viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Красавік 2017

2017 2017-05-03T11:28:48+0300 2017-05-03T11:32:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vokladka_april_2017.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

- на працягу месяца назіраўся працяг негатыўных тэндэнцый, якія сведчаць пра пагаршэнне агульнай сітуацыі з правамі чалавека ў краіне пачынаючы з сакавіка гэтага года, а таксама пра вяртанне афіцыйных уладаў Беларусі да палітыкі найгоршых рэпрэсіўных практык;

- на працягу месяца ўлады працягвалі практыку прыцягнення грамадзянаў да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку ў выглядзе арыштаў, за ўдзел у мірных сходах, якія праходзілі ў розных гарадах краіны ў сакавіку. Усяго ў красавіку адзначана больш за 30 выпадкаў прыцягнення грамадзянаў да адміністрацыйнай адказнасці ў сувязі з ажыццяўленнем імі права на мірныя сходы, з іх вядома пра не менш за шасці выпадках арыштаў;

- назіраліся выпадкі пераследу незалежных журналістаў і праваабаронцаў у сувязі з ажыццяўленнем імі прафесійнай дзейнасці;

- 6 красавіка на сесіі ў Страсбургу Еўрапарламент асудзіў рэпрэсіі ў Беларусі і заклікаў беларускія ўлады паважаць правы і свабоды грамадзянаў;

- па стане на 30 красавіка праваабаронцам вядома аб 18 фігурантах справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, якія знаходзяцца пад вартай у СІЗА КДБ і МУС. Пры гэтым 16 з іх было прад'яўлена дадатковае абвінавачанне па арт. 287 КК (стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання). Раней праваабаронцы заяўлялі пра палітычна матываваны характары дадзенай крымінальнай справы;

- 21 красавіка раней прызнаны праваабаронцамі палітвязнем Вячаслаў Касінераў быў вызвалены з СІЗА ў сувязі са зменай меры стрымання на падпіску аб нявыездзе, а 27 красавіка суд Маскоўскага раёна г. Менска прысудзіў яго да штрафу ў памеры 5 базавых велічынь;

- 7 красавіка суд Заводскага раёна г. Менска адмяніў адтэрміноўку выканання пакарання ў дачыненні да актывіста Дзмітрыя Паліенкі, у сувязі з чым ён быў накіраваны адбываць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1,5 года ў папраўчую калонію агульнага рэжыму. Праваабаронцы лічаць пераслед Д. Паліенкі палітычна матываваным, а самога актывіста — палітычным зняволеным, і патрабуюць яго неадкладнага вызвалення.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед

21, 22 і 24 сакавіка стала вядома пра затрыманне 32 грамадзянаў па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства па ч. 3 арт. 293 КК (навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, а таксама фiнансаванне цi iншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці). Усе затрыманыя ўтрымліваліся ў СІЗА МУС і КДБ у г. Менску.

1 красавіка стала вядома аб вызваленні з-пад варты без прад'яўлення абвінавачвання актывістаў арганізацыі «Малады Фронт» Дзмітрыя Крэмянецкага, Рамана Васільева, Арцёма Леўчанкі і Уладзіміра Яроменка. 15 сакавіка з СІЗА былі вызваленыя абвінавачаныя па ч. 3 арт. 293 КК лідар арганізацыі Зміцер Дашкевіч і актывіст Сяргей Пальчэўскі. На працягу месяца былі вызваленыя некалькі іншых падазраваных па гэтай справе.

Па стане на 30 красавіка праваабаронцам вядома аб 18 фігурантах справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, якія знаходзяцца пад вартай у СІЗА КДБ і МУС. Пры гэтым 16 з іх было прад'яўлена дадатковае абвінавачанне па арт. 287 КК (стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання).

27 красавіка Сяргей Пальчэўскі паведаміў праз сацыяльную сетку Facebook аб тым, што падчас свайго ўтрымання ў СІЗА ён зазнаў жорсткі ціск; у выніку шантажу супрацоўнікаў КДБ ён быў вымушаны падпісаць пагадненне аб супрацоўніцтве. Лідар арганізацыі «Малады фронт» Зміцер Дашкевіч заявіў, што ў дачыненні да яго і іншых затрыманых сяброў арганізацыі таксама пастаянна гучалі пагрозы, у тым ліку — сэксуальнага гвалту.

5 красавіка дзевяць праваабарончых арганізацый выступілі з сумеснай заявай аб прызнанні Вячаслава Касінерава палітвязнем. Праваабаронцы запатрабавалі неадкладнага вызвалення актывіста, які знаходзіўся пад вартай у СІЗА па абвінавачванні ў здзяйсненні хуліганства.

21 красавіка мера стрымання ў дачыненні да В. Касінерава была змененая па падпіску аб нявыездзе, і ён быў вызвалены з-пад варты. 27 красавіка суд Маскоўскага р-на г. Менска прызнаў Касінерава вінаватым у здзяйсненні хуліганства (ч. 1 арт. 339 КК) і прысудзіў яго да штрафу ў памеры 5 базавых велічынь. Нягледзячы на мяккае пакаранне, праваабаронцы не змянілі ацэнкі характару дзеянняў уладаў па гэтай справе.

7 красавіка суд Заводскага р-на г. Менска, разгледзеўшы прадстаўлення органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага, адмяніў адтэрміноўку выканання раней вынесенага прысуду ў дачыненні да актывіста Дзмітрыя Паліенкі. З улікам часу, праведзенага летась пад вартай да суда, тэрмін зняволення актывіста складзе паўтара года і 13 дзён. Д. Паліенка быў накіраваны ў ПК г. Бабруйска для адбыцця пакарання. Варта нагадаць, што 12 кастрычніка 2016 году суд Цэнтральнага р-на г. Менска прызнаў Д. Паліенку вінаватым у здзяйсненні злачынстваў па арт. 364 (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў) і ч. 2 арт. 343 КК (выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару) і прысудзіў яго да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду. Крымінальны пераслед Д. Паліенкі быў распачаты пасля яго затрымання супрацоўнікамі міліцыі за ўдзел у велапрабегу «Крытычная маса». Праваабаронцы віталі вызваленне Д. Паліенкі па прысудзе суда Цэнтральнага раёна, але, у той жа час, канстатавалі адсутнасць дастатковых і пераканаўчых доказаў па крымінальнай справе з боку абвінавачання — як у частцы інкрымінуемага яму гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі, так і ў частцы распаўсюджвання парнаграфічных матэрыялаў у інтэрнэце.

У сувязі з адменай адтэрміноўкі выканання пакарання і зняволеннем Д. Паліенкі, праваабарончыя арганізацыі прынялі сумесную заяву аб прызнанні яго палітвязнем і патрабаваннем неадкладнага вызвалення актывіста.

21 красавіка суд Барысаўскага р-на спыніў вытворчасць па справе аб пераводзе ў турму палітвязня Міхаіла Жамчужнага, які адбывае пакаранне ў ПК, у сувязі з тым, што адміністрацыя калоніі адклікала сваю заяву з суда. Раней праваабаронцы дамагліся адкрытага разгляду гэтай справы ў судзе.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

Пасля пяці месяцаў прымусовага лячэння па пастанове суда Фрунзенскага р-на г. Менска з псыхіятрычнай бальніцы быў вызвалены пенсіянер Аляксандр Лапіцкі. Раней праваабаронцы выступілі з сумеснай заявай аб прызнанні А. Лапіцкага палітвязнем і патрабавалі яго вызвалення з псыхіятрычнай бальніцы і, пры неабходнасці, забеспячэння яго лячэння ва ўмовах, не звязаных з пазбаўленнем волі, а таксама прыняцця мераў, накіраваных на дэкрыміналізацыю дыфамацыйныя правапарушэнняў у заканадаўстве Беларусі.

Ціск на праваабаронцаў

26 красавіка суддзя Цэнтральнага р-на г. Менска Вікторыя Шабуня, нягледзячы на прадастаўленыя пераканаўчыя доказы невінаватасці, прызнала праваабаронцу Таццяну Рэвяка вінаватай у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння па арт. 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне законным патрабаваннямі супрацоўнікаў міліцыі) КаАП і прызначыла ёй штраф у памеры 20 базавых велічынь.

Нагадаем, Таццяну Рэвяка затрымалі 26 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы г. Менска падчас акцыі салідарнасці з затрыманымі ўдзельнікамі дэманстрацыі 25 сакавіка.

17 красавіка суд Кастрычніцкага р-на г. Віцебска завяршыў адміністрацыйны працэс па справе віцебскага праваабаронцы Паўла Левінава. У выніку суд пастанавіў прысудзіць П. Левінава да адміністрацыйнага арышту тэрмінам 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаваных сходах 25 і 26 сакавіка ў Віцебску (арт. 23.34 КаАП). Варта адзначыць, што П. Левінаў сапраўды прысутнічаў на дадзеных сходах і ажыццяўляў праваабарончы маніторынг іх правядзення. Яшчэ 15 сакавіка Левінаў накіраваў апавяшчэнне ў абласное ўпраўленне МУС аб тым, што ён як сябра РПГА БХК будзе ажыццяўляць назіранне за масавымі мерапрыемствамі.

Парушэнне свабоды мірных сходаў і выказвання меркавання

4 красавіка стала вядома аб тым, што Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь вынесла пісьмовыя папярэджанні Партыі БНФ, Аб'яднанай грамадзянскай партыі і ПАГА «Рух «За Свабоду» ў сувязі з арганізацыяй імі масавага мерапрыемства на Дзень Волі 25 сакавіка.

У красавіку працягнуліся рэпрэсіі супраць удзельнікаў мірных сходаў.

Сярод тых, хто быў падвергнуты розным адміністратыўным спагнанням, — удзельнікі акцыі салідарнасці з фігурантамі справы аб падрыхтоўцы “масавых беспарадкаў”, якая праходзіла 31 сакавіка каля будынка КДБ, удзельнікі пікету супраць будаўніцтва каля ўрочышча Курапаты, акцыі каля будынку КДБ у Менску 24 сакавіка, а таксама на Кастрычніцкай плошчы 26 сакавіка.

4 красавіка суд Цэнтральнага раёна Менска аштрафаваў сустаршыню Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага за яго ўдзел у «Маршы абураных беларусаў» 17 лютага.

Некаторыя ўдзельнікі мірных сходаў падвергліся некалькім адміністрацыйным арыштам: вядомага гомельскага відэаблогера Максіма Філіповіча, які з 13 сакавіка адбываў у ізалятары часовага ўтрымання ў Гомелі 13, 5 і 7-сутачныя арышты за ўдзел у так званых “акцыях пратэстаў дармаедаў”, зноў асудзілі пасля вызвалення на 7 сутак арышту. Такім чынам, ён правёў у зняволенні больш за месяц.

Максім Вінярскі атрымаў два арышты запар: на 10 сутак, раней — 8 сутак; Леанід Кулакоў атрымаў максімальна магчымы па працягласці арышт — 25 сутак.

Аналагічныя працэсы ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных сходаў адбыліся ў Гомелі, Брэсце, Полацку, Мазыры, Барысаве, Пінску, Оршы, Ваўкавыску.

Між тым, праваабаронцы дамагаюцца змянення парадку правядзення масавых мерапрыемстваў. 4 красавіка магілёўскія праваабаронцы атрымалі адказ з аблвыканкама, які даў надзею на змякчэнне умоваў для правядзення мітынгаў і сходаў. Паводле інфармацыі сайта mspring.online, намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч у пісьмовым адказе паведаміў Барысу Бухелю і Аляксею Колчыну, што Магілёўскаму гарвыканкаму рэкамендавана разгледзець пытанне аб унясенні змяненняў у рашэнне «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Магілёве». Яны датычацца прадастаўлення ў гарвыканкам дамоваў аб ахове грамадскага парадку, аб дзяжурстве «хуткай дапамогі» і ўборцы пасля праведзенага масавага мерапрыемства.

У Наваполацку 26 красавіка суд пачаў разглядаць скаргу праваабаронцы Змітра Салаўёва на рашэнне па правядзенні масавых мерапрыемстваў у горадзе, але па хадайніцтве прадстаўніка гарвыканкама спыніў працэс у сувязі з непадведамаснасцю справы суду.

21 красавіка Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў аналітычны агляд па затрыманнях у Менску ў сакавіку 2017 года: з 27 сакавіка па 13 красавіка ПЦ «Вясна» сабраў 130 анкет ад асобаў, чые правы былі парушаны ў сувязі з выказваннем імі думкі і ажыццяўленнем права на мірны сход.

25 красавіка Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў аналітычны агляд па адміністрацыйных працэсах у судах Менска 27 сакавіка з інфармацыяй аб судовых пасяджэннях і доступе ў суды падчас адміністрацыйных працэсаў 27 сакавіка па масавых затрыманнях 25 і 26 сакавіка 2017 года.

Напярэдадні 1 траўня ўлады вырашылі максімальна абмежаваць пратэстную актыўнасць: аргкамітэт па правядзенні 1 траўня ў Менску «Марша салідарнасці» вырашыў адмовіцца ад акцыі з-за таго, што Мінгарвыканкам не дазволіў правядзенне дэманстрацыі, скараціўшы такім чынам праграму мерапрыемства.

Таксама сталі паступаць звесткі аб прэвентыўных затрыманнях палітычных лідараў і журналістаў, вядомых па асвятленні акцый пратэсту. 29 красавіка стала вядома, што апазыцыйны палітык Мікалай Статкевіч быў у абстаноўцы сакрэтнасці асуджаны да адміністрацыйнага арышту; запрошаны яго жонкай абаронца-адвакат, нягледзячы на настойлівае чаканне, не змог сустрэцца з арыштаваным. У Гомелі 30 красавіка затрыманы журналіст-фрылансер Яўген Меркіс; яму паставілі ў віну нецэнзурную лаянку.

Пераслед журналістаў

У судзе Светлагорскага раёна 11 красавіка была разгледжаная адміністрацыйная справа гомельскіх журналістаў-фрылансераў Кастуся Жукоўскага і Андрэя Толчына. Іх абвінавацілі ў парушэнні заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі, якое нібыта выявілася ў вырабе сюжэту для польскага спадарожнікавага тэлеканала «Белсат» (ч. 2 арт. 22.9 КаАП). Пастановай суддзі абодва пакараныя штрафам адпаведна ў 40 і 20 базавых велічынь.

Ларысу Шчыракову 12 красавіка суддзя аштрафаваў на 943 рублі за тыя ж дзеянні па ч. 2 арт. 22.9 КаАП і за ўхіленне ад яўкі ў орган, які вядзе працэс, па арт. 24.6 КаАП.

20 красавіка суддзя Юрый Гарбатоўскі адвольна прызначыў штраф аператару «Белсата» Алесю Любенчуку, якога затрымалі ў дзень правядзення ператрусу ў офісе тэлеканала і на падставе хлуслівых сведчанняў міліцыянтаў абвінавацілі ў дробным хуліганстве.

Таксама па ч.2 арт. 22.9 КаАП буйнымі штрафамі пакараныя журналісты Яўген Меркіс, Мілана Харытонава, Алесь Ляўчук і Вадзім Здановіч.

Жорсткае абыходжанне

Mspring.online паведаміў аб жорсткім абыходжанні супрацоўнікаў МУС з затрыманым ў Менску 25 сакавіка маладым магілеўчанінам Раманам Мішчанкам, які прыехаў на акцыю пратэсту, але замест гэтага атрымаў 15 сутак арышту, правёў 6 гадзінаў са звязанымі рукамі і быў збіты міліцыянтамі.

Затрыманы падчас акцыі на Дзень Волі жыхар Менскага раёна Павел Лях з дапамогай праваабаронцаў «Вясны» рыхтуе скаргу ў ГУУБ МУС на дзеянні капітана міліцыі Віталя Мазнёва, які ўжываў у дачыненні да яго жорсткае абыходжанне. Павел у заяве просіць праверыць законнасць дзеянняў міліцыянта і, калі ў іх будуць выяўленыя прыкметы злачынства, распачаць крымінальную справу па арт. 426 КК РБ (перавышэнне службовых паўнамоцтваў).

5 красавіка праваабаронца Таццяна Рэвяка накіравала ў пракуратуру горада Менска скаргу ў сувязі са сваім адвольным затрыманнем на Кастрычніцкай плошчы 26 сакавіка і жорсткім абыходжаннем у Цэнтральным РУУС, куды яна была дастаўленая пасля затрыманьня. Яна была затрыманая без тлумачэння прычынаў і зазнала маральныя і фізічныя пакуты ад дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі ў РУУС Цэнтральнага раёна, дзе яе і іншых затрыманых утрымлівалі доўгі час у жорсткіх умовах, якія выклікаюць пачуццё бездапаможнасці: супрацоўнікі праваахоўных органаў больш за тры гадзіны пратрымалі яе пад адкрытым небам у дворыку тварам да сцяны на расцяжцы, патрабуючы трымаць рукі паднятымі.

У Праваабарончы цэнтр «Вясна» звярнуўся Павел Кірлік, якога двое сутак збівалі і катавалі ў ГАМ № 1 Маскоўскага раёна г. Менска.

Малады чалавек распавёў, што па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства яго даставілі ў ГАМ № 1 Маскоўскага раёна г. Менска, дзе на яго сталі аказваць псіхалагічны ціск: пагражаць, абражаць, прапаноўваць прызнацца і ўзяць на сябе віну. Псіхалагічны ціск перайшоў ў працяглае жорсткае зьбіццё.

Здзекі скончыліся толькі тады, калі жонка маладога чалавека з адвакатам змагла дамагчыся сустрэчы адваката з затрыманым. Павел Кірлік паехаў у бальніцу хуткай дапамогі, дзе прайшоў абследаванне, па выніках якога было выяўленае страсенне галаўнога мозгу, чэрапна-мазгавая траўма, тупая траўма грудной клеткі, множныя сінякі па ўсім целе. Лекары прапанавалі маладому чалавеку шпіталізацыю, але папярэдзілі, што ў гэтым выпадку будуць вымушаныя паведаміць у міліцыю. Малады чалавек адмовіўся ад шпіталізацыі, але паехаў і напісаў заяву ў Следчы камітэт на неправамерныя дзеянні супрацоўнікаў ГАМ № 1 Маскоўскага раёна з просьбай распачаць крымінальную справу па факце катаванняў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства