viasna on patreon

Блогера Змітра Казлова, які праз тыдзень мусіў выйсці на волю, будуць зноў судзіць

2024 2024-11-22T09:08:35+0300 2024-11-22T11:35:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shery_kot_kazlou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Бабруйскага раёна і г. Бабруйска 29 лістапада будуць разглядаць чарговую крымінальную справу супраць блогер ютуб-канала "Шэры кот" Змітра Казлова. Пры гэтым 28 лістапада, за дзень да суда, у палітвязня сканчваецца тэрмін зняволення і ён мусіў бы выйсці на волю з бабруйскай калоніі № 2. Але, меркавана, з калоніі яго наўпрост перавядуць у СІЗА. Гэтым разам Змітра абвінавачваюць паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Справу будзе разглядаць суддзя Павел Карцінін. Цяпер Змітру пагражае да двух гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму. 

Блогер Зміцер Казлоў (Шэры кот). Фота

Зміцер Казлоў — блогер ютуб-канала "Шэры кот". Зміцер актыўна ўдзельнічаў у акцыях пратэстаў супраць інтэграцыі з Расіяй зімой 2019 года. За ўдзел, стрымы і заклікі да ўдзелу стаў рэкардсменам па колькасці сутак адміністрацыйнага арышту: тады яго пакаралі 120 суткамі.

Яго затрымалі 10 чэрвеня 2020 года разам з актывістамі "Еўрапейскай Беларусі". На наступны дзень ён быў асуджаны на 20 сутак арышту паводле адміністрацыйных артыкулаў. У гэты ж дзень стала вядома, што ён стаў фігурантам справы па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Але канчаткова Змітру выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках).

У Магілёўскім абласным судзе 25 траўня 2021 года агучылі прысуд Змітру і яшчэ шасці палітвязням. Суддзя Ірына Ланчава прызначыла яму пяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

28 лістапада 2024 года ў Змітра сканчваецца тэрмін зняволення. Але ўжо на наступны дзень над ім пачынаецца суд, які з вялікай верагоднасцю скончыцца чарговым пазбаўленнем волі. Узбуджэнне новай крымінальнай справы ініцыявала адміністрацыя бабруйскай калоніі № 2. Падставай для такіх справаў звычайна з'яўляюцца шматлікія парушэнні, якія ў дачыненні да палітвязняў у большасці выпадкаў выпісваюцца па надуманых прычынах.

У зняволенні палітвязня ўтрымліваюць амаль чатыры гады і шэсць месяцаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства