Сяргей Кунцэвіч просіць Следчы камітэт узбудзіць крымінальную справу ў сувязі з катаваннямі ў СІЗА КДБ
Фігурант справы "аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” Сяргей Кунцэвіч, якому 2 чэрвеня змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе, звярнуўся ў Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Ён падцвердзіў праваабронцам факты катаванняў, якія мелі месца ў СІЗА КДБ, а пазней і ў СІЗА №1 г. Мінска, куды яго перавялі праз два тыдні.
Так, Сяргей Кунцэвіч распавёў, што ў ходзе допыту ў будынку КДБ Беларусі, які адбываўся ў адсутнасць адваката, асобы ў чорнай уніформе і ў масках, калі пакой для допыту пакінулі следчыя, нанеслі некалькі удараў па целе, адзін з іх пасля гэтага 3-4 разы выкарыстаў у дачыненні да яго электрашокер, уздзейнічаючы на левую нагу на працягу 30-40 секунд. Гэта прыносіла моцныя фізічныя пакуты.
Пасля таго, як у кабінет вярнуліся следчыя і пачалі працягваць допыт, адзін з людзей ў чорнай уніформе прыставіў да шыі электрашокер і пагражаў яго прымяненнем.
Па словах Кунцэвіча, у перыяд знаходжання ў СІЗА КДБ парушаліся ягоныя працэсуальныя правы, ён утрымліваўся ў прыніжаючых, бесчалавечных умовах: 14 дзён спаў на падлозе, на працягу дня сядзеў на вузкай дошцы, не атрымліваў медыцынскай дапамогі. У якасці туалета выкарыстоўвалася вядро, якое стаяла на вачах у іншых арыштаваных.
Сяргей Кунцэвіч распавёў, што пасля пераводу яго ў СІЗА №1, ён быў падвергнуты збіццю супрацоўнікамі ізалятара. Гэта здарылася 1 чэрвеня.
На падставе гэтай інфармацыі юрысты ПЦ “Вясна” дапамаглі скласці заяву на імя начальніка Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, у якой Кунцэвіч просіць правесці праверку па выкладзеных фактах, накіраваць яго для праходжання судова-медыцынскай экспертызы і распачаць крымінальную справу ў дачыненні да супрацоўнікаў КДБ і МУС, вінаватых ва ўжыванні катаванняў і жорсткага абыходжання.
Усе сведчанні фігуранта справы "аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” Сяргея Кунцэвіча пра катаванні задакументаваныя шляхам відэа і аўдыёзапісу.
Сяргей Кунцэвіч — адзін з фігурантаў справы "аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”. Ён быў затрыманы ў Мінску 24 сакавіка. Кунцэвіч лічыцца паплечнікам Мікалая Статкевіча па “Народнай грамадзе”, а ў сюжэце паказаным па БТ яго назвалі асабістым кіроўцам палітыка.