За “экстрэмісцкі” каментар сыну палітзняволенай Таццяны Канеўскай прысудзілі тры гады калоніі
Гомельскі абласны суд 17 чэрвеня вынес прысуд па крымінальнай справе Дзмітрыя Канеўскага за каментар з заклікамі да гвалту ў дачыненні да міліцыянтаў і іх сем’яў (арт. 130 КК – наўмысныя дзеянні, скіраваныя на распальванне расавай, рэлігійнай, сацыяльнай і іншай варожасці).
Справу разглядаў суддзя Руслан Царук, дзяржабвінаваўца – пракурор Асадчы.
Сына палітзняволенай Таццяны Канеўскай абвінавачвалі у размяшчэнні ў адным з чатаў каментара з заклікам да гвалту ў дачыненні да міліцыянтаў і іх сем'яў.
Справу пачалі разглядаць 28 траўня ў Гомельскім абласным судзе.
Маладога чалавека абвінавацілі ў "наўмысных дзеяннях, накіраваных на распальванне расавай, рэлігійнай, сацыяльнай і іншай варожасці". Усё абвінавачванне грунтавалася на адным каментары ў телеграм-чаце «Гомель Савецкі 97». У каментары Дзмітрый напісаў, што яго калегі Антона Марцінкевіча забілі амапаўцы, і заклікаў да гвалту ў дачыненні да міліцыянтаў.
Гомель: для сына палітзняволенай Таццяны Канеўскай пракурор запатрабаваў тры гады калоніі
На допыце Дзмітрый сказаў, што каментар напісаў на эмоцыях і не збіраўся здзяйсняць гвалт над амапаўцамі.
"Я на эмоцыях гэта напісаў. Агрэсія была ў дачыненні да міліцыянтаў, якія займаюцца незаконнай дзейнасцю. У прыватнасці АМАП. Перад напісаннем выпіў 0.5 гарэлкі. Я даведаўся, што амапаўцы ў Лідзе забілі майго калегі Антона Марцінкевіча, мая маці тады была ў турме, ды яшчэ і выбары былі сфальсіфікаваныя», — казаў Дзмітрый на першым пасяджэнні.
Бацька Марцінкевіча, а таксама яго дзяўчына, паведамілі Дзмітрыю, што яго сябар - мёртвы. Следства першапачаткова не правярала гэты факт, толькі пасля таго, як Дзмітрый настаяў. Са слоў следчых, з Марцінкевічам яны размаўлялі: ён жывы. Дзмітрыю мець зносіны з іншым не дазволілі.
Прысуд вынеслі сёння, на трэцім пасяджэнні: тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Пад вартай Зміцер знаходзіўся з 27 студзеня. Гэты час яму залічаць у адбыванне прысуду.