viasna on patreon

Справа аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў не спыненая

2017 2017-07-10T13:51:46+0300 2017-07-10T15:49:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich-2016.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Справа аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, узбуджаная па частцы 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса напярэдадні Дня Волі, не спыненая. Спынены пераслед фігурантаў гэтай справы, аднак папярэдняе следства працягваецца. Праваабаронцы “Вясны”, атрымаўшы адпаведнае дакументальнае пацверджанне, выказваюць пэўныя апасенні з гэтай нагоды.  

Нечаканы факт юрысты Праваабарончага цэнтра “Вясна” высветлілі падчас працы па падрыхтоўцы іскавых заяваў аб спагнанні маральнай шкоды за незаконнае ўтрыманне пад вартай для фігурантаў справы, крымінальны пераслед у дачыненні да якіх быў спынены.

У прыватнасці, з такой заявай у КДБ звяртаўся Сяргей Кунцэвіч, і на мінулым тыдні ён атрымаў адказ са Следчага камітэта, куды была перанакіраваная яго заява. З гэтага адказу, падпісанага старэйшым следчым па асабліва важных справах Андрэем Халімавым, і вынікае, што крымінальная справа не спынена.

“Падставаў для вынясення органам, які вядзе крымінальны працэс, пастановы пра спыненне крымінальнай справы № 17068930028 няма, паколькі папярэдняе следства па справе не скончанае.

Адначасова з гэтым, паведамляю, што 07.06.2017 крымінальны пераслед Вас у частцы здзяйснення Вамі злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.293 КК Рэспублікі Беларусь, спынены. Падставаў для вынясення якіх-небудзь іншых пастановаў, звязаных з крымінальна-прававой ацэнкай Вашых дзеянняў, няма”, - піша прадстаўнік СК у адказе Кунцэвічу.

На сёння Праваабарончаму цэнтру “Вясна” невядома пра асобаў, якія б знаходзіліся ў статусе падазронага або абвінавачанага ў межах крымінальнай справы па частцы 3 артыкула 293, аднак падставы для занепакоенасці ёсць.

“Па факце падрыхтоўкі масавых беспарадкаў вытворчасць не спыненая, і гэта азначае, што ў межах расследавання гэтай крымінальнай справы могуць праводзіцца розныя следчыя мерапрыемствы – ператрусы, агляды памяшканняў, апытанні і іншае. Тэарэтычна могуць з’явіцца новыя падазраваныя і абвінавачаныя”, - кажа Валянцін Стэфановіч.  

“Тое, што гэтая справа не спыненая, выклікае нашую асаблівую занепакоенасць. І ў звязку з гэтым нашыя патрабаванні застаюцца ранейшымі: вытворчасць па гэтай справе павінна быць спыненая”, - падкрэслівае праваабаронца.

Нагадаем, крымінальная справа па ч.3 арт.293 КК была распачатая КДБ напярэдадні акцыі 25 сакавіка 2017 года. У межах яе былі затрыманыя больш за 30 асобаў, якія ўтрымліваліся ў следчых ізалятарах КДБ і МУС, паступова частка з іх была вызваленая з- пад варты і крымінальны пераслед супраць іх быў спынены, а 16-ці фігурантам было прад’яўленае дадатковае абвінавачанне па артыкуле 287 КК. На момант, калі за кратамі заставаліся 14 фігурантаў справы, СК паведаміў, што прыняў да вытворчасці справу аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання, а крымінальны пераслед тых жа асобаў на падставе ч.3 арт.293 КК КДБ спыніў. Гэты факт і быў успрыняты грамадскасцю як спыненне самой крымінальнай справы. 

Пасля з’яўлення інфармацыі пра катаванні ў СІЗА КДБ праваабарончыя арганізацыі Беларусі запатрабавалі вызвалення з-пад варты ўсіх фігурантаў гэтай крымінальнай справы. 27 - 30 чэрвеня, у сувязі са зменай меры стрымання на падпіску аб нявыездзе, з-пад варты былі вызваленыя ўсе 14 абвінавачаных па крымінальнай справе аб арганізацыі незаконнага ўзброенага фармавання, якія заставаліся ў следчых ізалятарах. Крымінальны пераслед, аднак, спынены не быў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства