Мінюст працягвае пазбаўляць адвакатуру незалежнасці
Пасля прыняцця ў новай рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці” Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь распрацавала новыя Правілы прафесійнай этыкі адвакатаў.
Неабходна адзначыць, што гэта ўжо другая спроба Міністэрства юстыцыі зацвердзіць падобны дакумент за апошні год. 14 студзеня 2011 г. Мінюст стварыў працоўную групу па распрацоўцы новай рэдакцыі Правілаў прафесійнай этыкі адваката. Тады сябрам усіх калегій адвакатаў было прапанавана да 25 студзеня 2011г. уносіць свае прапановы па зменах Правілаў.
У 2011 годзе новыя Правілы былі распрацаваныя спецыялістамі Міністэрства юстыцыі без удзелу саміх адвакатаў. Гэта быў пачатковы пасля падзеяў 19 снежня перыяд рэпрэсіўных мерапрыемстваў з боку міністэрства ў дачыненні да адвакатуры. Прэзідыум Мінскай гарадской калегіі адвакатаў у той перыяд не пагадзіўся з прапанаванай рэдакцыяй правілаў і распрацаваў свае прапановы ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам аб адвакатуры і накіраваў іх у Міністэрства юстыцыі.
У афіцыйнай заяве МГКА было пазначана, што “праект новай рэдакцыі правілаў прафесійнай этыкі адваката ігнаруе асноўныя прынцыпы адвакацкага самакіравання і самарэгулявання адвакацкай прафесіі, накіраваны на фактычнае адмаўленне гарантый адвакацкай дзейнасці ў цэлым і незалежнасці прафесіі адваката у прыватнасці, на адмаўленне ролі органаў адвакацкага самакіравання”.
У сваіх пярэчаннях Прэзідыум паказаў, што Правілы прафесійнай этыкі адваката павінны распрацоўвацца і прымацца выключна адвакацкай супольнасцю. Дадзеная выснова абумоўлена сутнаснымі прыкметамі прафесіі адваката, зместам паняцця "прафесійная этыка" і сусветнай практыкай у разгляданай вобласці.
Неабходнасць усталявання дзяржавай дадатковых гарантый належнага ажыццяўлення адвакатам яго прафесійнай дзейнасці, накіраваных на абарону асобы адваката, а таксама нематэрыяльных дабротаў, падкрэсліваецца ў Асноўных палажэннях аб ролі адвакатаў, прынятых Восьмым Кангрэсам ААН па папярэджанні злачыннасці і абыходжання з правапарушальнікамі ў Гаване ў 1990 годзе. Да такіх гарантыях адносяцца, у прыватнасці, прафесійная незалежнасць адваката і самакіраванне адвакатуры.
Адной з асноўных мэтаў дзейнасці органаў адвакацкага самакіравання – калегій адвакатаў – ёсць ўсталяванне правiлаў прафесійных паводзінаў адвакатаў і ажыццяўленне кантролю за імі.
Правілы прафесійнай этыкі закліканыя ўпарадкаваць адносіны ўнутры адвакацкай супольнасці сіламі самой гэтай супольнасці, сябры якой у найбольшай ступені дасведчаныя у сваіх праблемах, таму і распрацоўваюць правілы, абавязковыя для ўсіх сябраў прафесійнай супольнасці. Наяўнасць Правіл прафесійнай этыкі, прынятых менавіта адвакацкім самакіраваннем, ёсць паказчыкам маральнай і сацыяльнай сталасці адвакацкай супольнасці, якая здольная і павінна самастойна, без удзелу дзяржавы, рэгуляваць паводзіны сваіх сябраў. Закон Рэспублікі Беларусь ад 15 чэрвеня 1993 года “Аб адвакатуры” не адносіць прыняцце Правілаў прафесійнай этыкі адваката да кампетэнцыі Міністэрства юстыцыі.
Агульнапрызнанай сусветнай практыкай ёсць прыняццё правілаў (кодэксаў) прафесійнай этыкі прафесійнымі супольнасцямі адвакатаў (адвакатурамі, палатамі, асацыяцыямі, калегіямі). Гэта значыць, што ў абсалютнай большасці дзяржаваў такія правілы ўсталёўваюцца з дапамогай карпаратыўнай нарматворчасці, гэта значыць без якога-небудзь удзелу дзяржавы.
Выкладзеная пазіцыя засноўваецца і на п.21 Стандартаў незалежнасці юрыдычнай прафесіі (Міжнародная асацыяцыя юрыстаў, 1990), згодна з якім прадугледжана, у прыватнасці, што: “Асацыяцыі павінны зацвярджаць і праводзіць у жыццё свой прафесійны кодэкс”.
Прэзідыум МГКА звярнуў увагу Мінюста, што згодна з Рэкамендацыямі Камітэта Міністраў Савета Еўропы аб свабодзе ажыццяўлення прафесіі адваката ад 25 кастрычніка 2000 г. № R (2000) 21 дзяржаве прадпісана:
- паважаць ролю асацыяцый адвакатаў па абароне сваіх сябраў і іх незалежнасці ад любых неправамоцных абмежаванняў або ўмяшання (Прынцып V, п. 4);
- прыняць усе магчымыя меры для таго, каб паважалася, абаранялася і заахвочвалася свабода ажыццяўлення прафесіі адваката без дыскрымінацыі і неправамернага ўмяшання органаў улады або грамадскасці (Прынцып I п. 1).
Адступленне ад згаданых вышэй прынцыпаў абсалютна непрымальна для дэмакратычнай прававой дзяржавы, якой, згодна з артыкулам 1 Канстытуцыі, ёсць Рэспубліка Беларусь.
Рэспубліка Беларусь, як еўрапейская дзяржава, не павінна ігнараваць агульнапрынятыя ў еўрапейскіх прававых сістэмах прынцыпы і метады рэгулявання адвакацкай прафесіі, якія адлюстроўваюць аб'ектыўныя тэндэнцыі развіцця сучасных дэмакратычных правапарадкаў.
Дэманстратыўная праява недаверу да адвакацкай супольнасці, здольнай самастойна ўсталёўваць этычныя нормы паводзін сваіх сябраў і забяспечваць належны кантроль за іх выкананнем, ігнараванне самакіравальнай, самарэгуляванай прыроды адвакатуры можа падарваць давер грамадства да правасуддзя і судовай сістэмы, нанесці істотны ўрон ажыццяўленню правоў і свабод грамадзян, абароне іх законных інтарэсаў, а таксама рэпутацыі Рэспублікі Беларусь. Пры такіх абставінах беларуская адвакатура, на думку прэзідыума МГКА, не зможа эфектыўна выконваць задачы, ускладзеныя на яе Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.
Паказаныя пярэчанні на праект Правілаў прафесійнай этыкі адваката, прапанаваных Мінюстам, былі зацверджаны Прэзідыумам Мінскай гарадской калегіі адвакатаў 11 лютага 2011 года і ўтрымлівалі ў сабе шэраг прапановаў, якія былі накіраваныя на захаванне незалежнасці, самакіравання і карпаратыўнасці адвакатуры.
Аднак неабходна адзначыць, што такая прынцыповасць і паслядоўнасць пазіцыі органа адвакацкага самакіравання мела месца год назад. За мінулы перыяд значна парадзелі шэрагі членаў Прэзідыума – трое з іх (А. Агееў, Т. Агеева і П. Сапелка, якія баранілі удзельнікаў акцыі на Плошчы) былі пазбаўленыя магчымасці быць не толькі сябрамі Прэзідыума, але і ажыццяўляць адвакацкую дзейнасць, а старшыня Прэзідыума А. Пыльчанка пасля чарговага прадпісання Мінюста быў вымушаны пакінуць сваю пасаду.
Увесь год ўся беларуская адвакатура перажывала шматлікія праверкі, забароны на павышэнне кваліфікацыі за межамі Рэспублікі Беларусь, пазачарговую атэстацыю і г. д. Сёння ў калегіі, бадай, няма ні воднага адваката, які б не адчуў на сабе ўсю моц і сілу прэсінгу з боку дзяржаўнай улады. Вынік барацьбы за захаванне незалежнасці відавочны – адвакатура як інстытут прайграла гэтую вайну, нясучы значныя страты. Не менш за 8 адвакатаў страцілі права на прафесію, аднаму прыпынена дзеянне ліцэнзіі, колькасць адвакатаў, якія атрымалі прадпісанні Мінюста не паддаецца дакладнаму вылічэнню. Выжылыя ў гэтым няроўным баі заклапочаныя толькі адным – захаваннем сваіх ліцэнзій. Аб забеспячэнні рэальнай незалежнасці інстытута адвакатуры ад органаў дзяржаўнай улады сёння самі адвакаты стараюцца ўслых не казаць.
Замест адстойвання прынцыпаў незалежнасці зараз адвакацкай супольнасцю абмяркоўваюцца толькі фінансавыя асаблівасці падаткаабкладання адвакацкай дзейнасці і памер адлічэнняў у даход рэспубліканскай і тэрытарыяльных калегій.
30 сьнежня 2011 г., быў прыняты новы Закон "Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці", у адпаведнасці з якім зацвярджэнне Правілаў прафесійнай этыкі адваката аднесена да кампетэнцыі Міністэрства юстыцыі.
У студзені 2012 года міністэрства накіравала ў калегіі новы праект Правілаў, якія носяць яшчэ больш жорсткі, кантралюючы характар дзяржавы ў адносінах да адвакатуры. Органы адвакацкага самакіравання па сутнасці самаўхіліліся ад выпрацоўкі якіх-небудзь праектаў правілаў, якія былі б накіраваныя на стварэнне ўмоваў для рэальнай, а не дэклараванай незалежнасці як самога інстытута адвакатуры ў цэлым, так і незалежнасці кожнага адваката пры ажыццяўленні прафесійнай дзейнасці. Нясмелыя спробы ў выглядзе ўнясення нязначных прапановаў у праект, распрацаваны спецыялістамі Мінюста, не мяняюць ягонай сутнасці.
Вельмі трывожным ёсць значнае пашырэнне кампетэнцыі Міністэрства юстыцыі па пытаннях кіравання адвакатурай. Гаворка ўжо не ідзе аб агульным кіраванні дзейнасцю гэтага незалежнага інстытута ў дзяржаве. Паводле новагаЗакону і Правілааў адвакацкай этыкі, дзейнасць адвакатуры цалкам падпарадкаваная Мінюсту па ўсіх асноўных пытаннях арганізацыйнай дзейнасці.
Правілы прафесійнай этыкі адваката ўтрымліваюць пералік дзеянняў, ужо аднесеных распрацоўшчыкамі праекта – спецыялістамі Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь да “несумяшчальных са званнем адваката” і тых, што могуць быць падставай для выключэння з тэрытарыяльнай калегіі адвакатаў.
Гэтая фармулёўка азначае, што здзяйсненне любога з пералічаных у Правілах дзеянняў павінна аўтаматычна цягнуць за сабой пазбаўленне статусу адваката. Тым самым, створаная “абсалютна-пэўная санкцыя”, а такіх санкцый няма нават у Крымінальным кодэксе.
Ва ўсім цывілізаваным свеце, у краінах блізкага і далёкага замежжа “несумяшчальнымі са званнем адваката” ёсць правіны, учыненыя адвакатам і прызнаныя такімі адпаведным органам адвакацкага самакіравання. Пералічэнне ў Правілах канкрэтных вінаватых дзеянняў, якія ўжо прызнаныя несумяшчальнымі са званнем адваката, носіць карны характар, нават у параўнанні з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 верасня 2010 года № 450 “Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці”. Ацэнка парушэнняў як правінаў, несумяшчальных са званнем адваката, у кожным пэўным выпадку павінна адбывацца з улікам канкрэтных абставінаў. Акрамя таго, “неабходна выконваць прынцып супамернасці ў вызначэнні санкцый за дысцыплінарныя правапарушэнні, здзейсненыя адвакатамі”, як паказана ў рэкамендацыях Камітэта Міністраў Савета Еўропы аб свабодзе ажыццяўлення прафесіі адваката ад 25 Кастрычніка 2000 г. № R (2000) 21, Прынцып VI, п. 4.
Пашырэнне кампетэнцыі Міністэрства юстыцыі па ініцыяванні дысцыплінарнай вытворчасці ў дачыненні да адвакатаў прывядзе да таго, што адвакаты апынуцца ў поўнай залежнасці ад гэтага органа выканаўчай улады. Любое адступленне ад якіх-небудзь прадпісанняў Міністэрства будзе несьці небяспеку ўзбуджэння дысцыплінарных справаў і пазбаўлення ліцэнзіі.
У гэтых умовах немагчыма быць свабодным і незалежным суб'ектам правасуддзя, прынцыпова і прафесійна адстойваць свае правы, абараняць інтарэсы асобаў, якія ўступаюць у супярэчнасць з дзяржавай. Страта незалежнасці адвакатуры прыводзіць да парушэння правоў кліентаў на абарону незалежным адвакатам і як вынік – нізкай эфектыўнасці такой абароны.
Такое становішча, мабыць, задавальняе цяперашнюю адвакатуру. Адвакаты практычна не ўдзельнічалі ў прыняцці новага Закона “Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці”, пагадзіліся з праектам Правілаў прафесійнай этыкі і не абараняюць свой карпаратыўны інтарэс, прынцыпы незалежнасці і прафесійнай дзейнасці адвакатуры як адной з фундаментальных падставаў незалежнага судаводства.
У складзенай сітуацыі неабходна канстатаваць, што такога інстытута, неабходнага ў дэмакратычным грамадстве, як “незалежная адвакатура” – у Беларусі ўжо папросту няма ні юрыдычна, ні фактычна.