viasna on patreon

Чацвёрты дзень суду па "справе змоўшчыкаў": азнаямленне з матэрыяламі справы Дапоўнена

2022 2022-08-03T16:49:00+0300 2022-08-04T13:13:40+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zenkovich_09w.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мінскі абласны суд 3 жніўня ў выязным пасяджэнні працягвае разглядаць "справу аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады". Гэта ўжо чацвёрты працэс па справе. На лаве падсудных знаходзяцца палітзняволеныя палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандар Фядута, кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў, супрацоўніца мінскага офісу Зянковіча Вольга Галубовіч, актывіст і дальнабойшчык Дзяніс Краўчук, а таксама юрыст Юры Зянковіч, якія ўтрымліваюцца за кратамі больш за 15 месяцаў. Судовы працэс у адкрытым рэжыме вядзе суддзя Уладзімір Арэшка. На судзе зачыталі ўсім абвінавачванні. Фядута прызнаў віну часткова, а Кастусёў — не прызналі, Краўчук і Галубовіч — прызналі віну цалкам. "Вясна" сочыць за судовым працэсам і распавядае, як праходзіць рэзанансны суд.

Юрый Зянковіч
Юрый Зянковіч

На чацвёрты дзень судовага працэсу працягнуўся допыт абвінавачаных, перадае Sputnik. Адзначаецца, што юрыст Юры Зянковіч, якому было першым абвешчана абвінавачванне, не выказаўся, ці прызнае віну. Яго яшчэ не дапытвалі ў судзе.

Сёння ідзе допыт Дзяніса Краўчука, які па гэтай справы праходзіць як удзельнік пратэстаў 2020 года. Як вынікае з матэрыялаў справы, ён, як і яшчэ адна абвінавачаная Вольга Галубовіч, даюць паказанні пра тое, як атрымлівалі ад Зянковіча грошы і хавалі ў розных месцах. У судзе Краўчук распавёў, што пазнаёміўся з Зянковічам жніўні 2020 года на пратэстах у Мядзелі, сам да яго падышоў, таму што раней чытаў, што ў Зянковіча былі прэзідэнцкія амбіцыі.

Як вынікае з пратаколаў допытаў, якія зачытаў пракурор у судзе, Краўчук следчаму заяўляў, што прызнае свой удзел у пратэстах. У судзе было зачытана чыстасардэчнае прызнанне, якое Краўчук пісаў у КДБ. У ім ён паведамляе, што перадаваў і хаваў у схованках грошы ад Зянковіча, лічачы, што яны пойдуць для дапамогі пратэстоўцам. Краўчук заявіў, што не ўдзельнічаў у змове, хоць і не быў згодны з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў.

Юрый Зянковіч зноў адмовіўся выказаць сваё стаўленне да прад'яўленых яму абвінавачваннях у арганізацыі змовы. Ён заявіў суду, што выкажа сваё меркаванне пасля таго, як будуць абвешчаныя матэрыялы справы ў судзе і дапытаныя сведкі. У сувязі з гэтым быў зменены раней зацверджаны план судовага следства і пракурор пачаў зачытваць матэрыялы справы.

Азнаямленне з матэрыяламі справы 

Дзяніс Краўчук
Дзяніс Краўчук

Як вынікае з матэрыялаў справы, якія зачытвае пракурор, папярэдняе следства па справе аб спробе дзяржаўнага перавароту некалькі разоў падаўжалася. З яго ў асобную вытворчасць была выдзелена справа ў дачыненні да Вольгі Галубовіч, а таксама грамадзяніна ЗША Дзмітрыя Шчыгельскага. З матэрыялаў справы вынікае, што ў 2021 годзе ў дачыненні да Зянковіча і Шчыгельскага была ўзбуджаная крымінальная справа, затым справа ў дачыненні да Шчыгельскага па арт. 361 (заклікі да санкцыя) і 130 (распальванне сацыяльнай варожасці) выдзеленая ў асобную вытворчасць, па ёй таксама ў якасці абвінавачаных праходзяць Павел Кулажанка, Ігар Макар, Дзяніс Хофман і іншыя асобы.

У судзе дзяржаўны абвінаваўца абвясціў інфармацыю аб тым, што Юрый Зянковіч напісаў хадайніцтва і заключыў пагадненне са следствам. Умовы пагаднення пакуль застаюцца невядомымі.

З матэрыялаў справы вынікае, што хадайніцтва на імя намесніка генеральнага пракурора Зянковіч пісаў на першых этапах следства. Была абвешчаная інфармацыя аб тым, што ён быў затрыманы 11 красавіка 2021 года. Затым ён напісаў хадайніцтва аб заключэнні пагаднення са следствам, дзе даў чыстасардэчнае прызнанне, заявіў, што абавязваецца дапамагаць у расследаванні і выкрыць усіх удзельнікаў злачынства.

У адпаведнасці з беларускім законам, Зянковічу не можа быць прызначанае пакаранне больш, чым палова максімальнага.

Як вынікае з матэрыялаў крымінальнай справы, якія сёння зачытаў пракурор у судзе, на стадыі папярэдняга расследавання Зянковіч прызнаў сваю віну ў поўным аб'ёме.

"Будучы дапытаным, выклаў сутнасць учыненых ім супрацьпраўных дзеянняў і выкрыў іншых удзельнікаў злачыннай дзейнасці", — сказаў пракурор.

Як сёння было абвешчана ў судзе, 6 кастрычніка 2021 года ад абвінавачанага Зянковіча паступіла хадайніцтва аб заключэнні пагаднення са следствам, у якім ён паказаў, што ў мэтах аказання садзейнічання гатовы супрацоўнічаць са следствам усімі даступнымі яму спосабамі, а таксама паведамляць усе вядомыя ім звесткі аб злачынстве. У ходзе судовых пасяджэнняў па справе аб спробе дзяржаўнага перавароту ён паказанняў яшчэ не даваў і не выказаў свайго стаўлення да абвінавачвання.

Зянковіч — адзіны з пяці абвінавачаных па гэтай справе, хто заключыў здзелку са следствам. Яшчэ на этапе папярэдняга следства ён прасіў змяніць яму меру стрымання і адпусціць з СІЗА, але яму было адмоўлена.

Выклік у суд філосафа

Адвакат Аляксандра Фядуты заявіў хадайніцтва аб выкліку ў суд у якасці сведкі вядомага сацыёлага і філосафа Вольгі Абрамавай. Заяўляючы хадайніцтва, адвакат Фядуты патлумачыла суду, што Вольга Абрамава асабіста знаёмая з яе падабаронным і яе трэба выклікаць у суд для таго, каб яна дала характарыстыку Фядуту. Сам палітвязень падтрымаў хадайніцтва, пракурор і іншыя ўдзельнікі працэсу не пярэчылі. Суд задаволіў хадайніцтва аб выкліку Вольгі Абрамавай на 4 жніўня ў суд для дачы паказанняў у якасці сведкі.

Вольга Абрамава стала актыўна ўдзельнічаць у палітыцы з канца 1980-х гадоў, выступаючы за дэмакратычныя пераўтварэнні ў Беларусі. У сярэдзіне 2000-х адзін тэрмін была дэпутатам у ніжняй палаце беларускага парламента і больш не пераабіралася.

У чым абвінавачваюць фігурантаў справы?

Усіх абвінавачаных затрымалі ў красавіку 2021 года і з таго часу яны знаходзяцца пад вартай. Аляксандра Фядуту і Юрыя Зянковіча затрымалі 12 красавіка ў Маскве. Рыгора Кастусёва і Вольгу Галубовіч затрымалі ў гэты ж дзень, але ў Беларусі. Дзяніса Краўчука затрымалі толькі праз два тыдні — 26 красавіка. Пасля гэтага КДБ і ФСБ заявілі, што нібыта прадухілілі замах на Лукашэнку і ягоных сыноў, а таксама аб "раскрыцці дзяржаўнага перавароту".

Праз некаторы час па дзяржтэлебачанні паказалі фільм, з якога вынікае, што за абвінавачанымі працяглы час сачылі спецслужбы, а вайскоўцаў, з якімі яны кантактавалі, ім падставілі. КДБ таксама паведаміў, што агулам па справе аб "захопе ўлады" праходзяць дзевяць чалавек: Фядута, Зянковіч, Кастусёў, Галубовіч, а таксама Дзмітрый Шчыгельскі, Аляксандр Перапечка, Павел Кулажэнка, Віталь Макаранка і Ігар Макар.

Вядома, што яны ўдзельнічалі ў зум-сустрэчы і падчас размовы абмяркоўвалі будучыню Беларусі, магчымыя перамены ў краіне, а таксама гучалі і радыкальныя прапановы. Пазней частцы ўдзельнікаў прапанавалі сустрэчу ў рэстаране з беларускімі сілавікамі ў Маскве, дзе іх справакавалі на розныя заявы. Адразу пасля сустрэчы затрымалі Зянковіча і Фядуту.

Раней КДБ паведамляў, што па гэтый крымінальнай справе аб "захопе ўлады" праходзяць дзевяць чалавек, але пад вартай знаходзяцца толькі пяцёра — астатнія за мяжой. Пры гэтым Галубовіч і Краўчука вінавацяць толькі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту. За кратамі "змоўшчыкаў" утрымліваюць ужо больш за 15 месяцаў, а стан здароўя некаторых вельмі пагоршыўся — у Кастусёва нават выявілі анкалагічнае захворванне. 

У выніку, фігурантаў вінавацяць па наступных артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • Зянковіч абвінавачваецца па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці).
  • Фядута і Кастусёў — па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).
  • Галубовіч і Краўчук — па ч. 1 арт. 342 КК (актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Падтрымайце фігурантаў справы грашовымі пераводамі, бандэролькамі і пасылкамі, а таксама тэлеграмамі і лістамі салідарнасці па адрасе:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Вольга Пятроўна Галубовіч

Дзяніс Пятровіч Краўчук

Юры Леанідавіч Зянковіч

Рыгор Андрэевіч Кастусёў

Аляксандр Іосіфавіч Фядута


Храналогія суда:

Трэці дзень суду па "справе змоўшчыкаў": Фядута і Галубовіч даюць паказанні

Трэці дзень суда па «справе аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» пачаўся з допыту палітзняволенага палітолага і літаратуразнаўцы Аляксандара Фядуты.

Другі дзень суду па "справе змоўшчыкаў": Рыгор Кастусёў віну не прызнаў

"Вясна" сочыць за судовым працэсам і распавядае, як праходзіць рэзанансны суд.

Пачаўся суд па справе аб "захопе ўлады"

"Вясна" распавядае, у чым абвінавачваюць фігурантаў, і што цяпер вядома па справе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства