Суд па "справе змоўшчыкаў": Зянковіч прызнаў віну і папрасіў прабачэння ў астатніх фігурантаў Дапоўнена
У Мінскім абласным судзе з 29 ліпеня ў выязным пасяджэнні працягваецца суд па "справе аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады". На лаве падсудных знаходзяцца палітзняволеныя палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў, супрацоўніца мінскага офісу Зянковіча Вольга Галубовіч, актывіст і дальнабойшчык Дзяніс Краўчук, а таксама юрыст Юры Зянковіч, якія ўтрымліваюцца за кратамі больш за 15 месяцаў. Судовы працэс у адкрытым рэжыме вядзе суддзя Уладзімір Арэшка. На судзе зачыталі ўсім абвінавачванні: Фядута прызнаў віну часткова, а Кастусёў — не прызналі, Краўчук, Галубовіч, Зянковіч — прызналі віну цалкам. "Вясна" сочыць за судовым працэсам.
Як перадае Sputnik, на судзе 8 жніўня Юры Зянковіч прызнаў сваю віну цалкам і не адмаўляе, што з'яўляўся арганізатарам змовы. Таксама ён папрасіў прабачэння ў сваіх саўдзельнікаў.
"Праз тое, што я дрэнна зрабіў сваю справу, чацвёра маіх сяброў трапілі за краты, і я хацеў бы папрасіць у іх прабачэння", — сказаў ён.
Таксама ён растлумачыў, чаму пачаў даваць паказанні судзе з таго, што патлумачыў сваё адхіленне да грошай — у абвінавачванні ёсць карыслівы матыў. Ён заявіў суду, што прызнае віну ўсіх пунктах прад'яўленага абвінавачання.
"Ніхто не можа сказаць, што я жыву за кошт урада Беларусі ці ЗША. Я кожны даляр зарабіў цяжкай працай. ЗША — вельмі жорсткая краіна", — сказаў ён.
Свой допыт пракурор пачаў з пытання аб тым, ці прытрымліваўся Зянковіч ідэі захопу ўлады ў Беларусі метадамі.
"Я з'яўляюся праціўнікам гэтай улады і перакананы, што на выбарах Лукашэнку можа перамагчы толькі Лукашэнка", — сказаў Зянковіч.
Пры гэтым ён заявіў, што не верыў у "свабодныя выбары" ў Беларусі і таму, па словах абвінавачанага, патрэбны быў "другі варыянт гэта — сілавы".
На пытанне пракурора аб тым, ці прызнае ён сябе арганізатарам змовы, Зянковіч адказаў: "Не аспрэчваю".
Даючы паказанні па сутнасці прад'яўленага абвінавачвання, Зянковіч звярнуў увагі суда на заканадаўства ЗША. Паводле яго словаў, усё відэа, якое ёсць у матэрыялах справы (відэаролікі называліся Сиреневенький бесперспективняк" і "Своими именами"), ствараліся на тэрыторыі ЗША, а ў заканадаўстве гэтай краіны няма пакарання за стварэнне такога відэа.
Частка пытанняў пракурора тычылася адносінаў Зянковіча з грамадзянінам ЗША Дзмітрыем Шчыгельскім, у дачыненні да якога ў Беларусі таксама распачатая крымінальная справа. Па словах Зянковіча, ён пазнаёміўся са Шчыгельскім у Нью-Ёрку ў 2012 годзе, калі працаваў там памочнікам адваката.
"Мы сталі блізкімі сябрамі, і нават сталі сябраваць сем'ямі", — сказаў абвінавачаны Зянковіч.
Таксама адказваючы на пытанне пракурора, ён растлумачыў сваю ролю ў арганізацыі змовы.
"Гэта мая ідэя змены ўлады, мы так часта абмяркоўвалі палітыку, што нарадзілася такая ідэя", — сказаў ён, дадаўшы, што ў яго і ў Шчыгельскага па гэтым пытанні меркаванні супадалі на 90-95%.
Ён таксама яшчэ раз пацвердзіў, што з'яўляецца прыхільнікам сілавой змены ўлады ў Беларусі. Адказваючы на пытанне пракурора: ці прызнаеце вы, што дасягнулі тайнага пагаднення з Шчыгельскім аб сілавым захопе ўлады ў Беларусі, Зянковіч заявіў, што не аспрэчвае дадзенае абвінавачванне.
Раней стала вядома, што Зянковіч — адзіны з абвінавачаных па гэтай справе, які заключыў здзелку са следствам. Як удакладніў дзяржабвінаваўца падчас судовага паседжання па справе аб спробе дзяржаўнага перавароту, Зянковіч даў чыстасардэчнае прызнанне, заявіў, што абавязваецца дапамагаць у расследаванні і выкрыць удзельнікаў злачынства. Пракурор удакладніў, што Зянковіч прызнаў сваю віну ў поўным аб'ёме на стадыі папярэдняга расследавання.
Пракурор таксама задаў пытанне Зянковічу: ці даводзіў ён, як кіраўнік змоўшчыкаў, дэзінфармацыю.
"Так, пасля таго, як затрымалі Аўтуховіча, я даў дэзінфармацыю аб тым, што Беларусі засталіся яшчэ тры ўзброеныя групы", — сказаў Зянковіч.
Паводле яго слоў, гэтую дэзінфармацыю "праглынулі і КДБ, і штаб Ціханоўскай". Зянковіч таксама распавёў, што "дэзінфармацыя" праводзілася і для таго, каб "прасейваць людзей на прадмет лаяльнасці да захопу ўлады". Паводле яго словаў, таксама "была прыдуманая інфармацыя аб тым, што хто ёсць (у змоўшчыкаў) у генштабе (Узброеных Сіл Беларусі). Ён распавёў пра тое, як у шэрагах змоўшчыкаў з'явіўся Аляксандр Фядута і для чаго ён запрасіў кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва.
"Фядуту па маёй просьбе запрасіў Шчыгельскі. (...) Я лічу яго самым вялікім інтэлектуалам у Беларусі", — сказаў Зянковіч і заявіў, што яму патрэбныя былі веды і сувязі Фядуты.
Зянковіч назваў Фядуту экспертам па кадрах, які ведае структуру ўлады і мае вялікія знаёмствы. Палітолагу адводзілася роля аб'яднаць шырокія пласты апазіцыі, тых, хто хоча змены ўлады ў рэспубліцы.
Адказваючы на пытанне пракурора, што хацеў Фядута наўзамен у выпадку перамогі змоўшчыкаў, Зянковіч паведаміў, што ён хацеў курыраваць пытанні СМІ і рэфармаваць выбарчую сістэму. Зянковіч распавёў, што знаёмы з Кастусёвым па лініі партыйнасці шмат гадоў, таму запрасіў яго ў зум-канферэнцыю змоўшчыкаў. Па словах Зянковіча, ён не мог "рабіць сур'ёзныя крокі ў Беларусі", не ставячы ў вядомасць і не прыцягваючы да гэтага кіраўніцтва палітычнай партыі.
Адказваючы на пытанне, ці лічыць ён Кастусёва ўдзельнікам змовы, Зянковіч сказаў, што "плана не было, таму не магу сказаць, што ў Кастусёва была роля ў змове".
Таксама ў судзе была агучаная інфармацыя, пра тое, што першапачаткова план забойства Лукашэнкі распрацаваў Дзяніс Хофман, ён называўся "цішыня", планавалася, што яго павінен быў ажыццявіць Мікалай Аўтуховіч. Адказваючы на пытанне пракурора з нагоды плана фізічнай ліквідацыі прэзідэнта, які распрацоўваўся Хофманам, Зянковіч сказаў:
"План "цішыня" мне падаваўся, але іншым чалавекам. (...) Аўтуховіч сказаў, што гэта малапрафесійна, і я пра яго забыўся".
Зянковіч распавёў, што адбор у склад змоўшчыкаў, якія планавалі здзейсніць дзяржаўны пераварот у Беларусі, праводзіўся толькі па пратэкцыі тых, хто ўжо знаходзіўся ў змове, пытанне вырашалася на калегіяльнай аснове. Паводле яго словаў, так у лік змоўшчыкаў былі прынятыя Ігар Макар і Вольга Карач. Зянковіч удакладніў, што асабіста ён быў катэгарычна супраць Карач "з-за яе неабавязковасці". Таксама Зянковіч распавёў, што ў змоўшчыкаў былі паролі — слова "рассвет" і "5556" — лічбы на выпадак правалу змовы. Пракурор зачытаў вытрымку з плана "цішыня", дзе планавалася страляць з гранатамёта "Муха" па машыне прэзідэнта.
Як вынікае з абвінавачвання, Зянковіч прыбыў у Беларусь 5 жніўня 2020 года. Па словах пракурора, "ён прыбыў у краіну пад выглядам законапаслухмянага грамадзяніна, каб прыняць удзел у галасаванні на прэзідэнцкіх выбарах, а на самай справе — з мэтай сілавой змены ўлады краіне". Пры гэтым пракурор задаў пытанне, ці праўда, што з 5 жніўня да 12 верасня 2020 года ён вёў пошук радыкальна настроеных грамадзян, у тым ліку і сярод сілавых структур.
На што Зянковіч адказаў, што яму ў штабе Віктара Бабарыкі сказалі:
"Вы — старая апазіцыя і мы пакажам, як мяняць уладу ў краіне".
Зянковіч таксама сказаў, што калі ўбачыў, што Ціханоўская "прайграла ўсё, што можна", ён выйшаў на кантакт з "сілавіком" Жураўскім і спытаў у яго, ці можа армія выправіць сітуацыю". Так усё пачыналася, кажа пракурор.
Юрый Зянковіч распавёў, што змоўшчыкі хацелі сустрэцца з экс-кандыдаткай у прэзідэнты Святланай Ціханоўскай. У прыватнасці ён распавёў пра тое, як шукалі грошы на фінансаванне дзяржаўнага перавароту. Па фінансавую дапамогу ён звяртаўся і ў Вільню, дзе знаходзіцца офіс Ціханоўскай. Ён таксама сказаў, што хацеў сустрэцца з ёй асабіста, але не атрымалася. Сёння ён патлумачыў, чаму сустрэчы не адбылося.
"Мы хацелі сустрэцца вочна, дзе-небудзь у Еўропе, а лепш у ЗША. Але былі ўмовы сустрэчы з ёй. Па-першае, яна не магла пакідаць тэрыторыю Еўрапейскага саюза", — сказаў ён.
А па-другое, як удакладніў Зянковіч, была яшчэ адна ўмова: у момант гутаркі па "беларускай справе" "з намі ў адным памяшканні павінны былі быць супрацоўнікі літоўскіх спецслужбаў".
Храналогія суда:
Тыдзень суда па "справе змоўшчыкаў": падрабязнасці той самай сустрэчы ў рэстаране Зянковіча і "сілавіка"
Пяты дзень суду па "справе змоўшчыкаў": допыт сведкаў
Чацвёрты дзень суду па "справе змоўшчыкаў": азнаямленне з матэрыяламі справы
"Вясна" сочыць за судовым працэсам і распавядае, як праходзіць рэзанансны суд.
Трэці дзень суду па "справе змоўшчыкаў": Фядута і Галубовіч даюць паказанні
Другі дзень суду па "справе змоўшчыкаў": Рыгор Кастусёў віну не прызнаў
"Вясна" сочыць за судовым працэсам і распавядае, як праходзіць рэзанансны суд.
Пачаўся суд па справе аб "захопе ўлады"
"Вясна" распавядае, у чым абвінавачваюць фігурантаў, і што цяпер вядома па справе.
У чым абвінавачваюць фігурантаў справы?
Усіх абвінавачаных затрымалі ў красавіку 2021 года і з таго часу яны знаходзяцца пад вартай. Аляксандра Фядуту і Юрыя Зянковіча затрымалі 12 красавіка ў Маскве. Рыгора Кастусёва і Вольгу Галубовіч затрымалі ў гэты ж дзень, але ў Беларусі. Дзяніса Краўчука затрымалі толькі праз два тыдні — 26 красавіка. Пасля гэтага КДБ і ФСБ заявілі, што нібыта прадухілілі замах на Лукашэнку і ягоных сыноў, а таксама аб "раскрыцці дзяржаўнага перавароту".
Праз некаторы час па дзяржтэлебачанні паказалі фільм, з якога вынікае, што за абвінавачанымі працяглы час сачылі спецслужбы, а вайскоўцаў, з якімі яны кантактавалі, ім падставілі. КДБ таксама паведаміў, што агулам па справе аб "захопе ўлады" праходзяць дзевяць чалавек: Фядута, Зянковіч, Кастусёў, Галубовіч, а таксама Дзмітрый Шчыгельскі, Аляксандр Перапечка, Павел Кулажэнка, Віталь Макаранка і Ігар Макар.
Вядома, што яны ўдзельнічалі ў зум-сустрэчы і падчас размовы абмяркоўвалі будучыню Беларусі, магчымыя перамены ў краіне, а таксама гучалі і радыкальныя прапановы. Пазней частцы ўдзельнікаў прапанавалі сустрэчу ў рэстаране з беларускімі сілавікамі ў Маскве, дзе іх справакавалі на розныя заявы. Адразу пасля сустрэчы затрымалі Зянковіча і Фядуту.
Раней КДБ паведамляў, што па гэтай крымінальнай справе аб "захопе ўлады" праходзяць дзевяць чалавек, але пад вартай знаходзяцца толькі пяцёра — астатнія за мяжой. Пры гэтым Галубовіч і Краўчука вінавацяць толькі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту. За кратамі "змоўшчыкаў" утрымліваюць ужо больш за 15 месяцаў, а стан здароўя некаторых вельмі пагоршыўся — у Кастусёва нават выявілі анкалагічнае захворванне.
У выніку, фігурантаў вінавацяць па наступных артыкулах Крымінальнага кодэксу:
- Зянковіч абвінавачваецца па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці).
- Фядута і Кастусёў — па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).
- Галубовіч і Краўчук — па ч. 1 арт. 342 КК (актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Падтрымайце фігурантаў справы грашовымі пераводамі, бандэролькамі і пасылкамі, а таксама тэлеграмамі і лістамі салідарнасці па адрасе:
СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
Вольга Пятроўна Галубовіч
Дзяніс Пятровіч Краўчук
Юры Леанідавіч Зянковіч
Рыгор Андрэевіч Кастусёў
Аляксандр Іосіфавіч Фядута