Рэзалюцыя IV Беларускага праваабарончага форуму аб сітуацыі з правамі чалавека Дакумент
Рэзалюцыя IV Беларускага праваабарончага форуму
Аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі
Мы, удзельнікі IV Беларускага праваабарончага форуму, прадстаўнікі нацыянальнай праваабарончай супольнасці Беларусі як унутры краіны, так і тыя, хто вымушана знаходзяцца за мяжой, адзначаем наступнае:
З моманту правядзення папярэдняга Беларускага праваабарончага форуму ў кастрычніку 2013 г. у краіне назіраюцца пэўныя пазітыўныя крокі ў галіне правоў чалавека, аднак у цэлым сітуацыя істотна не змянілася.
Не прымаюцца меры, накіраваныя на сістэмныя і якасныя паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека:
- у Беларусі па-ранейшаму ўжываецца смяротнае пакаранне,
- асноўныя грамадзянскія і палітычныя правы абмежаваныя на ўзроўні нацыянальнага заканадаўства і праваўжывальнай практыкі,
- нацыянальныя механізмы па абароне правоў чалавека малаэфектыўныя,
- не створаны нацыянальны інстытут па правах чалавека,
- адсутнічае эфектыўнае ўзаемадзеянне дзяржавы са структурамі грамадзянскай супольнасці,
- дэманструецца выбарачны падыход да выканання міжнародных абавязкаў у галіне правоў чалавека.
Вызваленне ўладамі Беларусі ўсіх палітычных зняволеных у жніўні 2015 года з'явілася станоўчым дзеяннем з боку беларускіх уладаў. Пачынаючы з гэтага часу і да сакавіка 2017 года ўлады Беларусі не ўжывалі жорсткія рэпрэсіі ў дачыненні да палітычных апанентаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці і журналістаў.
Пагаршэнне эканамічнай сітуацыі і шырокае прымяненне Дэкрэта Прэзідэнта №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства", які супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, прывялі да росту пратэстнай актыўнасці грамадзян Рэспублікі Беларусь вясной 2017 года. У якасці рэакцыі на гэта, улады вярнуліся да прымянення шырокіх рэпрэсіўных практык:
- адвольных затрыманняў і арыштаў удзельнікаў мірных сходаў і праваабаронцаў,
- стварэння перашкодаў працы журналістаў,
- палітычна матываваных крымінальных пераследаў,
- правядзення вобшукаў і канфіскацыі тэхнікі,
- адлічэння студэнтаў з ВНУ па палітычных матывах.
На працягу вясны 2017 года больш за тысячу грамадзян краіны былі падвергнутыя рэпрэсіям, больш за сто з іх былі арыштаваныя, у тым ліку некалькі праваабаронцаў. Сур'ёзнаму ціску падвяргаліся праваабаронцы і журналісты пры выкананні імі сваіх прафесіянальных абавязкаў. Выбарачныя меры рэпрэсіўнага характару працягваюць прымяняцца і ў цяперашні час. Асаблівую занепакоенасць праваабарончай супольнасці выклікаюць факты ўмяшання дзяржавы ў дзейнасць адвакатуры, рэпрэсіі і ціск на асобных адвакатаў, якія ажыццяўляюць абарону ў палітычна матываваных працэсах.
У месцах пазбаўлення волі працягваюць знаходзіцца Міхаіл Жамчужны і Дзмітры Паліенка, прызнаныя палітвязнямі беларускай і міжнароднай праваабарончай супольнасцю. Праваабаронца Алена Танкачова вымушана знаходзіцца за межамі Рэспублікі Беларусь у сувязі з рашэннем беларускіх уладаў аб яе высылцы. Узбуджаны крымінальныя справы ў адносінах да лідэраў незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Федыніча і Ігара Комліка па абвінавачванні ва ўхіленні ад сплаты падаткаў, а таксама ў дачыненні да 16 грамадзян Рэспублікі Беларусь па абвінавачванні ў арганізацыі незаконнага ўзброенага фарміравання.
Занепакоенасць выклікае адсутнасць інфармацыі аб прынятых уладамі мерах па імплементацыі рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ аб рэфармаванні выбарчага заканадаўства.
Беларуская праваабарончая супольнасць падтрымала прыняцце Рэспублікай Беларусь Міжведамаснага плана па рэалізацыі рэкамендацый, прынятых у межах другога цыклу Універсальнага перыядычнага агляду, а таксама адрасаваных Рэспубліцы Беларусь дагаворнымі органамі ААН, нягледзячы на адсутнасць у ім мерапрыемстваў па паляпшэнню сітуацыі ў асобных сферах правоў чалавека, напрыклад, у галіне свабоды асацыяцый, свабоды слова. Аднак да сапраўднага часу няма даступнай інфармацыі пра комплексныя практычныя меры, накіраваныя на яго рэалізацыю, не прадстаўляюцца публічныя справаздачы аб яго выкананні. Акрамя таго, прыняцце плана не прывяло да стварэння стала дзеючых пляцовак для ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў з беларускай праваабарончай супольнасцю, да чаго неаднаразова заклікала праваабарончая супольнасць.
Мы таксама пазітыўна ацэньваем ратыфікацыю Рэспублікай Беларусь Канвенцыі ААН па правах людзей з інваліднасцю, а таксама прыняцце Нацыянальных планаў у галіне гендэрнай роўнасці, па правах людзей з інваліднасцю і па паляпшэнні становішча дзяцей.
У сувязі з гэтым мы звяртаемся да беларускіх уладаў з заклікам:
- прыняць дзейсныя меры для забеспячэння належнай абароны правоў чалавека і выканання міжнародных абавязкаў у галіне правоў чалавека, добраахвотна ўзятых на сябе Рэспублікай Беларусь,
- не дапускаць выпадкаў крымінальнага пераследу грамадзян па палітычных матывах,
- спыніць раней узбуджаныя палітычна матываваныя крымінальныя справы і вызваліць усіх палітычных зняволеных,
- спыніць пераслед грамадзян у сувязі з рэалізацыяй імі правоў і свабод, гарантаваных Канстытуцыяй краіны і міжнароднымі абавязкамі ў галіне правоў чалавека.
У прыватнасці, мы заклікаем беларускія ўлады зрабіць наступныя крокі:
- Спыніць і не дапускаць выпадкаў ціску на журналістаў і праваабаронцаў у сувязі з ажыццяўленнем імі сваёй прафесійнай дзейнасці, у тым ліку зняць забарону на ўезд у краіну праваабаронцы Алены Танкачовай; зарэгістраваць ПЦ "Вясна" і іншыя арганізацыі грамадзянскай супольнасці, якія звярнуліся за рэгістрацыяй; адмяніць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса.
- Прывесці ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі заканадаўства і практыку правапрымянення ў галіне свабоды слова, сходаў, выказвання меркаванняў і асацыяцый з прыцягненнем міжнародных экспертаў і прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці.
- Спыніць крымінальны пераслед абвінавачаных па крымінальнай справе «аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання» і лідэраў незалежнага прафсаюза РЭП.
- Увесці мараторый на прымяненне смяротнага пакарання, як першы крок да яго поўнай адмены.
- Спыніць умяшальніцтва дзяржавы ў дзейнасць адвакатуры і забяспечыць незалежнасць інстытута адвакатуры як на ўзроўні заканадаўства, так і на практыцы.
- Спыніць практыку прымянення прымусовай працы, ліквідаваць сістэму ЛПП, а таксама інстытут абавязаных асоб і засяродзіць намаганні на іншых, не рэпрэсіўных мерах сацыяльнай рэадаптацыі асобаў, якія пакутуюць на алкагалізм.
- Прыняць комплексныя меры па гуманізацыі крымінальна-выканаўчага заканадаўства і практыкі яго прымянення.
- Прыняць комплекснае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства і не дапускаць выпадкаў дыскрымінацыі.
- Працягваць захады, скіраваныя на выкананне Канвенцыі ААН па правах людзей з інваліднасцю, на палітычным і практычным узроўнях.
- Працягваць намаганні, скіраваныя на абарону правоў дзіцяці; не дапускаць адабрання дзяцей з сям’і ў па-за судовым парадку.
- Забяспечыць рэальную роўнасць абедзвюх дзяржаўных моваў у дзяржаўных інстытуцыях, у тым ліку праз выданне актаў заканадаўства не толькі на рускай, але і на беларускай мове.
- Развіваць дыялог з праваабарончай супольнасцю, у тым ліку пашырыць практыку сустрэч для абмену думкамі і выпрацоўкі прапаноў і рэкамендацый, а таксама кансультацый дзяржаўных органаў з праваабаронцамі, у тым ліку прадстаўнікамі незарэгістраваных праваабарончых арганізацый, пры садзейнічанні прадстаўніцтваў ААН і Еўрапейскага Саюза, працягваць практыку ўключэння праваабаронцаў у дыялогавыя працэсы, у прыватнасці, па лініях ЕС-Беларусь і ЗША-Беларусь. Важным крокам стала б стварэнне Грамадска-кансультатыўнага савета па рэалізацыі Міжведамаснага плана і далейшая імплементацыя рэкамендацый у рамках УПА і дамоўных органаў ААН.
- Канкрэтызаваць дзейнасць па выкананні Міжведамаснага плана пры дапамозе прыняцця і апублікавання адпаведных бягучых планаў профільных дзяржорганаў, а таксама справаздач аб іх выкананні.
- Забяспечыць запрашэнне ў краіну спецдакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, іншых тэматычных спецыяльных дакладчыкаў ААН; у поўнай меры супрацоўнічаць з дамоўнымі механізмамі ААН; выконваць абавязацельствы ў галіне правоў чалавека, добраахвотна прынятыя дзяржавай, уключаючы імплементацыю меркаванняў Камітэта ААН па правах чалавека і іншых дагаворных органаў па правах чалавека на нацыянальным узроўні.
- Прыняць меры, накіраваныя на імплементацыю рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ па рэфармаванні выбарчага заканадаўства.
- Стварыць нацыянальны інстытут па правах чалавека ў адпаведнасці з Парыжскімі прынцыпамі.
Адначасова мы звяртаемся да міжнароднай супольнасці і міжнародных інстытутаў з наступнымі рэкамендацыямі:
- Трымаць пытанне выканання Рэспублікай Беларусь правоў чалавека ў фокусе ўвагі пры выбудоўванні міжнародных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і іншымі краінамі, міждзяржаўнымі аб’яднаннямі і міжнароднымі інстытутамі.
- Міжнародным інстытутам распрацаваць і прытрымлівацца планаў дзеянняў, якія змяшчаюць якасныя індыкатары, якія адлюстроўваюць змену сітуацыі ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.
- Працягнуць практыку прыцягнення прадстаўнікоў беларускіх праваабарончых арганізацый у якасці важнага ўдзельніка дыялогу па правах чалавека па лініях ЕС-Беларусь і ЗША-Беларусь і ўключыць іх у гэтыя працэсы як паўнапраўных партнёраў.
- Садзейнічаць стварэнню і развіццю пляцовак для ўзаемадзеяння дзяржорганаў і праваабарончай супольнасці Беларусі для эфектыўнага выканання абавязацельстваў у галіне правоў чалавека.
- Упраўленню Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека актывізаваць дзейнасць на нацыянальным узроўні.
Прадстаўнікам праваабарончай супольнасці мы прапануем:
- У сваёй дзейнасці кіравацца Прынцыпамі дзейнасці праваабаронцаў Беларусі, заснаванымі на недыскрымінацыі і ўніверсальнасці правоў чалавека.
- Ажыццяўляць грамадскі к>антроль і маніторынг выканання Рэспублікай Беларусь міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека, аказваць актыўнае садзейнічанне ў іх рэалізацыі, прасоўваць універсальныя каштоўнасці правоў чалавека ў беларускім грамадстве.
- Прымаць удзел у падрыхтоўцы альтэрнатыўных дакладаў у рамках Універсальнага перыядычнага агляду ААН па правах чалавека і дагаворных органаў ААН.
- Ажыццяўляць калектыўныя і салідарныя дзеянні ў галіне абароны правоў чалавека, праваабарончыя кампаніі і акцыі шырокім колам праваабарончых арганізацый.
- Прасоўваць падыход, заснаваны на правах чалавека, у дзейнасці арганізацый грамадзянскай супольнасці, дзяржаўных інстытуцыях і камерцыйных арганізацыях.
Прынята адзінагалосна ўдзельнікамі IV Беларускага праваабарончага форуму 21 кастрычніка 2017 г.