Справа “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” спынена ў дачыненні да ўсіх маладафронтаўцаў Дакумент
Усе шасцёра актывістаў Маладога Фронту, якія фігуравалі ва ўзбуджанай па частцы 3 артыкула 293 справе, атрымалі паведамленні з Камітэта дзяржаўнай бяспекі аб спыненні крымінальнага пераследу з прычыны адсутнасці ў іх дзеяннях складу злачынства.
Інфармацыю адносна сябе Праваабарончаму цэнтру “Вясна” пацвердзіў адзін з фігурантаў справы – Зміцер Крэмянецкі. Ён, услед за паплечнікамі па МФ Зміцерам Дашкевічам, Сяргеем Пальчэўскім, Раманам Васільевым, паведаміў пра атрыманне адпаведнай паперы з КДБ. Апавяшчэнне пра спыненне крымінальнай справы падпісаў падпалкоўнік А.В. Грыб (гл. дакумент ніжэй).
Аналагічная інфармацыя пацвердзілася таксама адносна Уладзіміра Яроменка і Арцёма Леўчанкі, якія разам з паплечнікамі 1 красавіка выйшлі з СІЗА-1 пад падпіску аб нявыездзе.
Зыходзячы з паведамленняў пра тых, з каго таксама знятыя ўсе абвінавачанні – Мікалая і Яна Міхальковых, Сяргея Кулініча, можна меркаваць, што крымінальны пераслед спыняецца ў дачыненні толькі да тых фігурантаў справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”, якім не было прад’яўлена дадатковае абвінавачанне па артыкуле 287 КК “Стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання”.
Нагадаем, у СІЗА КДБ і СІЗА МУС пад вартай застаюцца 14 чалавек, затрыманых з прад’яўленнем абвінавачанняў у “падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” на Дзень Волі 25 сакавіка ў Мінску.