viasna on patreon

ААН: Захоўваюцца асцярогі з нагоды жорсткага абыходжання са зняволенымі і магчымых гвалтоўных знікненняў у Беларусі

2024 2024-11-01T15:45:06+0300 2024-11-01T15:45:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/oon2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Эксперты ААН у парадку спецыяльнай працэдуры зноў звярнуліся да ўладаў Беларусі з лістом, у якім выказалі занепакоенасць у сувязі з паведамленнямі аб жорсткім абыходжанні ў месцах пазбаўлення волі і неапраўданых і непрапарцыйных абмежаваннях правоў чалавека былых зняволеных, гаворыцца на сайце арганізацыі. Яны заклікалі ўрад даць інфармацыю аб стане здароўя, лёсе і месцазнаходжанні некалькіх зняволеных, расследаваць паведамленні аб жорсткім абыходжанні з імі ў месцах пазбаўлення волі, а таксама памілаваць або скараціць тэрмін зняволення вязняў, якія знаходзяцца ва ўразлівым становішчы.

oon2.jpg

Паведамляецца, што зварот адправілі Анаіс Марэн (Спецыяльная дакладчыца па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі); Габрыэла Чытроні (старшыня-дакладчыца), Гражына Бараноўска (намесніца старшыні), Аўа Бальдэ і Ана Ларэна Дальгадзіла Перэс (чальцы Працоўнай групы па гвалтоўных або недобраахвотных знікненнях); Мэры Лалор (Спецыяльная дакладчыца па становішчы праваабаронцаў); Клаўдыя Малер (Незалежная экспертка па правах людзей сталага веку); Маргарэт Сатэртуэйт (спецыяльная дакладчыца па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў); Бэн Сол (Спецыяльны дакладчык па абароне правоў чалавека ва ўмовах барацьбы з тэрарызмам).

Эксперты адзначаюць, што нягледзячы на нядаўнюю амністыю і прэзідэнцкія памілаванні па меншай меры 115 палітвязняў, тым не менш многія людзі, асуджаныя без справядлівага судовага разбору за правамернае ажыццяўленне сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў, па-ранейшаму знаходзяцца ў зняволенні. Акрамя таго, з'яўляюцца паведамленні аб новых несправядлівых адміністрацыйных і крымінальных прысудах.

"Становішча некаторых зняволеных з шэрагаў прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі, праваабаронцаў і палітычных актывістаў, многія з якіх асуджаныя паводле абвінавачванняў у экстрэмізме і тэрарызме, выклікае крайнюю трывогу. Згодна з атрыманымі паведамленнямі, такія зняволеныя спазнаюць розныя формы жорсткага абыходжання, уключна з адмовай у медычнай дапамозе і працяглыя затрыманні без сувязі са знешнім светам, якія ў некаторых выпадках могуць быць прыроўненыя да гвалтоўных знікненняў", – кажуць эксперты.

Некалькі зняволеных утрымліваюцца пад вартай без доступу да знешняга свету з лютага-сакавіка 2023 года, іх сем'ям нічога не вядома пра іхны лёс. Ёсць асцярогі, што некаторыя з іх могуць знаходзіцца ў небяспечных для жыцця ўмовах пасля рэзкага пагаршэння здароўя падчас утрымання пад вартай. Той факт, што прынамсі 49 зняволеных – людзі старэйшыя за 60 гадоў, робіць іх асабліва ўразлівымі для жорсткага абыходжання і гвалту.

Эксперты таксама выказалі занепакоенасць з нагоды відавочнага злоўжывання артыкулам 411 Крымінальнага кодэкса ў мэтах бестэрміновага падаўжэння тэрмінаў знаходжання ў турме зняволеных, якія абвінавачваюцца ў "злосным непадпарадкаванні" адміністрацыі папраўчых устаноў.

"Згодна з падобнымі сведчаннямі былых зняволеных, самая нязначная правіна можа прывесці да несуразмерных дысцыплінарных спагнанняў і нават да павелічэння тэрміну пазбаўлення волі на адзін год", – заявілі экспэрты.

Экспэртам паступіла інфармацыя пра дзвюх жанчын-зняволеных, чые тэрміны былі двойчы падоўжаныя на падставе гэтага становішча, і якія цяпер пераследуюцца паводле артыкула 411 трэцім разам, без якіх-небудзь гарантый справядлівага судовага разбору.

"За апошнія тры гады беларускія ўлады не адказалі на некалькі паведамленняў спецыяльных працэдур, звязаных з меркаванымі адвольнымі затрыманнямі, несправядлівымі судовымі разглядамі і жорсткім абыходжаннем са зняволенымі: BLR 4/2021, BLR 6/2022, BLR 3/2023, BLR 4/2023, BLR 8/2023, BLR 12/2023 і BLR 13/2023".

Эксперты ААН заклікалі ўрад даць інфармацыю аб стане здароўя, лёсе і месцазнаходжанні некалькіх зняволеных, расследаваць паведамленні аб жорсткім абыходжанні з імі ў месцах пазбаўлення волі, а таксама памілаваць або скараціць тэрмін зняволення вязням, якія знаходзяцца ва ўразлівым становішчы ў адпаведнасці са стандартнымі мінімальнымі Правіламі ААН у дачыненні да захадаў, не звязаных з турэмным зняволеннем (Такійскія правілы). Яны таксама запыталі інфармацыю аб кроках, што прымаюцца беларускімі ўладамі дзеля прывядзення ўнутранага заканадаўства па барацьбе з экстрэмізмам і тэрарызмам у адпаведнасць з патрабаваннямі міжнароднага права.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства