viasna on patreon

Сітуацыя перад выбарамі*2025. Першая справаздача кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары"

2024 2024-11-04T12:40:00+0300 2024-11-11T09:09:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/photo_2024-11-04_13-09-05.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Экспертная місія па назіранні за выбарамі*2025 арганізаваная Беларускім Хельсінкскім Камітэтам і ПЦ "Вясна" ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Місія збірае і аналізуе інфармацыю аб выбарчай кампаніі паводле адкрытых крыніц і паведамленняў ад выбаршчыкаў з Беларусі.

ВЫСНОВЫ

Чарговыя, сёмыя, прэзідэнцкія выбары* у Беларусі прызначаныя Палатай прадстаўнікоў на 26 студзеня 2025 года на фоне глыбокага крызісу правоў чалавека, выкліканага рэпрэсіямі, што наступілі пасля мірных пратэстаў супраць фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Гэтыя рэпрэсіі захоўваюцца і нават узмацняюцца да гэтага часу: улады працягваюць адвольна пераследваць паводле палітычных падставаў кандыдатаў, чальцоў выбарчых штабоў ды ініцыятыўных груп, назіральнікаў, актывістаў і проста неабыякавых грамадзян, якія паставілі свой подпіс за вылучэнне незалежных прэтэндэнтаў у кандыдаты. Захоўваецца і ўзмацняецца дыскрымінацыйная рыторыка ўладаў, якія абвясцілі людзей, што не падзяляюць праўладныя наратывы "ворагамі".

Раптоўна прызначыўшы выбары* за 6 месяцаў да чаканай даты іх правядзення і пакінуўшы на ўсю працэдуру 95 дзён, улады ў чарговы раз інструменталізавалі электаральныя працэдуры, падагнаўшы дату выбараў пад палітычныя задачы, тым самым парушылі выбарчае заканадаўства з пункту гледжання роўнасці магчымасцяў кандыдатаў і прынцыпу прадказальнасці выбараў, прадугледжанага міжнароднымі стандартамі ў галіне выбараў.

Правядзенне свабоднай і адкрытай выбарчай кампаніі немагчымае ў сітуацыі палітычнага тэрору: спіс палітычных зняволеных штотыдзень папаўняецца і ў ім стабільна больш за 1300 чалавек. Інфармацыйная прастора цалкам зачышчаная; практычна ўсе незалежныя СМІ выціснутыя з краіны, а распаўсюд іх матэрыялаў з-за мяжы значна ўскладнены палітычна матываваным злоўжываннем антыэкстрэмісцкім заканадаўствам. "Дзяржаўная ідэалогія" абслугоўвае культ аўтарытарнага кіравання А. Лукашэнкі. У публічным полі няма прызнання важнасці палітычнага плюралізму.

Неймаверны ціск на арганізацыі грамадзянскай супольнасці, асабліва на праваабарончыя арганізацыі, ды іх масавая ліквідацыя выключаюць грамадзянскі кантроль за правядзеннем выбараў. Незалежнае грамадзянскае назіранне за выбарамі ўнутры краіны адсутнічае; з міжнародных назіральнікаў на гэты момант запрошаныя толькі палітычна ангажаваныя.

У такіх умовах ужо можна канстатаваць немагчымасць для грамадзян рэалізаваць свае выбарчыя правы свабодна.

Сітуацыя перад выбарамі*2025. Першая справаздача кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства