viasna on patreon

Дзмітрый Канеўскі: "Прэсінг у дачыненні да сябе ў калоніі я адчуваў штодня"

2024 2024-10-28T09:00:00+0300 2024-10-28T10:37:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kaneuski-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзмітрый Канеўскі. Фота героя інтэрв'ю

Дзмітрый Канеўскі. Фота героя інтэрв'ю

Былы гомельскі палітзняволены Дзмітрый Канеўскі пасля адбыцця пакарання, вынесенага ўсяго толькі за адзін каментар у телеграм-чаце "Гомель Савецкі 97", мог ізноў патрапіць пад крымінальны артыкул. Ён вырашыў больш не выпрабоўваць лёс і з’ехаў з Беларусі. Дзмітрый пагадзіўся распавесці "Вясне" пра свой пераслед і ўмовы адбыцця пакарання ў папраўчай калоніі № 22 у Івацэвічах. 

Пасля затрымання ў жніўні 2020 года ягонай маці Таццяны Канееўскай, вядомай гомельскай актывісткі і на той час даверанай асобы кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, а зараз палітзняволенай, а таксама пераследу ягоных сяброў, Дзмітрый не вытрымаў. У адным з чатаў ён эмацыйна выказаўся пра усё, што думаў пра падзеі 2020 года, у тым ліку і пра дзеянні сілавікоў.

16 студзеня 2021 года мяне затрымлівала адразу каля пяцёра сілавікоў, яны адвезлі мяне ў ГУБАЗіК, дзе выпісалі афіцыйнае папярэджанне і адпусцілі дадому. Але ўжо праз 10 дзён за мной прыехалі зноў і на гэты раз адвезлі ва ўпраўленне Следчага камітэту. Мой каментар паслужыў падставай абвінаваціць мяне ў “наўмысных дзеяннях, накіраваных на распальванне сацыяльнай  варожасці” паводле арт.130, ч. 1 Крымінальнага кодэкса.  А да гэтага сёмага траўня на плошчы Леніна мяне затрымалі за нібыта актыўны ўдзел у несанкцыянаваным пікеце і 2 чэрвеня 2020 года суддзя Віктар Казачок пакараў мяне адміністрацыйным штрафам, распавядае Дзмітрый.

Амаль восем месяцаў да суда Канеўскага ўтрымлівалі ў Гомельскім СІЗА ў жахлівых умовах: абшарпаныя сцены, холад, бруд і смурод:

–  У СІЗА ёсць і новы корпус, але я там прабыў усяго адзін тыдзень. А потым ізноў у стары корпус, дзе сапраўды быў суцэльны кашмар. Там каралі нават за тое, што, седзячы на ложку, я падціскаў пад сябе ногі, каб такім чынам крыху сагрэцца. Прыкладна восем месяцаў я правёў там, а потым яшчэ чакаў каля месяца этапавання ў калонію.

За “экстрэмісцкі” каментар сыну палітзняволенай Таццяны Канеўскай прысудзілі тры гады калоніі

Маладога чалавека абвінавацілі ў "наўмысных дзеяннях, накіраваных на распальванне расавай, рэлігійнай, сацыяльнай і іншай варожасці".

"Хто тут з вас сын падзельніцы Святланы Ціханоўскай?"

17 чэрвеня 2021 года суддзя Гомельскага абласнога суда Руслан Царук прысудзіў  Дзмітрыю Канеўскаму тры гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Дзмітрыя Канеўскага этапавалі ў Івацэвічскую калонію №22, дзе ён адбываў пакаранне ад званка да званка ўсе тры гады.

–  Як толькі нас прывезлі туды,  першы, хто са мной “павітаўся” – начальнік  рэжымнага аддзела маёр Юрый Молаш. Зайшоў разам з кантралёрамі, запытаўся: хто тут з вас сын падзельніцы Ціханоўскай? Затым адвялі ў асобны кабінет, дзе “добра “паразмаўлялі” і адтуль адразу на 20 сутак адправілі ў ШЫЗА. Я нават не паспеў пераапрануцца. Такі ў мяне быў карантын. Там самае цяжкае было знаходзіцца ў адзіночнай камеры і нічога не ведаць. Бетонныя сцены, ні матраса, ні коўдры. А замест падушкі – рулон туалетнай паперы. Калі з ШЫЗА падняўся ў атрад, мяне проста сходу сустрэлі пытаннем: “Дык гэта сын Канеўскай?” Думаў, вось зараз пачнуцца праблемы, але было нааадварот, дапамагалі ва ўсім, – прыгадвае турэмныя будні Дзмітрый.

Дзмітрый Канеўскі ў судзе. Фота: Гомельская Вясна.
Дзмітрый Канеўскі ў судзе. Фота: "Гомельская Вясна"

Увогуле, прэсінг у дачыненні да сябе я адчуваў кожны дзень. За любую драбязу і правіну адразу складалі рапарт. Напрыклад, у мяне ў торбе ляжыць 15 вафелек. Узяў адну, а ў вопісу не паспеў пазначыць, што іх ужо 14. І гэтага дастаткова для рапарта і спагнання. Ну і ў штрафны ізалятар ізноў. Атрымалася, што за ўвесь тэрмін я ў атрадзе быў можа год. Астатні час альбо ПКТ (памяшканне камернага тыпу) альбо ШІЗА. У калоніі ў мяне вельмі моцна сеў зрок, пачаліся праблемы з зубамі, ну і неаднаразовыя “размовы” з Молашам на “фізічнай” мове таксама здароўя не прыбаўлялі.

"Націраў форму для супрацоўнікаў МУС, якую шылі на “промцы” шклаватай"

Дзмітрыя накіравалі на працу ў швейны цэх, дзе выраблялі вопратку, у тым ліку і форму для супрацоўнікаў МУС. За такую працу ў месяц на рукі атрымліваў рублёў пяць, астатняе вылічвалі. Грашовая норма па атаварцы была як і ў іншых злосных парушальнікаў рэжыму: усяго адна базавая велічыня на месяц.

Аднойчы надарылася магчымасць і я цэлую партыю гэтага адзення, можа камплектаў 150, пад пахамі нацёр шкловатай, каб ім муляла ўвесь час.

Адбыўшы тэрмін цалкам, я выйшаў на волю ў кастрычніку 2023 года, дзе мяне адразу паставілі на прафілактычны ўлік, тройчы на тыдзень мне даводзілася прыходзіць у аддзел і адзначацца.  У прымусовым парадку прымушалі хадзіць на грамадскія працы. Калі не прыйдзеш – гэта ўжо парушэнне, і могуць даць штраф альбо суткі. І вось за некаторы час у мяне іх назбіралася калі 18. Тады перадалі рапарты ў Следчы камітэт. Мне пагражала новая крыміналка за “злоснае ўхіленне ад правядзення выхаваўчых работ па прафілактыцы экстрэмізму”. Нічога не заставалася рабіць, каб з’ехаць з Беларусі. Выбару ў мяне больш не заставалася. А ў Беларусі мяне абвясцілі ў вышук. Паколькі раней я некалькі год працаваў у Польшы, ведаў ужо мову, таму і вярнуўся туды.

Ягоная маці Таццяна Канеўская, якой прысудзілі шэсць год калоніі ўзмоцненага рэжыму, дагэтуль адбывае пакаранне ў магілёўскай Турме №4. 

Адкрыты збор сродкаў на дапамогу былому палітвязню Дзмітрыю Канеўскаму ў эміграцыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства