viasna on patreon

“Марш абураных беларусаў 2.0”: правакацыі, затрыманні, дождж і заява праваабаронцаў Дапоўнена

2017 2017-10-21T14:18:00+0300 2017-10-22T09:53:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marsh-2017-10-21-5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
“Марш абураных беларусаў 2.0” у Мінску 21 кастрычніка 2017 года.

“Марш абураных беларусаў 2.0” у Мінску 21 кастрычніка 2017 года.

Акцыя пратэсту пад назвай «Марш абураных беларусаў 2.0» прайшла сёння ў Мінску на Кастрычніцкай плошчы. Пра яе ў СМІ заявіў лідэр Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікалай Статкевіч.  Палітык таксама праінфармаваў аб гэтым Менгарвыканкам у паведамляльным парадку. Заяўленыя і патрабаванні ўдзельнікаў акцыі патэсту: праблема дзедаўшчыны ў беларускім войску, адмена Дэкрэту Прэзідэнта № 3, нізкі ўзровень жыцця.

Варта нагадаць, што некаторыя з актыўных арганізатараў “Маршу абураных беларусаў” адбываюць зараз адміністратыўныя пакаранні ў выглядзе арышту, якія былі вынесеныя значна раней.

21 кастрычніка раніцай стала вядома пра затрыманне ў Маладэчна прадстаўніка Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Алеся Абрамовіча, які збіраўся ў Мінск на акцыю. Супрацоўнікі міліцыі паведамілі яму, што актывіст пераходзіў вуліцы ў неўстаноўленым месцы і адвезлі яго ў Маладэчанскі псіханеўралагічны дыспансэр з мэтаю праверкі на прадмет алкагольнага ап’янення. 

Больш за тры гадзіны прайшло ад моманту затрымання Абрамовіча.

Праваабаронцы удакладнілі інфармацыю з сацыяльных сетак пра затрыманне сябра партыі АГП з Маладэчна Генадзя Фарыно. Ён таксама зараз у міліцыі.  Існуе верагоднасць, што затрыманая таксама актывістка Маладзечанскай арганізацыі Партыі БНФ Вольга Лагвіновіч. Яна ад самай раніцай не выходзіць на сувязь.

Генадзя Фарыно адпусцілі з міліцыі без складання пратаколу, аднак на мітынг у Мінск ён ужо не паспее.

Раніцай у Баранавічах, на пероне вакзала перад адпраўленнем цягніка супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным быў затрыманы Рыгор Грык, грамадскі актывіст, сябра прафсаюза РЭП. Пра гэта ў сацыяльных сетках паведамляе Аляксандр Швед. Яго выпусцілі з міліцыі пасля пачатку акцыі ў Мінску.

"У пятніцу, 20 кастрычніка, пры перадачы мегафона супрацоўнікі міліцыі затрымалі арганізатараў акцыі і пратрымалі іх паўтары гадзіны ў пастарунку, мэгафон пры гэтым забралі",  - паведаміў “Радыё Свабода” Мікалай  Статкевіч.

Тым часам, удзельнікі  IV Беларускага праваабарончага форума ў Вільні прынялі спецыяльную заяву, у якой рашуча пратэстуеюць супраць прэвентыўных затрыманняў актывістаў напярэдадні акцыі “Марш абураных беларусаў”, якая ладзіцца 21 кастрычніка 2017 года ў Мінску на Кастрычніцкай плошчы.

"Мы ў чарговы раз нагадваем аб тым, што забеспячэнне права на мірныя сходы, гарантаванага Канстытуцыяй і міжнароднымі абавязацельствамі Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца пазітыўным абавязкам дзяржавы. У сувязі з гэтым заклікаем беларускія ўлады вызваліць прэвентыўна затрыманых актывістаў; ўстрымацца ад умяшальніцтва ў ход мірнай акцыі і затрымання яе ўдзельнікаў, а таксама прымянення да іх іншых адміністрацыйных санкцый", - гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.

 ***

На Кастрычніцкай плошчы дзяжураць некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным. За Палацам рэспублікі стаіць некалькі аўтазакаў. Міліцэйскія патрулі дзяжураць таксама на выхадах з метро.

Назіральнікі па стане на 14-20 налічваюць больш за 120 удзельнікаў акцыі. Мікалай Статкевіч заклікаў людзей прайсці маршам да Плошчы Незалежнасці.

“Марш абураных беларусаў 2.0” у Мінску 21 кастрычніка 2017 года.

“Марш абураных беларусаў 2.0” у Мінску 21 кастрычніка 2017 года.

“Марш абураных беларусаў 2.0” у Мінску 21 кастрычніка 2017 года.

Калона мітынгоўцаў колькасцю каля 200 чалавек, прыпынілася каля будынку МУС. Лідэр Руху “Разам” Вячаслаў Сіўчык праз мегафон абвясціў хвіліну маўчання па загінулых ахвярах камунізму. Затым мітынгоўцы дайшлі да плошчы і праводзяць мітынг каля Чырвонага касцёла.

Акцыя завяршылася ў 14-45. Пасля акцыі супрацоўнікамі міліцыі затрыманы актывіст "Еўрапейскай Беларусі" Арцём Чарняк. Вязуць у РУУС Цэнтральнага раёна. Пра затрыманне паведаміла актывіста Юля Сцяпанава.

Таксама затрыманая і актывістка-рэжысёр Вольга Нікалайчык.

І Чарняка, і Нікалайчык пазней вызвалілі ў РУУС без складання пратаколаў.

Затрыманне Вольгі Нікалайчык пасля акцыі 21 кастрычніка. Фота:

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства