Павел Сапелка: Пасля працэсаў па справе 19 снежня Мінюст напэўна хоча аддаць адвакатам “па заслугах”
Павел Сапелка накіраваў у Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь зварот з нагоды Загаду Міністэрства юстыцыі пра пазачарговую атэстацыю адвакатаў. Ён указвае, што гэты дакумент парушае і міжнародныя прававыя нормы і палажэнні нацыянальнага заканадаўства. Былы адвакат лічыць гэты крок Мінюста чарговай спробай умяшальніцтва ў дзейнасць незалежнага інстытута адвакатуры і расправы з адвакатамі, якія прыйшліся не да спадобы.
У
адпаведнасці з Загадам Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 30 траўня
2011 года № 135, да 5 чэрвеня павінны быць утвораны тэрытарыяльныя атэстацыйныя
камісіі з прадстаўнікоў галоўных упраўленняў юстыцыі, органаў адвакацкага
самакіравання, дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, судоў і прадстаўнікоў
юрыдычнай навукі.
У сувязі з
гэтым у сваім звароце Павел Сапелка
адзначае, што паводле дзеючых нормаў заканадаўства “атэстацыю адвакатаў
праводзіць атэстацыйная камісія калегіі адвакатаў, якая прызначаецца
прызідыумам адпаведнай калегіі адвакатаў. Склад атэстацыйнай камісіі фармуецца
з не менш за пяцёх кваліфікаваных
адвакатаў, якія маюць стаж працы ў адвакатуры не менш за пяць гадоў і не
падлягаюць атэстацыі на дадзены момант”. На гэтым фоне склад атэстацыйных
камісій, прапісаны ў Загадзе Мінюста, не вытрымлівае крытыкі.
“Па-першае,
усе сябры гэтых камісій за выключэннем адвакатаў наўрад ці ў поўнай меры
ўяўляюць усю спецыфіку працы адваката. І я сумняюся, што дзесьці, акрамя
Беларусі, ёсць такая форма праверкі адпаведнасці адваката кваліфікацыйным
патрабаванням – менавіта сіламі дэпутатаў, суддзяў, работнікаў органа
ўпраўлення Міністэрства юстыцыі. Хіба што такое магчыма яшчэ дзесьці ў
сярэднеазіяцкіх рэспубліках былога СССР, - адзначае П.Сапелка. – Па-другое, так
ці інакш, усе яны звязаныя з органамі ўлады і кіравання і гэта па сутнасці
форма ціску на адвакатуру”.
Юрыст падкрэслівае, што ў прынцыпе з’яўленне гэтага Загаду нельга разглядаць
інакш як форму ціску на адвакатуру. Гэты інстытут з’яўляецца незалежным паводле
азначэння, што выключае ўсялякае ўмяшальніцтва ў яго дзейнасць. Акрамя таго,
дадзены Загад супярэчыць розным нарматыўным актам, рэгулюючым адвакацкую
дзейнасць, у тым ліку палажэнням Закона “Аб адвакатуры” і Пастанове самога ж Міністэрства
юстыцыі “Аб зацверджанні Інструкцыі аб парадку правядзення атэстацыі
адвакатаў”. І пра пазачарговую атэстацыю
адвакатаў напрамую нідзе не гаворыцца.
“Ужо сам факт узнікнення гэтай ідэі
сведчыць пра тое, што, відавочна, Міністэрства юстыцыі хоча нейкім чынам
правесці лёгкі перагляд сябраў калегій і
напэўна адсеяць тых, хто з нейкіх прычынаў прыйшоўся не да спадобы органам
улады і кіравання, а магчыма і судам”, - мяркуе П.Сапелка.
Аднак тут трэба адзначыць, што Указ Прэзідэнта “Аб ліцэнзаванні асобных відаў
дзейнасці” напрамую не прадугледжвае ў якасці падставы для пазбаўлення ліцэнзіі
непраходжанне атэстацыі.
“Але ўзнікае падазрэнне, што Мінюст будзе шырока
трактаваць гэты Указ і нейкім чынам зможа абгрунтаваць адлічэнне тых ці іншых
адвакатаў з калегіі альбо пастаноўку пытання пра пазбаўленне іх ліцэнзіі, - перасцерагае П.Сапелка. – А судовая перспектыва абскарджання ўжо зараз зразумелая. Мы мелі
магчымасць назіраць гэта на прыкладзе тых адвакатаў, якія ўжо абскарджвалі
пазбаўленне ліцэнзіі - безвынікова”.
Мінюст тлумачыць неабходнасць пазачарговай атэстацыі ўсіх адвакатаў Беларусі -
з абласных і Мінскай гарадской калегій – мэтамі падвышэння адказнасці і якасці
выканання імі прафесійных абавязкаў. Але, напрыклад, для былога адваката
відавочныя іншыя мэты:
“Я мяркую, што зараз – пасля таго, як адбыліся вядомыя працэсы па справе 19 снежня, пасля праверак, якія праводзіліся ў калегіях адвакатаў – Міністэрства юстыцыі напэўна хоча, як кажуць, аддаць адвакатам “па заслугах”.
Павел Сапелка не бачыць праблемаў у тым, каб яго зварот быў разгледжаны ў дастаткова кароткія тэрміны. Аднак у любым выпадку юрыст лічыць, што Канстытуцыйны Суд павінен даць ацэнку дадзенаму Загаду Мінюста, інакш гэты Загад можа быць не апошнім у сваім родзе.