З-пад варты вызваленыя Мароз і Лазоўскі
30 чэрвеня на свабоду выйшлі два апошнія фігуранты справы аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання – Віктар Мароз і Міраслаў Лазоўскі.
Віктар Мароз і Міраслаў Лазоўскі, як і вызваленыя раней фігуранты справы, выйшлі з СІЗА-1 пад падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.
Пра іх вызваленне журналістам сёння паведаміў старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч. Наконт прычыны для змены меры стрымання ён адзначыў, што няма падставаў трымаць іх пад вартай.
«Справа знаходзіцца на маім асабістым кантролі. У цяперашні момант мы мяркуем, што падставаў для знаходжання пад вартай фігурантаў па справе не маецца, і мы паслядоўна прынялі рашэнне аб змене меры стрымання. І думаю, што да канца сённяшняга дня не застанецца ніводнага з фігурантаў пад вартай. Што тычыцца перспектываў, то я пакуль устрымаюся ад каментароў. Следства пакажа», - цытуе Наскевіча Свабода.
Такім чынам, пад абвінавачаннем па артыкуле 287 КК (стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання) знаходзяцца 16 чалавек. 14 з іх былі вызваленыя 27 – 30 чэрвеня з СІЗА МУС, а двое раней з СІЗА КДБ: Андрэй Бяляўскі 2 чэрвеня выйшаў пад падпіску аб нявыездзе, а Яўген Палтаржыцкі 19 траўня быў пераведзены пад хатні арышт.
Першапачаткова ўсе фігуранты справы былі затрыманыя ў межах крымінальнай справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”, а дадатковае абвінавачванне па артыкуле 287 КК “Стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання” ім было прад’яўлена пазней. Пасля таго, як КДБ спыніў справу па частцы 3 артыкула 293 КК, яны заставаліся пад вартай з другім абвінавачваннем.
Нагадаем, што пасля з’яўлення інфармацыі пра катаванні ў СІЗА КДБ праваабарончыя арганізацыі Беларусі запатрабавалі вызвалення з-пад варты ўсіх фігурантаў гэтай крымінальнай справы, указаўшы, што паводле заканадаўства доказы, атрыманыя з парушэннем закона, не маюць юрыдычнай сілы, не могуць быць пакладзены ў аснову абвінавачвання і не могуць выкарыстоўвацца ў якасці даказвання.