Судзілі прадстаўніка прафсаюзу РЭП Віктара Казлова, а штраф атрымаў палітык Кацора
У судзе Гомельскага раёну 4 красавіка разглядалася адміністрацыйная справа ў дачыненьні да рэгіянальнага прадстаўніка Беларускага незалежнага прафсаюзу РЭП Віктара Казлова за «дробнае хуліганства».
Як піша Радыё Свабода, амапаўцы затрымалі Казлова ўранку 25 сакавіка ў вёсцы Цярэшкавічы, калі ён выпраўляўся ехаць у Гомель, каб удзельнічаць у «Маршы недармаедаў-2». Завезьлі ў райаддзел, адтуль яго прэвэнтыўна адправілі ў ізалятар, дзе ён двое сутак правёў за кратамі. Амапаўцы ў сваіх рапартах напісалі, што, маўляў, яны 25 сакавіка ахоўвалі грамадзкі парадак, а Казлоў брыдка лаяўся на вуліцы, на заўвагі не рэагаваў, спрабаваў уцячы, хапаўся за форму.
Судзьдзя Тамара Застаўнецкая дапытала найперш у якасьці сьведкі мясцовага жыхара Віктара Тамашова, які размаўляў на вуліцы з Казловым, калі іх падрэзаў амапаўскі УАЗік. Казлова схапілі і запіхнулі ў машыну.
«Я можа два крокі зрабіў, як міліцэйская машына з Казловым ад’ехала. Такое толькі ў кіно па тэлевізары бачыў», — распавёў суду сьведка.
Пасля гэтага трое амапаўцаў адзін за адным пачалі распавядаць, як яны несьлі службу па ахове грамадзкага парадку ў аграгарадку Цярэшкавічы. Маўляў, ехалі па вуліцы з хуткасьцю ня больш за 20 кілямэтраў, калі пачулі, што Казлоў «гучна крычаў, лаяўся матам». Яны спыніліся, папярэджвалі, але Казлоў на заўвагі не рэагаваў. Віктар Казлоў прадставіў суду даведкі з анкалягічнага цэнтру, што яму выдалілі паўлёгкага. Ён патлумачыў, што наагул ня можа крычаць і што размаўляе ледзь ня шэптам.
Самі амапаўцы, дарэчы, называлі свае прозьвішчы надзвычай ціха, гаварылі невыразна. Многія прысутныя не маглі разабраць, пра што гаворка.
Судзьдзя Застаўнецкая рабіла заўвагі і нават выдаліла двух чалавек з судовага паседжаньня, якія прыйшлі падтрымаць Віктара Казлова. Але калі й камандзір групы Сярдзюк пачаў ледзь чутна вымаўляць сваё прозьвішча, прысутны ў зале палітык Уладзімер Кацора параіў: «Кажы гучней: «Паску..аў Паску..а Паску...авіч» — устаў і выйшаў з залі.
Судзьдзя Застаўнецкая абвясьціла перапынак, выйшла ў калідор і загадала міліцыянту на вахце не выпускаць Кацору. Перапыніўшы разгляд адміністрацыйнай справы пра хуліганства Віктара Казлова, судзьдзя тут жа распачала адміністрацыйны працэс у дачыненьні да Ўладзімера Кацоры за непавагу да суду. І літаральна праз тры хвіліны прагучаў вырак: штраф Кацору памерам 10 базавых велічыняў, альбо 230 рублёў.
«Цяпер буду ведаць, колькі каштуе сказаць у судзе праўду, — падсумаваў палітык. — Я сам ужо ня раз трапляў на такі канвэер, калі мянты самі хапаюць, самі лжэсьведчаць. Я абурыўся, выказаў такім чынам свой пратэст. Наўпрост назваў рэчы сваімі імёнамі. Беларусь Аляксандар Лукашэнка і сапраўды за цывілізаваным сьветам не вядзе».
Што да адміністрацыйнай справы Віктара Казлова, то судзьдзя Застаўнецкая абвясьціла перапынак, каб атрымаць адказ ад органаў унутраных спраў, на падставе якога распараджэньня група АМАПаўцаў апынулася ўранку 25 сакавіка ў аграгарадку Цярэшкавічы, што за 20 кілямэтраў ад Гомеля.