viasna on patreon

Суд па "справе змоўшчыкаў": закрыты допыт укаранёнага сілавіка Дапоўнена

2022 2022-08-16T16:01:45+0300 2022-08-17T06:59:43+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zum-zahop.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мінскі абласны суд з 29 ліпеня ў выязным пасяджэнні працягвае разгляд "справы аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады". На лаве падсудных знаходзяцца палітзняволеныя палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў, супрацоўніца мінскага офісу Зянковіча Вольга Галубовіч, актывіст і дальнабойшчык Дзяніс Краўчук, а таксама юрыст Юры Зянковіч, якія ўтрымліваюцца за кратамі больш за 15 месяцаў. Судовы працэс у адкрытым рэжыме вядзе суддзя Уладзімір Арэшка, дзяржабвінавачванне падтрымлівае Міхаіл Кавалёў. "Вясна" сочыць за судовым працэсам.

Удзельнікі
Удзельнікі "зум-сустэчы"

Як піша Sputnik, 16 жніўня быў дапытаны асноўны сведка па справе падпалкоўнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл Беларусі Іван Жураўскі. Пракурор заявіў хадайніцтва, каб паказанні ўкаранёнага ў шэрагі змоўшчыкаў сілавіка Івана Жураўскага, дапыталі за зачыненымі дзвярыма. Суд, параіўшыся на месцы, прыняў рашэнне слухаць паказанні Жураўскага ў закрытым судовым пасяджэнні. Хадайніцтва пракурора аб закрытай частцы суда падтрымалі астатнія ўдзельнікі працэсу-абвінавачаныя і іх абаронцы. Прэсу і слухачоў выдалілі з залы суда. Як вынікае з матэрыялаў справы, Жураўскі браў удзел у шэрагу зум-канферэнцый змоўшчыкаў. Таксама ён знаходзіўся падчас сустрэчы абвінавачаных Аляксандра Фядуты, Юрыя Зянковіча ў маскоўскім рэстаране "Тарас Бульба", пасля якой іх затрымалі.

У судзе ўжо дапытана пераважная колькасць сведак, адзіны, хто не з'явіўся ў суд, а накіраваў апавяшчэнне – супрацоўнік МНС, які пазнаёміў Зянковіча з сілавіком Жураўскім. Допыт ключавога сведкі ў судзе па справе аб дзяржперавароце доўжыўся амаль дзве гадзіны. Выйшаўшы з залы суда, Жураўскі адмовіўся ад каментароў для СМІ. Пытанні сведку ў асноўным задавалі абвінавачаныя і іх абаронцы.

Пасля таго, як сведка пакінуў залу, суд працягнуўся ў адкрытым фармаце.


Абвінавачаныя ў судзе ўжо далі паказанні і выказалі сваё стаўленне да прад'яўленага абвінавачання. Таксама ў судзе былі дапытаныя практычна ўсе сведкі. Сярод сведак, якія давалі паказанні ў судзе, як мінімум трое знаходзяцца пад следствам па іншых крымінальных справах — сузаснавальнік прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім тэлеграм-канала "Nexta" Раман Пратасевіч, які знаходзіцца пад хатнім арыштам. Яшчэ дваіх лідараў незалежных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука і Сяргея Антусевіча для дачы паказанняў у суд даставілі пад канвоем з СІЗА, яны праходзяць па іншай крымінальнай справе.

11 жніўня на судзе ў якасці быў дапытаны Раман Пратасевіч. Як паведамляюць праўладныя СМІ, Пратасевіч пацвердзіў, што знаёмы з Юрыем Зянковічам і Рыгорам Кастусёвым. Паводле яго слоў, ён пазнаёміўся з Зянковічам у 2017 ці 2018 гадах — іх пазнаёміў Дзмітрый Шчыгельскі, знаёмства адбылося ў Мінску. Што да Шчыгельскага, то з ім Пратасевіч пазнаёміўся прыкладна ў 2015 годзе ва Украіне.

"Мне Шчыгельскі паведаміў, што ёсць варыянт сілавога звяржэння ўлады ў Беларусі і запрасіў да ўдзелу ў зум-канферэнцыі", — сказаў Пратасевіч у судзе.

Таксама, паводле слоў Пратасевіча, планавалася сустрэча Ціханоўскай і "змоўшчыкаў" у Маскве, Стамбуле або якім-небудзь іншым горадзе ў Еўропе. Ён распавёў, што "змоўшчыкі" бачылі адзін варыянт звяржэння ўлады — "сілавы з удзелам ваенных".

"Ніякім іншым спосабам уладу нельга было змяніць. Маршы і шэсці ўжо праваліліся", — сказаў Пратасевіч.


Храналогія суда:

Падтрымліваў дзяржабвінавачванне па справах "37", палітвязня Урада: што вядома пра пракурора па "справе змоўшчыкаў"

"Вясна" распавядае, што вядома пра пракурора па гэтай гучнай справе.

Суд па "справе змоўшчыкаў": пад канвоем дапытваюць палітзняволеных прафсаюзнікаў

У суд пад канвоем дастаўлены кіраўнік Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандр Ярашук.

Суд па "справе змоўшчыкаў": Зянковіч прызнаў віну і папрасіў прабачэння ў астатніх фігурантаў

У Мінскім абласным судзе з 29 ліпеня ў выязным пасяджэнні працягваецца суд па "справе аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады".

Тыдзень суда па "справе змоўшчыкаў": падрабязнасці той самай сустрэчы ў рэстаране Зянковіча і "сілавіка"

Сёння роўна тыдзень, як пачалі разглядаць справу.

Пяты дзень суду па "справе змоўшчыкаў": допыт сведкаў

Гэта пяты працэс па справе.

Чацвёрты дзень суду па "справе змоўшчыкаў": азнаямленне з матэрыяламі справы

"Вясна" сочыць за судовым працэсам і распавядае, як праходзіць рэзанансны суд.

Трэці дзень суду па "справе змоўшчыкаў": Фядута і Галубовіч даюць паказанні

Трэці дзень суда па «справе аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» пачаўся з допыту палітзняволенага палітолага і літаратуразнаўцы Аляксандра Фядуты.

Другі дзень суду па "справе змоўшчыкаў": Рыгор Кастусёў віну не прызнаў

"Вясна" сочыць за судовым працэсам і распавядае, як праходзіць рэзанансны суд.

Пачаўся суд па справе аб "захопе ўлады"

"Вясна" распавядае, у чым абвінавачваюць фігурантаў, і што цяпер вядома па справе.

У чым абвінавачваюць фігурантаў справы?

Усіх абвінавачаных затрымалі ў красавіку 2021 года і з таго часу яны знаходзяцца пад вартай. Аляксандра Фядуту і Юрыя Зянковіча затрымалі 12 красавіка ў Маскве. Рыгора Кастусёва і Вольгу Галубовіч затрымалі ў гэты ж дзень, але ў Беларусі. Дзяніса Краўчука затрымалі толькі праз два тыдні — 26 красавіка. Пасля гэтага КДБ і ФСБ заявілі, што нібыта прадухілілі замах на Лукашэнку і ягоных сыноў, а таксама аб "раскрыцці дзяржаўнага перавароту".

Праз некаторы час па дзяржтэлебачанні паказалі фільм, з якога вынікае, што за абвінавачанымі працяглы час сачылі спецслужбы, а вайскоўцаў, з якімі яны кантактавалі, ім падставілі. КДБ таксама паведаміў, што агулам па справе аб "захопе ўлады" праходзяць дзевяць чалавек: Фядута, Зянковіч, Кастусёў, Галубовіч, а таксама Дзмітрый Шчыгельскі, Аляксандр Перапечка, Павел Кулажэнка, Віталь Макаранка і Ігар Макар.

Вядома, што яны ўдзельнічалі ў зум-сустрэчы і падчас размовы абмяркоўвалі будучыню Беларусі, магчымыя перамены ў краіне, а таксама гучалі і радыкальныя прапановы. Пазней частцы ўдзельнікаў прапанавалі сустрэчу ў рэстаране з беларускімі сілавікамі ў Маскве, дзе іх справакавалі на розныя заявы. Адразу пасля сустрэчы затрымалі Зянковіча і Фядуту.

Раней КДБ паведамляў, што па гэтай крымінальнай справе аб "захопе ўлады" праходзяць дзевяць чалавек, але пад вартай знаходзяцца толькі пяцёра — астатнія за мяжой. Пры гэтым Галубовіч і Краўчука вінавацяць толькі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту. За кратамі "змоўшчыкаў" утрымліваюць ужо больш за 15 месяцаў, а стан здароўя некаторых вельмі пагоршыўся — у Кастусёва нават выявілі анкалагічнае захворванне. 

У выніку, фігурантаў вінавацяць па наступных артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • Зянковіч абвінавачваецца па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці).
  • Фядута і Кастусёў — па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).
  • Галубовіч і Краўчук — па ч. 1 арт. 342 КК (актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Падтрымайце фігурантаў справы грашовымі пераводамі, бандэролькамі і пасылкамі, а таксама тэлеграмамі і лістамі салідарнасці па адрасе:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Вольга Пятроўна Галубовіч

Дзяніс Пятровіч Краўчук

Юры Леанідавіч Зянковіч

Рыгор Андрэевіч Кастусёў

Аляксандр Іосіфавіч Фядута

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства