viasna on patreon

Мінімум 1213 адміністрацыйна асуджаных: у Беларусі перад прэзідэнцкімі выбарамі ўзмацніліся рэпрэсіі

2024 2024-11-14T17:33:43+0300 2024-11-15T10:31:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marsh_minsk_06.08.202022.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Чарговыя выбары прэзідэнта ў Беларусі, якія пройдуць 26 студзеня 2025 года, суправаджаюцца традыцыйнымі рэпрэсіямі. Штодзённа ў дамы дзясяткаў людзей урываюцца ўзброеныя сілавікі. Людзей брутальна затрымліваюць, некаторых збіваюць і катуюць. Сітуацыя перад новымі выбарамі толькі пагаршаецца. З верасня па сярэдзіну лістапада ў судах разгледзелі не менш за 1 213 палітычных адміністрацыйных справаў, абсалютная большасць з якіх — за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". Масавыя затрыманні адбываюцца па ўсёй Беларусі, нават у маленькіх гарадах. "Вясна" распавядае, як улады "зачышчаюць" краіну ад "экстрэмістаў" перад выбарамі-2025. 

Марш Адзінства, Мінск, 6 верасня 2020. Фота: spring96.org

Прэвентыўная "зачыстка" актывістаў перад выбарамі — традыцыйная практыка рэжыму. Але цяпер пад яе трапляюць і тыя, хто чытае незалежныя СМІ, нават калі артыкул тычыцца здароўя, слухае беларускія "экстрэмісцкія" гурты ці выказвае салідарнасць з палітвязнямі. Жорсткія рэпрэсіі не спыняліся ні на дзень з пачатку перадвыбарчай кампаніі ў 2020 годзе, але цяпер сітуацыя толькі пагаршаецца. Праваабаронцы "Вясны" прааналізавалі, як у параўнанні з летнімі месяцамі павялічылася колькасць палітычных адміністрацыйных судоў за верасень, кастрычнік і палову лістапада.

Агулам за апошнія два з паловай месяцы праваабаронцы зафіксавалі 1 452 факты рэпрэсій (затрыманні, ператрусы, адміністрацыйныя суды і г.д.). За гэты перыяд беларускія суддзі разгледзелі 1 213 справаў паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне): 488 — у верасні, 537 — у кастрычніку, 188 — за першыя два тыдні лістапада. Пры гэтым цягам трох летніх месяцаў было разгледжана толькі 975 справаў. Асобна адзначым, што ўсе лічбы могуць быць значна большымі праз тое, што праваабаронцы не валодаюць усімі звесткамі пра рэпрэсіі.

У рэгіёнах Беларусі фіксуецца больш фактаў пераследу, чым у Мінску. Так, самай рэпрэсіўнай вобласцю з'яўляецца Гомельская — мінімум 337 чалавек былі асуджаныя ў адміністрацыйным парадку. Толькі ў Рэчыцы былі асуджаныя не менш за 98 чалавек. На другім месцы — Брэсцкая. Там адбыліся мінімум 278 судоў, большасць з якіх разглядалася ў Брэсце. Менавіта там судзяць тых, каго затрымліваюць на мяжы па вяртанні ў Беларусь. Апроч гэтага, масава судзяць і жыхароў Баранавічаў — 56 выпадкаў. Таксама людзей масава судзяць у Барысаве, Ваўкавыску, Глыбокім, Добрушы, Жлобіне, Лепелі, Мазыры, Наваполацку, Оршы, Пінску і іншых гарадах.

Падчас апошняга вядомага масавага рэйду сілавікоў 31 кастрычніка і 1 лістапада па ўсёй Беларусі былі затрыманыя некалькі дзясяткаў чалавек. Супрацоўнікі КДБ прыходзілі да людзей у межах крымінальнай справы, узбуджанай паводле арт. 357 КК (змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады). Вядома, што некаторым затрыманым задавалі пытанні наконт дваровых чатаў. 4 лістапада КДБ прызнаў "экстрэмісцкім фармаваннем" шэраг дваровых чатаў — меркавана, гэта і стала прычынай масавых затрыманняў.


Калі вы сутыкнуліся з палітычна матываваным пераследам, былі асуджаныя па адміністрацыйнай ці крымінальнай справай, адбывалі пераслед у ІЧУ, паведаміце, калі ласка, праваабаронцам праз тэлеграм @ViasnainfoДапамажыце зафіксаваць усе факты рэпрэсій, каб паказаць свету маштаб катастрофы з правамі чалавека ў Беларусі!

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства