Відэасведчанне Сяргея Кунцэвіча пра катаванні ў СІЗА КДБ Відэа
Адзін з фігурантаў справы "аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” Сяргей Кунцэвіч, якому 2 чэрвеня змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе, распавёў праваабаронцам “Вясны” аб тым, што пад час допытаў у СІЗА КДБ яго катавалі невядомыя асобы ў чорных масках. Прапануем фрагмент з відэазапісу паведамлення Кунцэвіча.
У прыватнасці, Сяргей Кунцэвіч паведаміў, што ў ходзе допыту ў будынку КДБ Беларусі, які адбываўся ў адсутнасць адваката, асобы ў чорнай уніформе і ў масках, калі пакой для допыту пакінулі следчыя, нанеслі некалькі удараў па целе, адзін з іх пасля гэтага 3-4 разы выкарыстаў у дачыненні да яго электрашокер, уздзейнічаючы на левую нагу на працягу 30-40 секунд. Гэта прыносіла моцныя фізічныя пакуты.
Па факце катаванняў была пададзеная заява на імя начальніка Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, у якой Кунцэвіч просіць правесці праверку па выкладзеных фактах, накіраваць яго для праходжання судова-медыцынскай экспертызы і распачаць крымінальную справу ў дачыненні да супрацоўнікаў КДБ і МУС, вінаватых ва ўжыванні катаванняў і жорсткага абыходжання.