viasna on patreon

Самы папулярны гродзенскі сайт прызнаны "экстрэмісцкім". Хроніка рэпрэсій 30 кастрычніка Дапоўнена

2024 2024-10-30T11:53:34+0300 2024-10-30T17:53:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/silaviki_zatrymanne-na-pratestakh.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 30 кастрычніка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

"Экстрэмісцкім" прызналі лагатып самага папулярнага гродзенскага сайту S13

Адпаведнае рашэнне прынятае судом Ленінскага раёну Гродна 28 кастрычніка. У рашэнні суда падрабязна апісаны кожны лагатып СМІ ў кожнай сацсетцы.Сярод іншага, «экстрэмісцкім» з'яўляецца «візуальны матэрыял або тэкст "s13 ru" з якімі-небудзь надпісамі або без выкарыстання надпісаў, незалежна ад носьбітаў інфармацыі, а таксама размешчаныя на лічбавых фота і відэамалюнках».

Таксама ў Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі старонку ў «Аднакласніках» «INFO Беларусь» і Instagram-старонку беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта.


У Мінску адмянілі канцэрт у клубе "Рэактар" з нагоды Дзядоў

У мінскім клубе «Рэактар» 3 лістапада меў адбыцца канцэрт з нагоды Дзядоў. Сярод выступоўцаў — легендарны музыка Іван Кірчук, спявачка Іва Саціва, акапельны фолк-гурт Guda. Аднак сёння стала вядома, што канцэрт адменены.

«Мы толькі што атрымалі ліст пра скасаванне гастрольнага пасведчання», — паведаміў у сацсетках арганізатар.

Прычыны адмену канцэрту не называюцца. Як піша «Наша Ніва», цалкам імаверна, што руку прыклала сумнавядомая даносчыца Вольга Бондарава. Яна абуралася канцэртам, пішучы, што «запланаваны чарговы шабаш неверагодных скакуноў па плошчах».


70-гадовага былога палітвязня будуць судзіць за «распаўсюд экстрэмізму»

patapau.png

Аляксандр Патапаў з вёсцы Хатоля Віцебскай вобласці быў затрыманы напрыканцы жніўня 2022 года ў межах крымінальнай справы за абразу Лукашэнкі ў каментарах у «Аднакласніках».

Мужчына паходзіць з Украіны. Падчас ракетнага абстрэлу Кіева загінула пляменніца Аляксандра, а ейная трохгадовая дачка была сур'ёзна параненая. Пасля гэтага, знаходзячыся пад уплывам эмоцый, 8 і 16 ліпеня 2022 года Патапаў размясціў у сацыяльнай сетцы два каментары, якія экспертыза палічыла «абразлівымі». Пазней мужчыну асудзілі да 2 гадоў калоніі.

Пенсіянер вызваліўся гэтай вясной, цалкам адбыўшы тэрмін.

Заўтра Патапава будуць судзіць у судзе Віцебскага раёна. Цяпер мужчыну абвінавачваюць у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП). Судзіць будзе Міхаіл Зубеня.


Журналіста Ігара Ільяша перавялі ў СІЗА ў Калядзічы 

Ігар Ільяш. Фота

З гэтага вынікае, што яму афіцыйна прад’яўлена крымінальнае абвінавачанне, піша "БАЖ". У відэароліку, апублікаваным пасля затрымання, журналіст кажа, што яго пераследуюць за інтэрв’ю медыям, прызнаным беларускімі ўладамі "экстрэмісцкімі фармаваннямі".

Нагадаем, пра затрыманне Ігара Ільяша стала вядома 22 кастрычніка. Праўладныя тэлеграм-каналы пісалі, што Ільяш займаўся «садзейнічаннем экстрэмісцкім фармаванням» — даваў інтэрв'ю незалежным СМІ, а таксама нібыта «займаўся зборам звестак для замежных разведак» — даваў каментары ўкраінскім выданням.

Жонка Ігара — палітзняволеная журналістка Кацярына Бахвалава.


У Брэсце чыноўнікі забаранілі Хэлоўін ва ўстановах грамадскага харчавання

Як піша BGmedia, напярэдадні ў гастранамічныя ўстановы Брэста прыйшлі з праверкамі.

"Так, атрымалі ўсе п***ы за афармленне. Ніякіх згадак свята, жахаў і тэматычных гарбузоў. "Медузе" на Савецкай прыгразілі закрыццём за грандыёзную вечарынку — прыйшлося адмяніць".

Гэтыя адныя пацвердзіла яшчэ адна супрацоўніца пункту грамадскага харчавання. Паводле яе, нейкія людзі прыходзілі ва ўстанову і сказалі прыбраць гарбузы, не ўпрыгожваць памяшканне і гэтак далей.

"Самае цікавае, што я літаральна на днях была ў краме адзення і там усё было ўпрыгожана да Хэлоўіна. Магчыма, забарона закранула толькі кропкі грамадскага харчавання — хадзілі з праверкамі і я ведаю, што па шапках давалі за звычайныя гарбузы. Праўда, у некаторых кавярнях яны да гэтага часу стаяць на тэрасах".


У Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі TikTok-старонку Славы Камісаранкі і сайт «s13.ru — Навіны Гродна»

Таксама ў «экстрэмісцкі спіс» трапілі старонкі ў Instagram «БЛАГОДIЙНИЙ ФОНД «ВIЛЬНА БIЛОРУСЬ», «Борисов», Telegram-каналы «ꑭ ᴠᴀʟʜöʟʟ ✙», «s13.ru — Новости Гродно», старонкі ў TikTok «Egor», «a_ivulin» «palatnomedia», «mini_pravda», «sti____o», «nevybory», «freedomby2020», «yuratestuchkaite», «nas97a».

Адзначым, што на старонку Камісаранкі ў TikTok падпісаныя 1,3 млн чалавек.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства