Ад 4 да 7 гадоў калоніі. У Магілёве вынеслі прысуды Севярынцу, блогеру Казлову і актывістам "Еўрапейскай Беларусі" Дапоўнена
Сёння, 25 траўня, у Магілёўскім абласным судзе абвясцілі прысуд па крымінальнай справе супраць сямі палітвязняў: сустаршыні аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Паўла Севярынца, блогера Змітра Казлова, грамадскай актывісткі Ірыны Шчаснай, актывістаў "Еўрапейскай Беларусі" Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Максіма Вінярскага і Андрэя Войніча. Суд пачаўся 12 траўня і праходзіў у закрытым рэжыме, бо, як тлумачаць у судзе, "матэрыялы справы адносяцца да таямніцы, якую ахоўвае закон". У першы дзень каля суда затрымалі дваіх журналістаў і арыштавалі іх на "суткі". Палітвязняў абвінавацілі ў падрыхтоўцы да ўдзелу у масавых беспарадках па ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса, а Афнагеля і Войніча – яшчэ па ч. 3 арт. 293 КК. Суддзя Ірына Ланчава асудзіла палітзняволеных Паўла Севярынца, Яўгена Афнагеля і Андрэя Войніча да 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Паўла Юхневіча, Дзмітрыя Казлова і Максіма Вінярскага – да 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Ірыну Шчасную – да 4 гадоў калоніі агульнага рэжыму.
У чым абвінавацілі палітвязняў?
Разгляд крымінальнай справы ў адносінах да палітвязняў праходзіў у закрытым рэжыме, бо, як тлумачаць у судзе, "матэрыялы справы адносяцца да таямніцы, якую ахоўвае закон". Таму невядома, што канкрэтна ставілася ў віну палітвязням, ці прызналі яны віну, якія давалі паказанні падчас суда і якое пакаранне для іх прасіў пракурор. Вядома толькі, што Павел Севярынец цалкам адмовіўся даваць паказанні падчас суда – пра гэта распавяла ягоная жонка Вольга. Ва ўсіх адвакатаў палітвязняў узялі падпіскі аб неразгалошванні: яны не маюць магчымасць распавесці пра сутнасць абвінавачвання і пазіцыі сваіх падабаронных. Праваабаронцам вядома, што іх абвінавачваюць па некалькіх частках "пратэснага" артыкула 293 Крымінальнага кодэкса. Абставіны справы ў такой сітуацыі можна будзе даведацца толькі ад саміх палітвязняў, напрыклад, праз лісты.
Як адзначае «Белсат», з інфармацыі дзяржаўнай прапаганды вядома, што Севярынца і астатніх палітвязняў вінавацілі ў падрыхтоўцы «каляровай рэвалюцыі» і «беламайдану». Першы намеснік начальнік ГСУ Следчага камітэту Аляксандр Агафонаў (ён жа вёў справу палітычнага зняволенага блогера «Слуцк для жизни» Уладзіміра Няронскага) у інтэрв’ю «СБ – Беларусь сегодня» заяўляў, што Севярынец, Статкевіч і Ціханоўскі нібыта аж з кастрычніка 2019 года распаўсюджвалі ў інтэрнэце заклікі да «радыкальных дзеянняў» і рыхтавалі «беспарадкі». Прычым, як сцвярджаў прадстаўнік СК, зімовыя пратэсты супраць інтэграцыі з Расеяй былі «рэпетыцыяй беламайдану».
Паводле Агафонава, Зміцер Казлоў падбухторваў беларусаў да пратэстаў: «рабіў і публікаваў патрэбныя відэаролікі, якія беспадстаўна дыскрэдытуюць уладу». А Шчасная размяшчала ў тэлеграм-каналах і чатах інфармацыю пра планаваныя акцыі пратэсту. Паводле сілавікоў, за рэдагаванне ТГ-каналаў Ірына нібыта атрымлівала 600 рублёў у месяц ад Афнагеля.
У СК сцвярджаюць, што Афнагель, Войніч, Вінярскі і Юхневіч заклікалі да пратэстаў і забастовак, а таксама займаліся дэананімізацыі сілавікоў абнародаваннем іх асабістых дадзеных «у тым ліку шляхам вырабу ўлётак з іх фотаздымкамі і далейшай расклейкі каля дома чалавека». Паводле СК, гаворка ідзе пра «злачынную сістэму распаўсюду інфармацыі».
Такім чынам, як вынікае з заяваў Агафонава, віна палітвязняў заключаецца толькі ў тым, што яны публічна заклікалі да пратэстаў і крытыкавалі ўладу.
Дапоўнена. Як паведамляе Генеральная пракуратура, сямёра палітвязняў прызнаныя вінаватымі ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і узброеным супрацівам прадстаўнікам улады, па ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, абвінавачаны Афнагель прызнаны вінаватым у фінансаванні і іншым матэрыяльным забеспячэнні дзейнасці па падрыхтоўцы асоб да ўдзелу ў масавых беспарадках, абвінавачаны Войніч – у іншым матэрыяльным забеспячэнні такой дзейнасці па ч.3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Пачынаецца закрыты суд над Севярынцам і актывістамі «Еўрапейскай Беларусі». Што вядома
Як і пры якіх абставінах затрымалі палітвязняў?
Фігуранты гэтай справы былі затрыманыя ў розны час і ў розных месцах. Больш за ўсіх за кратамі ўтрымліваюць сустаршыню аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Паўла Севярынца – больш за 11 месяцаў. Палітык быў затрыманы 7 чэрвеня пасля дазволенага выбарчага пікету каля Камароўскага рынку ў Мінску. Яго арыштавалі на 15 сутак нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі. З гэтых «сутак» Севярынец больш не выйшаў – яго асуджвалі да новых арыштаў. Пры гэтым, палітыка трымалі на Акрэсціна ў невыносных умовах – у знак пратэсту ён парэзаў сабе руку. Пасля 75 сутак адміністратыўнага арышту Паўла Севярынца так і не выпусцілі на свабоду – супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу па арт. 293 КК («арганізацыя масавых беспарадкаў.
Наступнымі фігурантамі гэтай крымінальнай справы сталі актывісты «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель, Павел Юхневіч і Андрэй Войніч. Іх жорстка затрымалі 25 верасня 2020 года. У кватэру, дзе знаходзіліся Войніч і Юхневіч, уварваліся сілавікі ў масках і са зброяй адначасова праз вакно і дзверы. У кватэру Афнагеля таксама выламалі дзверы. Актывістам «Еўрапейскай Беларусі» выставілі абвінавачанне на падставе ч. 2 арт. 293 КК. У лютым 2021 года Афнагелю дадаткова выставілі абвінавачанне па ч. 3 арт. 293 КК – навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках або фінансаванне гэтай дзейнасці.
39-гадовага Максіма Вінярскага затрымалі 22 студзеня 2021 года супрацоўнік ГУБАЗіКу. Паводле прэс-рэліза МУС, восенню актывіст нібыта заклікаў людзей выходзіць на мітынгі з бел-чырвона-белай сімволікай і «аказваць супраціў міліцыі». Вінярскаму таксама выстаўлена абвінавачванне ў падрыхтоўцы «масавых беспарадкаў» па арт. 13 ч. 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса.
Блогера Змітра Казлова («Шэрага ката») затрымалі 10 чэрвеня і пакаралі 20 суткамі арышту. Пасля «сутак» ён не выйшаў на волю – ён стаў фігурантам крымінальнай справы па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). У снежні 2020 года блогеру выставілі новае абвінавачванне – па ч. 2 арт. 293 КК.
33-гадовую грамадскую актывістку, рэдактарку шэрагу папулярных тэлеграм-каналаў («Мая краіна Беларусь», «Беларусь 24» ды іншыя) Ірыну Шчасную затрымалі 18 лістапада супрацоўнікі ГУБАЗіКу пераапранутыя ў супрацоўнікаў ЖЭСу. У кватэры Ірыны быў праведзены вобшук, канфіскаваныя ноутбук, тэлефон, грошы. Пасля гэтага Ірыну павезлі для допыту ў СК. Ёй выставілі абвінавачанне па ч. 2. арт. 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі: удзел у масавых беспарадках, што нібыта выражалася ў вядзенні «дэструктыўных» тэлеграм-каналаў.
"Я ўпэўненая, што людзям на волі пацяжэй". Гісторыя палітзняволенай Ірыны Шчаснай: лісты, турма, салідарнасць і сям'я