Суд па "справе змоўшчыкаў": пад канвоем дапытваюць палітзняволеных прафсаюзнікаў Дапоўнена
Мінскі абласны суд з 29 ліпеня ў выязным пасяджэнні працягвае разгляд "справы аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады". На лаве падсудных знаходзяцца палітзняволеныя палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў, супрацоўніца мінскага офісу Зянковіча Вольга Галубовіч, актывіст і дальнабойшчык Дзяніс Краўчук, а таксама юрыст Юры Зянковіч, якія ўтрымліваюцца за кратамі больш за 15 месяцаў. Судовы працэс у адкрытым рэжыме вядзе суддзя Уладзімір Арэшка, дзяржабвінавачванне падтрымлівае Міхаіл Кавалёў. На судзе зачыталі ўсім абвінавачванні: Фядута прызнаў віну часткова, а Кастусёў — не прызналі, Краўчук, Галубовіч, Зянковіч — прызналі віну цалкам. "Вясна" сочыць за судовым працэсам.
10 жніўня на судзе дапытваюць сведак. Як піша Sputnik, у суд пад канвоем дастаўлены кіраўнік Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандр Ярашук. У судзе ён даваў паказанні ў якасці сведкі, пытанні задаваў яму дзяржаўны абвінаваўца. Ярашук распавёў, што знаёмы з шэрагам абвінавачаных па гэтай справе, з асноўным фігурантам справы Юрыем Зянковічам — з 2000-х гадоў. Ярашук паведаміў суду, што сустракаўся з Зянковічам у жніўні 2020 года, той прыходзіў да яго ў офіс у Мінску. Аляксандр даў паказанні аб тым, што Зянковіч разглядаў варыянт змены ўлады неканстытуцыйным шляхам.
"Казаў аб тым, каб прыцягваць сілавікоў", — сказаў Ярашук.
У судзе таксама быў дапытаны палітзняволены намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч, які таксама быў дастаўлены ў суд пад канвоем, бо затрыманы па іншай справе.
Ён паведаміў, што знаёмы з усімі фігурантамі гэтай справы, а цяпер знаходзіцца ў камеры ў СІЗА № 1 з абвінавачаным Аляксандрам Фядутам. Пры гэтым ён адзначыў, што Фядута "інтэлектуальна дапамагае" сукамернікам трымацца.
Антусевіч даў паказанні пра тое, што Юрый Зянковіч запрашаў яго да ўдзелу ў зум-канферэнцыях змоўшчыкаў, але ён адмовіўся. З-за супярэчнасцяў у паказаннях на стадыі следства і цяпер, пракурор зачытаў пратакол паказанняў Антусевіча аб тым, што ў 2020 годзе Зянковіч казаў, што хоча легалізаваць свой статус як прэзідэнта, а пазней хацеў стаць прэзідэнтам. Таксама ў судзе былі зачытаныя пратаколы паказанняў яшчэ аднаго сведкі [прозвішча не называецца], які даваў паказанні аб тым, што Зянковіч збіраўся прыцягваць для змовы грошы багатых прадстаўнікоў ізраільскай дыяспары ў ЗША.
"Усе радаваліся, што чалавек у турме"
У інтэрв'ю Sputnik жонка Аляксандры Фядуты Марыну Шыбко распавяла пра затрыманне мужа і яго стан у ізалятары:
"Калі Саша ад'язджаў па справах, мы заўсёды звязваліся з ім па месенджарах, кожны дзень, а то і два разы на дзень. Так было і ў тую паездку ў Маскву, куды ён з'ехаў зімой 2021 года. Што тычыцца тых дзён, то гэта была нядзеля, ад яго не было ніякіх сігналаў — ні смс, ні паведамленняў у мэсэнджар. Мяне гэта насцярожыла. І я зразумела, што нешта здарылася. Таму што такога ніколі не было. І ўжо потым, у панядзелак, я стала тэлефанаваць маскоўскім сябрам. Яны пацвердзілі, што Саша на сувязь не выйшаў, карацей, ён знік. Увечары я паехала ў Маскву.
Адчуванні былі жудасныя. Таму што ніколі такога не было, я не думала, што яго арыштавалі, бо нічога ні пра што не ведала. За двое сутак перадумала ўсё — ён жа чалавек нездаровы. Ці мала што, а тым больш Масква. Пад машыну нават мог патрапіць".
Па яе словах, калі прыехала ў Маскву, звязалася з прыяцелямі, яны сказалі, што ўжо прыходзілі з РУУС, таму што было напісана заяву аб знікненні Фядуты. А пра тое, што ён затрыманы і дастаўлены ў СІЗА КДБ у Мінск, яна даведалася ад знаёмых, якія прачыталі паведамленне прэс-службы ФСБ РФ.
"І толькі праз суткі я даведалася, што ён затрыманы. Мне ўсё кідалі радасныя паведамленні: "Ура, знайшоўся!!!" Усе радаваліся, што чалавек у турме", — дадала Марына Шыбко.
Жонка Фядуты распавяла, што з моманту яго ад'езду ў Маскву зімой мінулага года і да суда яна яго не бачыла, толькі атрымлівала лісты і перадавала яму перадачы.
"У нас не было ніякіх спатканняў. Я яго першы раз убачыла 29 ліпеня 2022 года на судзе. З нашай апошняй сустрэчы прайшло больш за 15 з паловай месяцаў", — распавяла яна.
Па словах Марыны, Фядута за час знаходжання ў СІЗА асунуўся, схуднеў.
"Вельмі цяжка хварэў зімой — у яго два разы была пнеўманія, не мог ляжаць, не мог спаць, яму нават дазвалялі сядзець ноччу, а днём ляжаць. І цяпер відаць, што чалавек не здаровы".
Храналогія суда:
Суд па "справе змоўшчыкаў": Зянковіч прызнаў віну і папрасіў прабачэння ў астатніх фігурантаў
Тыдзень суда па "справе змоўшчыкаў": падрабязнасці той самай сустрэчы ў рэстаране Зянковіча і "сілавіка"
Пяты дзень суду па "справе змоўшчыкаў": допыт сведкаў
Чацвёрты дзень суду па "справе змоўшчыкаў": азнаямленне з матэрыяламі справы
"Вясна" сочыць за судовым працэсам і распавядае, як праходзіць рэзанансны суд.
Трэці дзень суду па "справе змоўшчыкаў": Фядута і Галубовіч даюць паказанні
Другі дзень суду па "справе змоўшчыкаў": Рыгор Кастусёў віну не прызнаў
"Вясна" сочыць за судовым працэсам і распавядае, як праходзіць рэзанансны суд.
Пачаўся суд па справе аб "захопе ўлады"
"Вясна" распавядае, у чым абвінавачваюць фігурантаў, і што цяпер вядома па справе.
У чым абвінавачваюць фігурантаў справы?
Усіх абвінавачаных затрымалі ў красавіку 2021 года і з таго часу яны знаходзяцца пад вартай. Аляксандра Фядуту і Юрыя Зянковіча затрымалі 12 красавіка ў Маскве. Рыгора Кастусёва і Вольгу Галубовіч затрымалі ў гэты ж дзень, але ў Беларусі. Дзяніса Краўчука затрымалі толькі праз два тыдні — 26 красавіка. Пасля гэтага КДБ і ФСБ заявілі, што нібыта прадухілілі замах на Лукашэнку і ягоных сыноў, а таксама аб "раскрыцці дзяржаўнага перавароту".
Праз некаторы час па дзяржтэлебачанні паказалі фільм, з якога вынікае, што за абвінавачанымі працяглы час сачылі спецслужбы, а вайскоўцаў, з якімі яны кантактавалі, ім падставілі. КДБ таксама паведаміў, што агулам па справе аб "захопе ўлады" праходзяць дзевяць чалавек: Фядута, Зянковіч, Кастусёў, Галубовіч, а таксама Дзмітрый Шчыгельскі, Аляксандр Перапечка, Павел Кулажэнка, Віталь Макаранка і Ігар Макар.
Вядома, што яны ўдзельнічалі ў зум-сустрэчы і падчас размовы абмяркоўвалі будучыню Беларусі, магчымыя перамены ў краіне, а таксама гучалі і радыкальныя прапановы. Пазней частцы ўдзельнікаў прапанавалі сустрэчу ў рэстаране з беларускімі сілавікамі ў Маскве, дзе іх справакавалі на розныя заявы. Адразу пасля сустрэчы затрымалі Зянковіча і Фядуту.
Раней КДБ паведамляў, што па гэтай крымінальнай справе аб "захопе ўлады" праходзяць дзевяць чалавек, але пад вартай знаходзяцца толькі пяцёра — астатнія за мяжой. Пры гэтым Галубовіч і Краўчука вінавацяць толькі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту. За кратамі "змоўшчыкаў" утрымліваюць ужо больш за 15 месяцаў, а стан здароўя некаторых вельмі пагоршыўся — у Кастусёва нават выявілі анкалагічнае захворванне.
У выніку, фігурантаў вінавацяць па наступных артыкулах Крымінальнага кодэксу:
- Зянковіч абвінавачваецца па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці).
- Фядута і Кастусёў — па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).
- Галубовіч і Краўчук — па ч. 1 арт. 342 КК (актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Падтрымайце фігурантаў справы грашовымі пераводамі, бандэролькамі і пасылкамі, а таксама тэлеграмамі і лістамі салідарнасці па адрасе:
СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
Вольга Пятроўна Галубовіч
Дзяніс Пятровіч Краўчук
Юры Леанідавіч Зянковіч
Рыгор Андрэевіч Кастусёў
Аляксандр Іосіфавіч Фядута