ПЦ "Вясна" просіць спецдакладчыка ААН умяшацца ў сітуацыю ціску на адвакатаў у Беларусі
У звароце, накіраваным 6 верасня Спецыяльнаму дакладчыку па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў спадарыні Моніцы Пінта, праваабаронцы выказваюць занепакоенасць пазачарговай атэстацыяй па выніках праверак Міністэрства юстыцыі, якая будзе праведзена ў дачыненні да шэрагу адвакатаў ужо 12 верасня і можа пацягнуць за сабой пазбаўленне іх ліцэнзій.
Як паведамлялася раней, Праваабарончаму цэнтру "Вясна" вядома, што атэстацыя закране 25 прадстаўнікоў прафесіі - 23-х у Мінску і двух у Магілёве. Акрамя таго, каля 60 адвакатаў чакае чарговая пераатэстацыя, якая праводзіцца раз на пяць гадоў. З іх восем чалавек будуць праходзіць пераатэстацыю ў Кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці Міністэрства юстыцыі, а не ў тэрытарыяльных калегіях адвакатаў.
У звароце да спецдакладчыка ААН, накіраваным ад імя старшыні ПЦ "Вясна" Алеся Бяляцкага, гаворыцца пра склаўшуюся ў Беларусі практыку, калі праверкі ў дачыненні да адвакатаў часта звязаныя з хвалямі рэпрэсій у краіне: дастаткова ўзгадаць 2011 год, калі Міністэрства юстыцыі пасля выбараў прэзідэнта праводзіла кампанію ціску на адвакатаў, пазбавіўшы ліцэнзій шэраг абаронцаў экс-кандыдатаў у прэзідэнты і ўдзельнікаў мінскай акцыі пратэсту супраць вынікаў выбараў. Тады таксама праводзілася пазачарговая пераатэстацыя адвакатаў, для чаго і былі створаныя тэрытарыяльныя атэстацыйныя камісіі, склад якіх не вытрымліваў крытыкі. У тым жа годзе з ініцыятывы Міністэрства юстыцыі былі прынятыя і новыя правілы адвакацкай этыкі, што сур'ёзна абмяжоўвала правы адвакатаў і іх падабаронных.
«Таму, аглядаючыся назад, і сёння не варта выключаць, што пераатэстацыя адвакатаў можа быць звязаная з рэзананснай палітычна матываванай крымінальнай справай "аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў" і іншымі справамі палітычных і грамадзянскіх актывістаў: у спісы на пераатэстацыю патрапілі і некалькі абаронцаў такіх асобаў», - паведамляюць праваабаронцы спадарыні Моніцы Пінта.
Адзначаючы таксама, што заканадаўства аб адвакатуры Беларусі замацоўвае права Мінюста прама ўмешвацца ў дзейнасць адвакатуры і кожнага адваката, праваабаронцы падкрэсліваюць абумоўленую існуючым законам і практыкай бездапаможнасць і безабароннасць прафесійнай карпарацыі перад уладамі і просяць спецдакладчыка ААН у тэрміновым парадку заклікаць улады Беларусі ўстрымацца ад умяшальніцтва ў дзейнасць адвакацкіх калегій, а таксама ўстрымацца ад ціску і рэпрэсій у дачыненні да асобных адвакатаў.