viasna on patreon

«Вясна» заклікала міжнародную адвакацкую супольнасць падтрымаць беларускіх калегаў

2017 2017-09-08T16:58:31+0300 2017-09-08T17:15:25+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ccde.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота з сайта ccbe.eu

Ілюстрацыйнае фота з сайта ccbe.eu

Праваабарончы цэнтр "Вясна" накіраваў зварот да міжнароднай адвакацкай супольнасці, у якім паведамляе пра ціск на адвакатаў у Беларусі і заклікае праявіць салідарнасць з калегамі.

Зварот праваабаронцаў 8 верасня атрымаў Савет адвакацкіх аб'яднанняў і юрыдычных грамадстваў Еўропы (ССВЕ), які рэагаваў на пераслед беларускіх адвакатаў ў 2011 годе, Нацыянальная асамблея адвакатаў Польшчы, Нацыянальная асамблея юрыстаў Польшчы, Літоўская асацыяцыя адвакатаў, Савет адвакатаў Рэспублікі Малдова, Нацыянальная асацыяцыі адвакатаў Украіны, Асацыяцыя адвакатаў Грузіі і Нямецкая федэральная асацыяцыя адвакатаў.

«Лічым, што менавіта пазіцыя ўладаў Беларусі і органаў адвакацкага самакіравання ў галіне выканання і заахвочвання незалежнасці адвакатуры ў дзяржаве будзе вызначаць і тое месца, якое зойме беларуская адвакатура ў сям'і еўрапейскіх адвакатураў, і той узровень павагі ў грамадстве і сярод калегаў, на які будуць мець права разлічваць беларускія адвакаты.
Ваша ўвага да гэтай праблемы будзе актам салідарнасці з калегамі, а таксама пакажа уладам Беларусі на важнасць захавання правоў юрыстаў і ў цэлым - гарантый справядлівага суда», - гаворыцца ў звароце за подпісам кіраўніка ПЦ "Вясна" Алеся Бяляцкага і юрыста Паўла Сапелкі, лаўрэата прэміі ССВЕ "За абарону правоў чалавека".

Падставай для занепакоенасці праваабаронцаў паслужыла хваля пераатэстацый адвакатаў, прызначаных па выніках праверак Міністэрства юстыцыі, якія ўлетку гэтага года закранулі Магілёўскую абласную і Мінскую гарадскую калегіі адвакатаў. Паводле інфармацыі ПЦ "Вясна", пазачарговая атэстацыя па выніках гэтых праверак (а яна прызначаецца пры наяўнасці ў адвакатаў дысцыплінарных спагнанняў) будзе праведзена ў дачыненні да 25 асобаў - 23-х у Мінску і дзвюх у Магілёве, і пачнецца ўжо 12 верасня.

Праваабаронцы не выключаюць, што гэта можа быць звязана з рэзананснай палітычна матываванай крымінальнай справай "аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў" і іншымі справамі палітычных і грамадзянскіх актывістаў: у спісы на пераатэстацыі патрапілі і некалькі абаронцаў такіх асобаў.

Раней праваабаронцы неаднаразова заяўлялі, што ўсялякага роду пераатэстацыі з боку Мінюста з'яўляюцца адкрытай формай ціску на адвакатуру.

Нагадаем, 6 верасня ПЦ "Вясна" звярнуўся да Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў Монікі Пінта з просьбай звярнуць пільную ўвагу на сітуацыю з ціскам на адвакатаў у Беларусі, у тэрміновым парадку заклікаць улады Беларусі ўстрымацца ад умяшальніцтва ў дзейнасць калегій адвакатаў, а таксама ўстрымацца ад ціску і рэпрэсій у дачыненні да асобных адвакатаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства