viasna on patreon

На гэтым тыдні ў судах Беларусі разглядалі 48 палітычна матываваных крымінальных справаў: 13 чалавек судзяць за "абразу" Лукашэнкі

2024 2024-11-02T13:48:01+0300 2024-11-04T11:22:39+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudovaja_grodno1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі працягваюцца масавыя вобшукі і затрыманні перад сёмымі прэзідэнцкімі выбарамі ў краіне. Паралельна працягваюцца суды за ўдзел у акцыях пратэсту і іншую палітычную актыўнасць грамадзян на знак нязгоды з фальсіфікаванымі вынікамі выбараў у 2020 годзе. Апроч гэтага, беларусаў і беларусак працягваюць судзіць за каментары ў сацсетках, кваліфікуючы іх як "распальванне іншай сацыяльнай варожасці", "паклёп ці абраза" Лукашэнкі, "абраза прадстаўніка ўлады". 

Па ўсёй Беларусі на гэтым тыдні адбылося мінімум 48 судовых працэсаў паводле крымінальных палітычных справаў, падчас якіх судзілі 66 чалавекМінімум 12 судоў праходзілі ў закрытым рэжыме. Апроч гэтага, было разгледжана 24 апеляцыі на прысуды, звязаныя з палітычнымі справамі. Па ўсёй краіне ў палітычных судах прымала ўдзел як мінімум 39 суддзяў. “Вясна" распавядае пра судовыя крымінальныя працэсы паводле палітычных матываў з 28 кастрычніка па першага лістапада 2024 году.

Мінімум 30 чалавек судзілі за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе

Паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе за пяць дзён асудзілі мінімум 30 чалавек. Справы разглядаліся ў межах 13 пасяджэнняў: у большасці выпадкаў суды адбываюцца адразу над некалькімі людзьмі.

У Пінску адразу двух людзей судзяць за пратэсты 2020 года. 28 кастрычнікапачалі разглядаць крымінальную справу паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу супраць Дзмітрыя Новака. Суддзя — Андрэй Бычыла. 30 кастрычніка паводле таго ж артыкула пачалі судзіць Уладзіміра Нікалаева. Суддзя — Вольга Лубнік. У Пінску толькі сёлета пачалі судзіць за пратэсты 2020 году паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу, ужо асудзілі 12 чалавек. 

harbuz_2.jpg
Сяргей Гарбуз

У судзе Дзяржынскага раёна 30 кастрычніка пачалі судзіць 40-гадовага жыхара Фаніпаля Сяргея Гарбуза. На праўдадным відэа, якое потым было выдалена, ён казаў, што ўдзельнічаў у пратэстах у 2020 годзе.

Суды паводле дыфамацыйных артыкулаў

На фоне навіны аб намеры Аляксандра Лукашэнкі ў сёмы раз вылучацца ў прэзідэнты і шматлікія затрыманні перад выбарамі не спыняюцца крымінальныя суды за каментары пра яго, якія кваліфікуюць як яго абразу і паклёп. Так, з 28 кастрычніка па першага лістапада 13 чалавек судзяць за "абразу Лукашэнкі" (арт. 368 Крымінальнага кодэксу), некаторых з іх дадаткова судзяць і паводле іншых артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Таксама траіх людзей судзілі за "паклёп на Лукашэнку" (арт. 367 Крымінальнага кодэкса)

Працягваюцца суды паводле дыфамацыйных артыкулаў. Як мінімум сямёх чалавек на гэтым тыдні судзілі за абразу прадстаўнікоў улады паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса, яшчэ траіх — за “здзек з дзяржаўных сімвалаў” паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса.

Дыфамацыйныя артыкулы ў Крымінальным кодэксе Беларусі: адказваем на пытанні

Дыфамацыя — распаўсюджванне ганебнай інфармацыі пры дапамозе СМІ.

Так, пачаўся суд над колішнім начальнікам аддзела Банкаўскага працэсінгавага цэнтра палітвязнем Андрэем Лабадой. Яму 54 гады, ён мінчук, скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі ў 1993 годзе. Ад таго часу працаваў у банкаўскай сферы. Вядома, што першым месцам працы стаў Беларусбанк, пазней ён перайшоў у Банкаўскі працэсінгавы цэнтр. Там ён дарос да начальніка аднаго з аддзелаў.

Андрэя затрымалі вясной. 12 красавіка яму прызначылі адміністрацыйны арышт за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пасля гэтага супраць яго распачалі крымінальную справу. Суд над Лабадой пачаўся 31 кастрычніка ў Мінскім гарадскім судзе. Яго абвінавачваюць у «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і 2 арт. 361-2 КК). Працэс вядзе суддзя Аляксандр Рудэнка.


У Мінску пачалі судзіць айцішніцу Анастасію Жыльскую. 33-гадовая Анастасія родам са Жлобіна. Працавала праграмісткай у мінскім офісе кампаніі Exadel. Гэта буйная IT-кампанія родам з ЗША, у якой працуе некалькі тысяч чалавек. Яе затрымалі не менш за паўгода таму, піша «Наша Ніва». Суд над Анастасіяй распачаўся 31 кастрычніка ў Мінскім гарадскім судзе. Яе абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367), «заклікі да санкцый» (ч. 3 арт. 361) і «распальванне іншай сацыяльнай варожасці» (ч. 1 арт. 130). Справу разглядае суддзя Сяргей Кацэр. Дзяўчыне пагражае да дванаццаці гадоў калоніі.


Сяброў дзяцінства судзяць у Лунінцы за "здзек з дзяржсімвалаў”. У судзе Лунінецкага раёна 28 кастрычніка пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць Артура Малчана і Артура Канапацкага паводле арт. 370 (здзек з дзяржсімвалаў) Крымінальнага кодэкса. Працэс вядзе суддзя Святлана Братанава. Як паведаміла "Берасцейская Вясна", хлопцаў судзяць за тое, што яны ў 2021 годзе знялі з будынку крамы дзяржаўны сцяг. Аднаго з затрыманых знайшлі па адбіткаў пальцаў, які той здаваў падчас прызыўной кампаніі ў 2024 годзе.

Суды над музыкамі

У судзе Савецкага раёна Мінска яшчэ 22 кастрычніка пачаўся суд над палітзняволеным гукарэжысёрам Дзмітрыем Фаміным. Ён працягнуўся 29 кастрычніка. Мужчыну абвінавачваюць у «абразе Лукашэнкі». Паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса яму пагражае да чатырох гадоў калоніі. Вядома, што мужчына ўтрымліваецца ў СІЗА. Справу супраць дзеяча культуры будзе разглядаць Алена Жуковіч.


Музыку Сяргея Горлава судзяць адразу паводле чатырох палітычных артыкулаў. Яго пачалі судзіць у Мінскім гарадскім судзе 1 лістапада. Мужчыну абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4), «распальванне іншай сацыяльнай варожасці» (ч. 1 арт. 130), «заклікі да санкцый» (ч. 3 арт. 361) і «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК). Верагодна, справа тычыцца каментароў. Сяргею пагражае ад чатырох да дванаццаці гадоў калоніі. Справу разглядае суддзя Алена Шылько.

Як піша «Наша Ніва», хобі Сяргея — музыка. У нулявых ён граў у гурце «Лясное радыё». Удзельнічаў яшчэ ў некалькіх праектах, перакладаў на беларускую мову іншамоўныя песні.

Сямёх чалавек судзілі за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці"

Паводле арт. 361-4 КК людзей судзяць, напрыклад, грашовыя пераводы і перадачы палітвязням, інтэрв’ю незалежным СМІ ці перадачу інфармацыі ў боты медыя. Такіх судовых пасяджэнняў было сем на гэтым тыдні.

Так, працягваюць судзіць палітзняволеную Алу Кісель. Яна была затрымана падчас "рэйду па салідарнасці" напрыканцы студзеня 2024 года. Яе вінавацяць у падтрымцы палітвязняў і іх сем'яў па ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Судовы працэс над Алай пачаўся 18 верасня 2024 года, справу разглядае суддзя Мінскага гарадскога суда Аляксандр Рудэнка. Разгляд яе справы цягнецца ўжо больш за месяц: 30 кастрычніка адбыўся працяг.


Першага лістапада ў ў Мінскім гарадскім судзе пачалі судзіць затрыманага на мяжы з Літвой беларуса Аляксандра Судніковіча. Напрыканцы траўня дзяржаўныя СМІ паведамілі пра затрыманне двух беларусаў на беларуска-літоўскай мяжы: адзін з іх быў абвешчаны ў міжнародны вышук і спрабаваў нелегальна трапіць у Літву, каб пазбегнуць крымінальнай адказнасці, а другі быў кіроўцам. Вядома, што Аляксандр доўгі час жыў у ЗША.

64-гадовы Аляксандр Судніковіч на «пакаяльным відэа» казаў, што ён у 2021 годзе пакідаў каментары з ухваленнем дзеянняў Андрэя Зельцэра, які загінуў падчас перастрэлкі супрацоўнікам КДБ Дзмітрыем Федасюком. Аляксандра абвінавачваюць паводле арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні), ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы),ч. 2 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Працэс вядзе суддзя Яўген Хаткевіч.

Рызыкі вяртання: крымінальныя справы і затрыманні на мяжы з Беларуссю

Па інфармацыі "Вясны", з пачатку 2024 года па вяртанні ў Беларусь былі затрыманыя больш за 55 чалавек.

Апроч гэтага, чатырох людзей судзяць за ўдзел у “экстрэмісцкім фармаванні” (арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу).

10 чалавек за тыдзень судзілі за "здраду дзяржаве"

На гэтым тыдні ажно 10 чалавек судзілі паводле артыкула за "здраду дзяржаве" (арт. 356 Крымінальнага кодэксу).

Так, у Магілёве распачаўся суд за "удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі" і "здраду дзяржаве”. У Магілёўскім абласным судзе 29 кастрычніка распачаўся суд над Сяргеем Ціханавым. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве), ч. 2 арт. 290-5 (удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі) і ч. 3 арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаванні).

Працэс праходзіць у закрытым рэжыме. Што менавіта ставіцца ў віну Сяргею невядома. Мужчыне пагражае да 15 гадоў зняволення. Справу разглядае Ігар Прошка.

Суд за падтрымку Украіны

На гэтым тыдні працягнуўся суд над гульцом у покер, які ўдзельнічаў у чэмпіянаце Беларусі. Міхаіл Фандо родам з Барысава, але жыў у Мінску з часоў універсітэта. Вучыўся ў БДУ на менеджара. Вядома, што Фандо — аматар покера, вядомы пад мянушкай Rattly. Ён гуляў у шматлікіх чэмпіянатах, у тым ліку чэмпіянаце Беларусі.

Суд над Міхаілам пачаўся 17 кастрычніка ў Мінскім гарадскім судзе. Яго, як мяркуецца, абвінавачваюць у падтрымцы Украіны — суд адбываецца па артыкуле «дапамога ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне вайны» (ч. 2 арт. 361-3 КК). Справу разглядае суддзя Любоў Сімахіна, якая выносіць палітычныя прысуды з 2011 года.

Замена "хатняй хіміі" ці "хіміі" на калонію

З 28 кастрычніка па першага лістапада адбылося 11 працэсаў па замене абмежавання волі на пазбаўленне волі асуджаных па палітычных справах. Паводле звестак праваабаронцаў, агулам у кастрычніку ў Беларусі адбыліся ці яшчэ адбудуцца не менш за 45 судоў па замене пакарання асуджаным да абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ ("хатняй хіміі") на пазбаўленне волі.

Пераслед палітвязняў і актывістаў

У судзе Рэчыцкага раёна 28 кастрычніка палітзняволеную Вікторыю Кульшу ў трэці раз пачалі судзіць паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі).

Вікторыя Кульша

Справу будзе разглядаць суддзя Станіслаў Іванюценка, які 15 кастрычніка па гэтым жа артыкуле дадаў год калоніі палітзняволенай Паліне Шарэндзе-Панасюк.  

Нагадаем, у лютым 2021 года Вікторыю асудзілі да двух з паловай гадоў калоніі і накіравалі адбываць тэрмін у гомельскую жаночую калонію № 4. Пазней Вікторыю двойчы асудзілі паводле ч. 1 арт. 411 КК і прызначылі ёй агулам два гады пазбаўлення волі. Увесь час у зняволенні на жанчыну аказваецца ціск. Яе неаднаразова змяшчалі ў штрыфны ізалятар і ПКТ.


29 кастрычніка пачалі судзіць палітзняволенага актывіста Аляксея Клюшнічэнку. Актывіст і сябра руху "За Свабоду" быў затрыманы 22 лютага. Аляксею інкрымінуюцца арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы), ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку), 368 КК (абраза Лукашэнкі), арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Беларусі) і ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання). Суд над палітвязнем пачаўся ў Мінскім гарадскім судзе. Працэс вядзе суддзя Святлана Макарэвіч.


Са жніўня працягваецца суд над былым палітвязнем — 38-гадовым Віталём Коршунам. Упершыню яго судзілі ў верасні 2021-га за каментар пра тое, што «трэба шукаць адрас нейкага амапаўца». Па версіі самога амапаўца, Сяргея Балабановіча, пасля гэтага допісу ён вельмі спалохаўся, хоць Коршун хутка яго выдаліў. У выніку прадпрымальніку прызначылі два месяцы арышту. Наступны раз Віталя затрымалі ў студзені 2024 года.

Цяпер яму ставіцца ў віну ажно пяць артыкулаў: «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК), «удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК), «арганізацыя масавых беспарадкаў» (ч. 1 арт. 293 КК), «заклікі да санкцыяў» (ч. 3 арт. 361) і «распальванне варожасці або варажнечы» (ч. 1 арт. 130 КК). Пры затрыманні на «пакаяльным відэа» мужчына казаў, што «заклікаў учыняць гвалт над супрацоўнікамі АМАПа, проста на эмоцыях». Яго справу разглядае Святлана Крамянеўская.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства