viasna on patreon

Масавыя ператрусы і затрыманні па ўсёй Беларусі: хроніка пераследу з 31 кастрычніка па 1 лістапада Дапоўнена

2024 2024-11-01T14:10:00+0300 2024-11-01T16:57:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/berazino01.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" з 31 кастрычніка па 1 лістапада 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

31 кастрычніка па ўсё Беларусі прайшла хваля масавых затрыманняў і ператрусаў. Выглядае, што гэта спланаваная акцыя запалохвання перад выбарамі. Сілавікі прыходзяць у асноўным да тых, хто раней затрымліваўся па пратэсных адміністрацыйных артыкулах. Вядома пра выпадкі жорсткіх затрыманняў, з неабгрунтаваным прымяненнем сілы. Вядома, што супрацоўнікі КДБ з розных гарадоў ўзялі на ўзбраенне новую стратэгію — перад самым затрыманнем у чалавека адключаюць мабільную сувязь праз аператара.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Паведамляецца пра затрыманні на масласырзаводзе ў Хойніках

Паводле папярэдняй інфармацыі, затрымалі каля 20 чалавек. Прычына і падрабязнасці затрыманняў высвятляюцца.


У Беразіно ў сярэдзіне кастрычніка адбыліся ператрусы

Сярод іншага, вядома, што сілавікі наведалі хату былога добраахвотніка палка "Пагоня" Паўла Мігаля. Таксама ператрус адбыўся ў кватэрыі ягоных бацькоў.

Паводле папярэдняй інфармацыі, распачатая крымінальная справа аб канфіскацыі маёмасці.


У Маладзечанскім раёне міліцыянты ходзяць па людзях, якіх затрымлівалі пасля выбараў 2020-га году

Паводле папярэдняй інфармацыі, участковыя маюць спісы такіх людзей і па чарзе наведваюць іх па месцы жыхарства.


Трое вядучых акцёраў звольненыя з РТБД пасля затрымання 

Па інфармацыі, якую "Наша Ніва" атрымала з некалькіх крыніц з тэатральнага кола, акцёраў РТБД, якіх раней затрымлівалі на суткі, звольнілі з тэатра. Яшчэ ў абед 31 кастрычніка ў раздзеле "Асобы" віселі партфоліа акцёраў Максіма Брагінца, Змітра Давідовіча і Арцёма Курэня, але цяпер іх адтуль прыбралі.

На гэтым трыа трымалася значная частка самых касавых, папулярных у гледачоў спектакляў, таму ў тэатры працягваюцца вымушаныя замены ў рэпертуары. Замяніць акцёраў папросту няма кім.


Супраць жыхара Мінска Дзмітрыя Толсціка распачалі спецвытворчасць — яго збіраюцца судзіць завочна

49-гадоваму Дзмітрыю інкрымінаваная ч. 2 арт. 363 КК (супраціў супрацоўнікам міліцыі).

Дзмітрыя запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ў Следчы камітэт.


Як мінімум 14 чалавек затрыманыя за палітыку ў рабочым пасёлку Ялізава 

"Наша Ніва" атрымала інфармацыю, што на гэтыя выхадныя сілавікі зладзілі рэйд у пасёлку Ялізава пад Асіповічамі. Колькасць ахвяр хапуна ў адным населеным пункце з 2000 жыхароў, далёкім ад эпіцэнтраў пратэсту, дае магчымасць уявіць колькасць затрыманых у маштабе краіны.

Адносна таго, колькі чалавек хапнулі ў пасёлку шклозавода, інфармацыя разыходзіцца, але называецца лічба як мінімум 14 чалавек. У людзей шукалі падпіскі на "экстрэмісцкія" рэсурсы. Частка людзей застаецца пад вартай, як мінімум дзвюх жанчын адпусцілі да суда.


Сілавікі зноў затрымлівалі Ніну Багінскую 

Ніна Багінская. Фота: spring96.org
Ніна Багінская. Фота: spring96.org

Як піша «Белсат», жанчыну затрымалі ўвечары 30 кастрычніка на плошчы Незалежнасці ў Менску, у той момант, калі яна завязвала бел-чырвона-белую стужачку на дрэве каля зачыненага будынка Чырвонага касцёла ў Менску.

Паводле нашай інфармацыі, у Маскоўскім РУУС на Багінскую склалі адміністрацыйны пратакол. Міліцыянты пратрымалі жанчыну ў РУУС больш за дзве гадзіны і адпусцілі да суду дамоў.


"Хапуны" ў Смаргоні і Ваўкавыску

Ілюстрацыйнае фота spring96.org
Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Раніцай 31 кастрычніка тэлеграм-канал "Суды, задержания. Гродно и область" паведамілі, што ў Смаргоні і Ваўкавыску адбываюцца масавыя ператрусы і затрыманні. Правяраюць інфармацыю на мабільных тэлефонах і геалакацыю тэлефонаў у 2020 годзе. Калі кагосьці не было на працоўным месцы, то выклікаюць у аддзяленне.

Пазней з'явілася інфармацыя пра ператрусы і затрыманні ў розных гарадах Беларусі. Верагодна, гэта акцыя запалохвання звязаная з выбарамі.


Палітзняволенага Аляксандра Арановіча трымаюць у рэжыме інкамунікада 147 дзён

Палітзняволены Аляксандр Арановіч. Фота: spring96.org
Палітзняволены Аляксандр Арановіч. Фота: spring96.org

Аляксандр — удзельнік каманды «Краіна для жыцця», разам з камандай ездзіў па рэгіёнах Беларусі на брэндаваным аўтадоме. Жыў горадзе Старыя Дарогі, да 2020 года працаваў кіроўцам.

Яго абвінавацілі ў «арганізацыі дзеянняў, што груба парушылі грамадскі парадак» (арт. 342 КК) і «падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках» (п. 13 ч. 2 арт. 293 КК) за захоўванне на гарышчы дома ў сваіх бацькоў старой дымавой шашкі. 27 красавіка 2021 года суд прызначыў яму шэсць гадоў калоніі. Пазней палітвязню ўзмацнілі пакаранне і перавялі ў магілёўскую турму.

Па інфармацыі "Краіна для жыцця", з Аляксандрам ужо 147 дзён няма ніякай сувязі. Ён восьмы палітвязень сярод тых, пра каго нічога не вядома працяглы час (ад 147 да 633 дзён). Гэта Віктар Бабарыка, Мікола Статкевіч, Максім Знак, Марыя Калеснікава, Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Уладзімір Кніга.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства