viasna on patreon

У магілёўскай калоніі № 15 памёр 22-гадовы палітзняволены Дзмітрый Шлетгаўэр Дапоўнена

2024 2024-11-03T08:00:00+0300 2024-11-06T13:31:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shlethauer.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы "Вясны" атрымалі пацверджанне, што ў магілёўскай калоніі № 15 памёр грамадзянін Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Шлетгаўэр. Па папярэдняй інфармацыі, гэта здарылася 11 кастрычніка 2024 года. Ён прабыў у калоніі менш за месяц. Дакладная прычына смерці невядомая. Летам яго асудзілі да 12 гадоў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму за "шпіянаж" (арт. 358 КК) і "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 арт. 361-4 КК). Гэта сёмая смерць палітвязня за кратамі.

З сацсетак стала вядома, што Дзмітрыю Шлетгаўэру 22 гады. Ён нарадзіўся ў расійскім Слаўгарадзе. У 2018 годзе атрымаў беларускі ВНЖ. Хлопец працаваў у Камянцы на прадпрыемстве па вытворчасці палімернай прадукцыі і ўпакоўкі.

Крыху менш за год палітвязня ўтрымлівалі за кратамі. Па інфармацыі праваабаронцаў, таксама быў затрыманы і брат Дзмітрыя, але пазней яго дэпартавалі ў Расію.

Некалькі месяцаў таму над Шлетгаўэрам адбыўся суд паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Пакуль адбываліся судовыя пасяджэнні, у яго нарадзілася дзіця.

У раскладзе судоў на сайце Вярхоўнага суда не было інфармацыі пра разгляд яго крымінальнай справы — толькі дата разгляду яго апеляцыйнай скаргі. Апеляцыя прайшла 30 жніўня, рашэнне прымала судовая калегія пад старшынствам суддзі Эдгара Марцірасяна.

Па інфармацыі "Вясны", Дзмітрыю прызначалі 12 гадоў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму. Напачатку восені яго накіравалі адбываць тэрмін у магілёўскую калонію № 15. Незадоўга пасля этапу яго знайшлі памерлым, але дакладная прычына смерці невядомая.

UPD. 6 лістапада "Люстэрка" апублікавала інфармацыю аб прычыне смерці Дзмітрыя Шлетгаўэра. Па словах знаёмага сям'і, які зараз жыве за мяжой, у пасведчанні аб смерці палітвязня ўказаная прычына — «механічная асфіксія». Вельмі часта такі запіс робяць пры самагубствах.

"Кіраўніцтва калоніі не паведаміла родным Дзмітрыя, што менавіта здарылася з ім", — сцвярджае ён.

Па словах суразмоўцы, родныя палітвязня размаўлялі з ім праз лісты. Жонка Дзмітрыя наведвала яго ў СІЗА да і пасля суда.

"Сям'я лічыць, што Дзмітрый не збіраўся забіваць сябе. Па словах родных, ён быў вельмі засмучаны з-за таго, што з ім здарылася, але не настолькі, каб быць гатовым да добраахвотнага сыходу з жыцця. Яшчэ ў СІЗА ён пачаў старанна рыхтавацца да пераводу ў калонію — збіраў цыгарэты, цукар, гарбату і каву ў разліку на тое, што яны спатрэбяцца ў лагеры".

Па словах крыніцы, Дзмітрый казаў родным, што ў следчым ізалятары да яго ставіліся добра. Сукамернікі і адміністрацыя праблем не стваралі. Згодна з крыніцай выдання, сям'я не верыць у самазабойства, бо Дзмітрый меў планы, збіраўся пісаць прашэнне аб памілаванні. Яшчэ ў СІЗА ў Шлетгаўэра з'явіліся праблемы са здароўем, на нервовай глебе ён палысеў, непакоіў варыкоз. З СІЗА ў калонію мужчыну перавялі ў першых чыслах кастрычніка 2024 года. І адразу ж адправілі ў штрафны ізалятар, але нагоду сям'я не ведае.  

Праваабаронцы "Вясны" выказваюць спачуванні родным і блізкім палітвязня.

Як беларусы паміраюць праз палітычны пераслед Дапоўнена

"Вясна" ўзгадвае ахвяраў палітычных рэпрэсій, якія памерлі за кратамі ці праз наступствы ціску і ўмоваў утрымання ў ізалятарах, а таксама праз перавышэнне паўнамоцтваў і ціск з боку сілавікоў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства