СБ. Беларусь сегодня», пры затрыманні дома ў Снягура знайшлі шмат «сумнеўнай» літаратуры і сімволікі, а таксама незарэгістраваная паляўнічая стрэльба.
Вольга Маёрава падчас дачы паказанняў: "Галоўная мэта была – данесці сваю палітычную пазіцыю"
Палітзняволеную актывістку Вольгу Маёраву судзяць паводле ч. 2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі ў любой іншай форме), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці ці варажнечы, здзейсненае групай асоб), ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, учыненыя арганізаванай групай). На судзе яна заявіла, што вінаватай сябе не лічыць ні па ніводным артыкуле.
Згодна з абвінавачваннем, палітзняволеная па ўказанні Аўтуховіча збірала і распаўсюджвала інфармацыю пра супрацоўнікаў праваахоўных органаў, займалася адміністраваннем тэлеграм-канала «ДаВолі!», пісала, рэдагавала і размяшчала там тэкставыя заклікі пра захоп улады.
Вядома, што на судзе Вольга размаўляе па-беларуску, але часам паўтарае на рускай мове, каб яе разумелі пракуроры і іншыя прысутныя на працэсе, паведамляе «Наша Ніва».
Акрамя гэтага, Маёрава адразу заявіла адвод пракурорам:
«Я так разумею, што мой лёс не вырашае ані вы, суддзя, ані пракуроры, а вырашае нехта над вамі.
Абвінавачаная абурылася, што ў прапагандысцкім фільме «Тротил протеста» былі паказаныя яе фотаздымкі і нават былі фрагменты паказанняў, якія Вольга давала падчас следства.
«Я была адным са шматлiкiх адміністратараў тэлеграм-канала «Да волі!». І я ганаруся тым, што прыдумала назву для канала. Лічу, што яна адпавядае нашым мэтам. Для мяне гэта было цікава, бо з’явілася яшчэ адна пляцоўка, акрамя Фэйсбука, дзе я магла выказваць свае думкі. Галоўная мэта была – данесці сваю палітычную пазіцыю», — пракаментавала Маёрава адміністраванне тэлеграм-канала «ДаВолі!».
Паводле яе паказанняў, падчас сустрэчы ў лістападзе 2020 года Аўтуховіч паказаў ёй кабуру з пісталетам, але яе гэта не здзівіла, бо «спакойна ставіцца да наяўнасці асабістай зброі ў грамадзян». Таксама вядома, што пасля прапановы Мікалая, яна паспрабавала з яго стрэліць. Але, па словах палітзняволенай, гэта было «дзеля забавы, а пісталет быў лёгкім, нібы цацачны». Вольга адмаўляе змову з Аўтуховічам.
"Вадзілі і білі маці, і я чуў яе крыкі", — Павел Рэзановіч пра тое, як яго прымушалі падпісваць надуманыя паказанні
Малодшаму сыну Сяргея і Любові Рэзановічаў — Паўлу — выставілі абвінавачванні па чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 285 (стварэнне злачыннай арганізацыі або ўдзел у ёй, здзейсненыя службовай асобай), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 (замах на змову з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 289 (падрыхтоўка да акту тэрарызму, здзейсненая арганізаванай групай), ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі і выбуховых рэчываў, здзейсненыя арганізаванай групай). Віну палітвязень не прызнае.
Павел працаваў у аддзеле прымусовага выканання Ленінскага раёна г. Брэста. Паводле следства, Павел, выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы, атрымліваў з інфармацыйных рэсурсаў МУС Беларусі звесткі, неабходныя для ажыццяўлення злачыннай дзейнасці. Ён «перадаваў Аўтуховічу асабістыя дадзеныя супрацоўнікаў праваахоўных органаў і ажыццяўляў падрыхтоўку і правядзенне актаў тэрарызму ў дачыненні да іх на тэрыторыі Беларусі». Пры гэтым у абвінавачанні прагучала, што ў справе аб зліве фігуруюць таксама «1300 неўстаноўленых асоб».
Ад дачы паказанняў Разановіч адмовіўся і папрасіў агучыць яго паказанні падчас следства. Па словах хлопца, пра дзейнасць Аўтуховіча ён нічога не ведаў. Знаёмыя яны даўно, а калі Мікалай прыязджаў да бацькоў Паўла, то размаўлялі яны на бытавыя тэмы. Аднойчы Аўтуховіч папрасіў Паўла знайсці адрасы яго знаёмых, з якімі служыў. Той пагадзіўся дапамагчы. Па яго словах, Аўтуховіч не прасіў шукаць адрасы людзей з Гродна або Ваўкавыска. Толькі за дзень да затрымання Мікалай звярнуўся да хлопца, каб той даведаўся, на якой машыне ездзіць чалавек з прозвішчам Самасюк. Павел праз інтэрнэт даведаўся, што гэта супрацоўнік Ленінскага РАУСа Гродна і хацеў запытаць пры сустрэчы, навошта яму гэтая інфармацыя. Але не паспеў — на наступны дзень Паўла разам з жонкай затрымалі.
У матэрыялах справы ўзгадваецца пра тое, што Аўтуховіч прымушаў фігурантаў справы падпісвацца на тэлеграм-канал «ДаВолі!». Гэта пацвердзіла і Любоў Рэзановіч. Па яе словах, Мікалай сам іх з Сяргеем і падпісаў. Павел на судзе распавёў, што праз месяц пасля прапановы Мікалая сам падпісаўся на канал, але праз тое, што пасты былі на палітычныя тэмы і па-беларуску, ён ад яго адпісаўся.
На судзе заслухалі тэлефонную размову, падчас якой Аўтуховіч прапанаваў Паўлу падпісацца на канал, бо там у адпаведны час «будуць апублікаваныя інструкцыі»:
«Менавіта дэзінфекцыю праводзіць сярод вертыкалі ўлады, і рабіць так, каб ні мянты, ні суддзі, ніхто не парушаў Канстытуцыю. А калі гэтыя 10-20 выпадкаў па ўсёй Беларусі пройдуць, калі пагараць машыны, дачы, дамы, калі некаторым прастрэляць каленкі за іх нахабства, яны будуць ведаць, што жартаваць не трэба. І яны ўжо прывыкнуць, што да іх будуць стукацца і казаць: "Ну што, прыехалі". Калі мы будзем ездзіць па Беларусі ўжо калонамі са зброяй, тады нас ніхто чапаць не будзе. Вось гэта ўжо блізка будзе да таго, што мы ідзем на рэвалюцыю.
... Добра, дружа, падпісвайся на канал і рассылай усім, хто ў цябе ў кантактах. Хлопцы, падпісвайцеся на канал, у час «Х» там будуць размешчаны інструкцыі і інфармацыя. Таму пакуль чытайце, а наогул будзьце гатовыя, каб выкарыстоўваць гэтую інфармацыю», — цытуе «Гродзенская праўда.
Рэзановіч на гэта ў судзе адказаў, што не ведаў, пра што казаў тады Аўтуховіч.
Падчас следства Павел узгадваў, што ў адзін з дзён, калі Мікалай быў у доме Рэзановічаў, ён паказаў хлопцу відэа з падпаленым аўтамабілем. Павел запытаў чаму Аўтуховіч ухмыляецца. Мікалай адказаў, што гэта зрабіў ён. Але на судзе абвінавачаны заявіў, што моманту відэа на самай справе не было.
Як паведамляе «Радыё Свабода», даючы паказанні, Павел заявіў, што супраць яго ўжываліся фізічныя і псіхалагічныя катаванні для таго, каб ён падпісаў загадзя падрыхтаваныя паказанні. Рэзановіч нават назваў прозвішчы людзей, адказных за катаванні — гэта следчы КДБ з Брэста Цярошын, а таксама начальнік следчага аддзелу гродзенскага КДБ Варанецкі. Як сцвярджаў палітвязень, Цярошын прыйшоў да яго з падрыхтаваным «сцэнарам» на чатыры аркушы, які Павал павінен быў падпісаць. Што тычыцца Варанецкага, то той палохаў абвінавачанага карцарам, а таксама суддзямі, якія пакараюць Рэзановіча па максімуме. Суддзя спытаў у Рэзановіча, як ён, чалавек з юрыдычнай адукацыяй, мог такое падпісаць. Адказ быў наступны: «Супрацоўнікі КДБ палохалі мяне арыштам жонкі, а па калідоры ў той час вадзілі і білі маці, і я чуў яе крыкі. У такіх умовах падпішаш і не такое».
Уладзімір Гундар на першым пасяджэнні заспяваў гімн БНР
Актывіста і краязнаўцу з Баранавічаў Уладзіміра Гундара, які мае інваліднасць другой групы, абвінавачваюць па ч. 1 арт. 285 КК (стварэнне злачыннай арганізацыі) і ч. 2 арт. 357 КК (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам). Сваю віну палітвязень не прызнае.Паказанні палітвязень даваць адмовіўся і заявіў, што будзе адказваць на пытанні толькі сваёй адвакаткі. Падчас працэсу ён распавёў пра збіванне падчас затрымання:
«Да мяне ў кватэру прыйшлі супрацоўнікі КДБ, якія адразу паставіліся да мяне як да тэрарысту, патрабавалі прызнання ў злачынствах. Потым мяне білі людзі ў цывільным. Пасля кожнага адмоўнага адказу на патрабаванне прызнаць сябе паслядоўнікам і саўдзельнікам Аўтуховіча мяне білі па галаве. Пастаянна пыталіся: "Навошта табе марнаваць час, рызыкаваць жыццём сваёй сям'і за нейкага Аўтуховіча, які ўжо даўно дае паказанні?"»
Таксама ён выступіў з прамовай:
«Даваць паказанні і адказваць на пытанні не буду. Лічу сябе годным нашчадкам сваіх продкаў, годным грамадзянінам сваёй краіны. Хачу расказаць, як мяне залічылі да тэрарыстаў і здраднікаў Радзімы. Нарадзіўся ў 1960 годзе на прадзедавым хутары Дзядкі на захопленай расійскімі акупантамі зямлі. Аб праўдзе і свабодзе даведаўся ад сваёй бабулі Марыі, якая распавяла, як акупанты забівалі маіх дзядоў і прадзедаў. Праз 80 гадоў іх журботнай дарогай іду і я, толькі для таго, каб мае дзеці і ўнукі жылі ў свабоднай дэмакратычнай краіне».
З паказанняў Сяргея Рэзановіча, якія агучылі на судзе, стала вядома, што нібыта Аўтуховіч з Гундарам планавалі правезці праз украінскую мяжу гранатамёт і баявыя ракеты з ЗША з мэтай збіць самалёт Лукашэнкі, піша «Радыё Свабода». На гэтым частка прысутных на судзе пачала смяяцца. Ва Уладзіміра Гундара, які нібыта і быў адказны за перавозку ў Беларусь зброі, няма адной нагі. Да клеткі ён даходзіць на мыліцах, якія потым забіраюць. Гундару цяжка нават устаць з месца, калі да яго звяртаецца суддзя.
«Наша Ніва» даведалася, што з першага судовага пасяджэння Гундара выдалілі за тое, што ён каментаваў працэс, а пасля перапынку адразу пачаў спяваць гімн Беларускай Народнай Рэспублікі: «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Суддзя тады ўважліва даслухаў — і загадаў, каб Гундара вывелі. Вядома, што Гундар размаўляе ў судзе на беларускай мове. Па запыту пракурораў на наступны дзень Уладзіміра вярнулі на суд.
Аўтуховіч настойвае на невінаватасці іншых фігурантаў справы і адмаўляе супрацоўніцтва са спецслужбамі Украіны
Мікалая Аўтуховіча абвінавачваюць па 12 артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 285 Крымінальнага кодэкса (стварэнне злачыннай арганізацыі і ўдзел у ёй); ч. 2 арт. 357 Крымінальнага кодэкса (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам); ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве); ч. 3 арт.130 Крымінальнага кодэкса (распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы); ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь); ч. 1 арт. 290-2 Крымінальнага кодэкса (замах на ўцягванне ў тэрарыстычную дзейнасць); ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму і падрыхтоўка да яго); ч. 4 арт. 295 Крымінальнага кодэкса (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, у тым ліку падрыхтоўка да такіх дзеянняў); ч. 3 арт. 333-1 Крымінальнага кодэкса (незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕАЭС і дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі, камплекты боепрыпасаў да яго, выбуховых рэчываў, выбуховых прылад); ч.1 арт. 295-3 Крымінальнага кодэкса (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў). Ён цалкам не прызнае сваю віну.
У віну Мікалаю ставіцца тое, што ён у лістападзе 2020 года набыў ва Украіне зброю, якая потым была дастаўлена да мяжы і перамешчана па незаконнаму калідоры ў Лельчыцкім раёне. Пасля яе нейкі час хавалі ў Віктара Снегура. Пазней яе перавезлі ў суседнюю вёску, потым — ўглыб краіны. Частку зброю Мікалай нібыта захоўваў пры сабе, частку схаваў у тайніку ў Мінскім раёне. Месца, дзе яна было закапана, Аўтуховіч пазначыў і зафіксаваў на тэлефон. Пазней, паводле звестак следства, частку зброі і патронаў ён перавёз у Крупскі раён і перадаў Вользе Маёравай.
19 лістапада, згодна са следствам, Аўтуховіч вырабіў выбуховую прыладу і ноччу разам з саўдзельнікамі здзейсніў падрыў аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Гродне, а таксама здзейсніў падрыў аўтамабіля і дома супрацоўніка праваахоўных органаў у Ваўкавыску.
Падчас суда Аўтуховіч выказаўся пра абвінавачванне і неаднаразова заяўляў, што астатнія фігуранты справы — невінаватыя:
«Цалкам віну не прызнаю. Так, згодны, што нейкая частка праўды ёсць, аднак яна не тычыцца тых людзей, якія сядзяць разам са мной у гэтай зале суда. Яны вінаватыя толькі ў тым, што былі са мной знаёмыя. Многія моманты следства былі скажоныя. Разумею, што рашэнне па мне ўжо прынята на ўзроўні Лукашэнкі. Зразумела, што ўвесь гэты сцэнар быў спрадзюсаваны КДБ. Але ўсё роўна не разумею, на што разлічвалі следчыя, калі думалі, што ўсе гэтыя 11 чалавек пабаяцца сказаць, як усё было на самай справе».
Ён сцвярджае, што паказанні, якія Рэзановічы далі ў дачыненні да саміх сябе, былі атрыманы пад катаваннямі і моцным псіхалагічным ціскам. Таксама Аўтуховіч адмаўляе супрацоўніцтва са спецслужбамі Украіны і ён упэўнены, што ў матэрыялах справы няма доказаў таго, што ён з імі працаваў.
Мікалай выказаўся і пра адсутнасць доказаў у справе:
«Нідзе няма доказаў таго, што мы хацелі гвалтоўна скінуць гэтую ўладу. У абвінавачванні следчыя кажуць, што я хацеў парушыць грамадскую стабільнасць і запалохаць насельніцтва. Але доказаў таго, што планавалася застрашэнне, няма. Нідзе і ніколі — ні ў перапісцы, ні ў размовах — я гэтага не казаў. Незразумела, адкуль узялося і тое, што мы хацелі запалохваць супрацоўнікаў праваахоўных органаў праз тэлефонныя званкі. Гэта няпраўда».
Акрамя гэтага, ён заявіў пра жудасныя ўмовы ўтрымання ў гродзенскай турме № 1, у якой яго ўтрымлівалі сем месяцаў:
«Пасялілі ў камеру, якая называлася маразільнікам. Нас там было два чалавекі, а на кратах быў лёд. Там я пражыў сем месяцаў, і толькі дзякуючы ўмяшанню адваката мяне перавялі ў лепшыя ўмовы. Я ўжо "плююся лёгкімі"», — цытуе Мікалая «СБ. Беларусь сегодня».
Падчас дачы паказанняў Аўтуховіч распавёў, што планаваў «вывесці» людзей на «самую масавую акцыю пратэсту, з якой людзі не сыдуць да перамогі»:
«План быў вельмі просты. Вывесці людзей у адпаведнае месца праз інфармацыйны канал, растлумачыць ім, што трэба рабіць. Кожны ўдзельнік гэтай акцыі павінен быў ведаць, для чаго ён туды ідзе. Забяспечыць такую акцыю маглі толькі добра падрыхтаваныя аргкамітэты. Гэта быў бы беларускі Майдан».
Ён працягнуў тлумачыць падрабязнасці свайго плана, але спыніўся, бо план яшчэ можа спрацаваць:
«План "Плошча" прадугледжваў выразную арганізацыю і размеркаванне роляў. На кожным мерапрыемстве павінны былі знаходзіцца людзі, якія адказваюць за свае ўчасткі, з груп былых вайскоўцаў і супрацоўнікаў МУС. Усё было па навуцы. Я і мае паплечнікі валодалі інфармацыяй пра адстаўных супрацоўнікаў сілавых структур. Падрабязнасці я агучваць не буду, ён яшчэ можа спрацаваць».
Таксама на судзе ўзгадалі і пра яшчэ адзін план — «Народны трыбунал», які прадугледжваў «меры ўплыву» на тых супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія правініліся.
Мікалай у паказаннях выказаўся пра дзеянні ўлады і дадаў:
«Такія моманты непазбежна прывядуць да абставін – калі павінна будзе праліцца кроў. У нашы намеры ўваходзіла менавіта прадухіленне гэтага кровапраліцця... Калі мы кажам: «Давайце супраціўляцца злу!» – гэта не злачынства.
Я не здзяйсняў злачынства, я шукаў праўду».
Вядома, што ў Мікалая Аўтуховіча абвастрыліся праблемы са спіной, і ён увесь час адчувае моцны боль. Гэта звязана з клеткай-«стаканам», у якой яго штодзённа ўтрымліваюць ужо месяц. У «стакане» амаль няма месца, а сядзець можна толькі на вузкай лаўцы. Акрамя гэтага, у справе рабілі перапынак, бо Мікалай захварэў на прастуду праз тое, што ў камеры высокая вільготнасць і вельмі холадна.
Падтрымайце фігурантаў справы лістамі салідарнасці па адрасе:Турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1 Мікалаю Аўтуховічу |
Храналогія суда:
У гродзенскай турме пачаўся суд па справе «групы Аўтуховіча»
«Вясна» распавядае, што вядома пра справу і як праходзіць суд.
Другі дзень суда па «справе Аўтуховіча»: што адбываецца на працэсе
Другі дзень суда па «справе Аўтуховіча»: у судзе пачалі зачытваць абвінавачванне
«Рыхтаваліся захапіць расійскіх вайскоўцаў»: як праходзіць суд па «справе Аўтуховіча»
У Гродне трэці дзень працягваецца разгляд «справы Аўтуховіча».