Юрыю Зянковічу дадалі яшчэ 2 гады зняволення. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ
Фігурант "справы змоўшчыкаў" Юрый Зянковіч амаль тры з паловай гады ўтрымліваецца ў зняволенні. За гэты час яго ўжо тройчы судзілі паводле крымінальных артыкулаў і перавялі на турэмны рэжым. Апошні раз, у жніўні 2024 года, яго абвінавацілі ў "злосным непадпарадкаванні адміністрацыі турмы" (арт. 411 Крымінальнага кодэкса) і дадалі яшчэ два гады пазбаўлення волі. Паводле "Вясны", у зняволенні на палітвязня ўвесь час аказваецца ціск: яго шмат разоў змяшчалі ў ШІЗА, пазбаўлялі перадач і не дазвалялі "атаварвацца". На знак пратэсту Юрый некалькі разоў трымаў галадоўку. Акрамя гэтага, у палітвязня сур'ёзна пагоршылася здароўе. Некалькі месяцаў таму па невядомых прычынах яго перавялі ў СІЗА КДБ. У верасні ў эфіры БТ выйшаў фільм, у якім моцна схуднелы Зянковіч расказваў пра тое, як у 2021 годзе нібыта хацеў "захапіць уладу". "Вясна" сабрала ўсю вядомую інфармацыю пра пераслед палітзняволенага палітыка і юрыста, а таксама пра стан яго здароўя.
Новыя крымінальныя артыкулы
Юрый Зянковіч — беларускі палітык, амерыканскі юрыст, мае грамадзянства ЗША. Разам з іншымі фігурантамі "справы змоўшчыкаў" яго затрымалі ў красавіку 2021 года. Пасля гэтага КДБ і ФСБ заявілі, што нібыта прадухілілі замах на Лукашэнку і ягоных сыноў, а таксама аб "раскрыцці дзяржаўнага перавароту". Зянковіч — адзіны з пяці абвінавачаных па гэтай справе, хто заключыў здзелку са следствам. Ён цалкам прызнаў сваю віну і не адмаўляў, што з'яўляўся арганізатарам змовы. Таксама ён папрасіў прабачэння ў саўдзельнікаў.
Яго прызналі вінаватым па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці). У верасні 2022 года Юрыю прызначылі 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Праз тры месяцы палітвязня судзілі ўжо па новай крымінальнай справе. Тады Зянковіча абвінавачвалі ў "абразе прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК). Падставай для гэтага сталі "абразлівыя каментары ў тэлеграм-канале, прызнаным экстрэмісцкім”. У снежні 2022 года суд Мядзеля дадаў яму яшчэ паўгода зняволення.
Тэрмін палітвязень спачатку адбываў у бабруйскай калоніі № 2. Адміністрацыя калоніі прымушала палітвязня выносіць вёдры з экскрэментамі і мыць прыбіральню, а калі той адмовіўся — адпраўлялі ў ШІЗА. Палітвязень тады абвяшчаў галадоўку. Пазней Юрыю ўзмацнілі пакаранне і паводле рашэння бабруйскага суда перавялі на турэмны рэжым у Магілёў.
Па інфармацыі праваабаронцаў "Вясны", у магілёўскай турме № 4 яго пазбавілі перадач, таксама яму нельга было мець грошы на рахунку для "атаваркі". Да Юрыя зноў пастаянна чаплялася адміністрацыя і доўгі час утрымлівала яго ў ШІЗА. Праз гэта палітвязень аб'яўляў некалькі разоў галадоўкі. Апроч усяго, ён мог камунікаваць толькі са святаром. Адваката да яго не дапускалі з сакавіка 2024 года.
У жніўні 2024 года ў Магілёве Юрыя асудзілі ўжо па трэцяй крымінальнай справе. Гэтым разам яго абвінавацілі паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі турмы). Суддзя Вікторыя Палякова прызначыла яму яшчэ два гады пазбаўлення волі ў дадатак да 11 гадоў і шасці месяцаў зняволення.
Беларусы на "крытай": як палітвязняў працягваюць пераследаваць у калоніях
Стан здароўя
Паводле "Вясны", з канца лета Юрый знаходзіцца ў СІЗА КДБ у Мінску. Напрыканцы верасня ў эфіры БТ выйшаў фільм палітвязнем. У ім Зянковіч расказваў пра нібыта падрыхтоўку да захопу ўлады ў 2021 годзе. Напрыканцы фільма Зянковіч сказаў, што напісаў прашэнне аб памілаванні і звяртаецца да кандыдатаў у прэзідэнты ЗША з просьбай дапамагчы яму вярнуцца ў Тэхас.
У фільме бачна, як моцна за час зняволення схуднеў Юрый Зянковіч праз нечалавечыя ўмовы ўтрымання ў беларускіх месцах зняволення. Ён вельмі бледны, і мае нездаровы выгляд. Па інфармацыі праваабаронцаў, у Юрыя сур'ёзныя праблемы са здароўем, у тым ліку праблемы з ціскам, праз што трэба пастаянна прымаць лекі. Таксама ў палітвязня анемія і авітаміноз, вялікая страта ў вазе ад знясілення, аблазіць скура праз недахоп вітамінаў.
"Я, напэўна, проста памру тут": хто з палітвязняў знаходзіцца ў асаблівай рызыцы за кратамі