viasna on patreon

У Мінску сёння пачаўся суд па "справе Nexta"

2023 2023-02-16T11:32:38+0300 2023-02-16T12:24:21+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/nextasud.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мінскі абласны суд 16 лютага пачынае разгляд крымінальнай справы супраць стваральнікаў і рэдактараў праекта Nexta: Сцяпана Пуцілы, Яна Рудзіка і Рамана Пратасевіча. Іх абвінавачваюць па шэрагу крымінальных артыкулаў, а таксама да іх заяўлены пазоў на агульную суму больш за 30 мільёнаў рублёў. Судовы працэс вядзе суддзя Вячаслаў Тулейка. У дачыненні да Пуцілы і Рудзіка праведзена "спецыяльная вытворчасць". Пратасевіч выканаў умовы заключанага з ім дасудовага пагаднення аб супрацоўніцтве ў поўным аб'ёме, таму застаецца пад хатнім арыштам — ён адзіны з абвінавачаных, хто фактычна ўдзельнічае ў судовым працэсе. Раней КДБ унёс Пуцілу і Пратасевіча ў "тэрарыстычны спіс", а Nexta у Беларусі з'яўляецца "тэрарыстычнай арганізацыяй".

Судовы працэс праходзіць у будынку суда Мінскага раёна. Справу разглядае суддзя Мінскага абласнога суда Вячаслаў Тулейка, бок дзяржабвінавачвання падтрымлівае пракурорка Наталля Сакалова.

24-гадовы Сцяпан Пуціла і 29-гадовы Ян Рудзік знаходзяцца за мяжой, таму судзяць іх завочна. Паводле пракуратуры, "у дачыненні да іх завочна абрана мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту". Вядома, што "спецыяльная вытворчасць" супраць іх была распачата 9 снежня, а менш чым праз два тыдні справа была ўжо перададзена Генпракурору для накіравання ў суд.

27-гадовы Раман Пратасевіч, які быў затрыманы 23 траўня 2021 года ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск", цяпер знаходзіцца пад хатнім арыштам. Паводле следства, Пратасевіч "выканаў умовы заключанага з ім дасудовага пагаднення аб супрацоўніцтве ў поўным аб'ёме", таму яму змянілі меру стрымання.

Сцяпана Пуцілу абвінавачваюць паводле 11 артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

  • ч. 3 арт. 130 КК — "Распальванне іншай сацыяльнай варожасці";
  • ч. 1 арт. 290-5 КК — "Арганізацыя дзейнасці арганізацыі, якая ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прызнана тэрарыстычнай";
  • ч. 1 арт. 293 КК — "Арганізацыя масавых беспарадкаў";
  • ч. 3 арт. 293 КК — "Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванне гэтай дзейнасці";
  • ч. 1 арт. 342 КК — "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх";
  • ч. 2 арт. 342 КК — "Іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак";
  • ч. 1 арт. 357 КК — "Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам";
  • ч. 3 арт. 361 КК — "Заклікі да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь";
  • ч. 1 арт. 361-1 КК — "Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім";
  • ч. 2 арт. 361-2 КК — "Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці";
  • ч. 2 арт. 367 КК — "Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь";
  • ч. 2 арт. 368 КК — "Абраза Лукашэнкі";
  • арт. 369-1 КК — "Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь".

Ян Рудзік абвінавачваецца паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

Рамана Пратасевіча вінавацяць паводле сямі крымінальных артыкулаў:

  • ч. 2 арт. 368 КК — "Абраза Лукашэнкі".

Што вядома па справе?

pratasevich098.jpeg
Раман Пратасевіч пасля затрымання. Скрыншот з прапагандысцкага фільма

Паводле дзяржаўных СМІ, абвінавачаным інкрымінуецца здзяйсненне не менш за 1 586 злачынстваў. Раней Генеральная пракуратура паведамляла, што ў дачыненні да абвінавачаных таксама заяўлены пазоў аб пакрыцці маёмаснай шкоды на агульную суму больш за 30 мільёнаў рублёў.

Раман Пратасевіч прызнаў віну ў поўным аб'ёме, а "Сцяпан Пуціла і Ян Рудзік цяпер хаваюцца ад органаў папярэдняга следства за мяжой". 

Пратасевіч,які да лістапада 2020 года з'яўляўся адміністратарам Nexta, а цяпер уключаны ў "тэрарыстычны спіс", знаходзіцца пад хатнім арыштам, таму самастойна прыйшоў на суд. 

Нагадаем, 23 траўня 2021 года ў выніку гвалтоўнай пасадкі беларускімі ўладамі пасажырскага авіялайнера кампаніі Ryanair, які ляцеў па маршруце Афіны-Вільня, у Нацыянальным аэрапорце Мінска Пратасевіч быў затрыманы прадстаўнікамі спецслужб. Разам з ім была затрымана Сафія Сапега, студэнтка Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту. Цяпер палітзняволеная адбывае тэрмін у гомельскай калоніі.

Пасля затрымання Пратасевіча некаторы час утрымлівалі ў СІЗА КДБ. Праз два тыдні ён ужо з'явіўся ў эфіры праграмы "Маркаў. Нічога асабістага" на АНТ. Тады ён пералічыў людзей, якія былі з ім у адным тэлеграм-чаце "Хата", у якім нібыта "прымаліся ўсе асноўныя рашэнні аб тым, дзе пройдзе наступная акцыя, і дзе абмяркоўваліся ўсе актуальныя падзеі". У чэрвені 2021 года ён быў пераведзены пад хатні арышт.

Пасля таго, як яму змянілі меру стрымання і выпусцілі з СІЗА, ён актыўна дае інтэрв'ю дзяржаўным журналістам. У прапагандысцкім фільм "Одно уголовное дело", сцвярджаецца, што Пуціла, Рудзік і Пратасевіч рыхтавалі ў Беларусі "масавыя беспарадкі" і кіравалі беларусамі падчас пратэстаў у 2020 годзе. Пратасевіч у фільме даваў каментары наконт сваёй дзейнасці ў камандзе Nexta і дзяліўся падрабязнасцямі сваёй працы, калі па ўсёй Беларусі праходзілі акцыі пратэсту. Пры гэтым у яго спыталі, ці бачыць ён сваю віну за тое, што здарылася 28 верасня 2021 года, калі загінулі супрацоўнік КДБ і Андрэй Зельцэр у выніку перастрэлкі. Ён адказаў, што "ніхто не думаў, што такое магчыма".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства