viasna on patreon

Пачынаецца закрыты суд над Севярынцам і актывістамі «Еўрапейскай Беларусі». Што вядома Дапоўнена

2021 2021-05-12T10:45:05+0300 2021-05-25T10:34:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudy_magileu_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння, 12 траўня, у Магілёўскім абласным судзе пачынаецца разгляд крымінальнай справы супраць сямі палітвязняў: сустаршыні аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Паўла Севярынца, блогера Зміцера Казлова, грамадскай актывісткі Ірыны Шчаснай, актывістаў "Еўрапейскай Беларусі" Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Максіма Вінярскага і Андрэя Войніча. Вядома, што іх абвінавачваюць па некалькіх частках "пратэснага" артыкула 293 Крымінальнага кодэкса. Суд пройдзе ў закрытым рэжыме, бо, як тлумачаць у судзе, «матэрыялы справы адносяцца да таямніцы, якую ахоўвае закон». У сувязі з гэтым беларускія праваабаронцы выступілі з супольнай заявай выключыць практыку парушэння права палітвязняў на публічнае разбіральніцтва крымінальных справаў. Справу разглядае суддзя Ірына Ланчава. Пакуль адсутнічае магчымасць па грамадзянскім назіранні за дадзеным судовым працэсам, «Вясна» распавядае ўсё, што вядома пра абставіны гэтай гучнай справы.

Як і пры якіх абставінах затрымалі палітвязняў?

Фігуранты гэтай справы былі затрыманыя ў розны час і ў розных месцах. Больш за ўсіх за кратамі ўтрымліваюць сустаршыню аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Паўла Севярынца – больш за 11 месяцаў. Палітык быў затрыманы 7 чэрвеня пасля дазволенага выбарчага пікету каля Камароўскага рынку ў Мінску. Яго арыштавалі на 15 сутак нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі. З гэтых «сутак» Севярынец больш не выйшаў – яго асуджвалі да новых арыштаў. Пры гэтым, палітыка трымалі на Акрэсціна ў невыносных умовах – у знак пратэсту ён парэзаў сабе руку. Пасля 75 сутак адміністратыўнага арышту Паўла Севярынца так і не выпусцілі на свабоду – супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу па арт. 293 КК («арганізацыя масавых беспарадкаў.

Наступнымі фігурантамі гэтай крымінальнай справы сталі актывісты «Еўрапейскай Беларусі» Яўген АфнагельПавел Юхневіч і Андрэй Войніч. Іх жорстка затрымалі 25 верасня 2020 года. У кватэру, дзе знаходзіліся Войніч і Юхневіч, уварваліся сілавікі ў масках і са зброяй адначасова праз вакно і дзверы. У кватэру Афнагеля таксама выламалі дзверы. Актывістам «Еўрапейскай Беларусі» выставілі абвінавачанне на падставе ч. 2 арт. 293 КК. У лютым 2021 года Афнагелю дадаткова выставілі абвінавачанне па ч. 3 арт. 293 КК – навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках або фінансаванне гэтай дзейнасці.

39-гадовага Максіма Вінярскага затрымалі 22 студзеня 2021 года супрацоўнік ГУБАЗіКу. Паводле прэс-рэліза МУС, восенню актывіст нібыта заклікаў людзей выходзіць на мітынгі з бел-чырвона-белай сімволікай і «аказваць супраціў міліцыі». Вінярскаму таксама выстаўлена абвінавачванне ў падрыхтоўцы «масавых беспарадкаў» па арт. 13 ч. 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса.

Блогера Зміцера Казлова («Шэрага ката») затрымалі 10 чэрвеня і пакаралі 20 суткамі арышту. Пасля «сутак» ён не выйшаў на волю – ён стаў фігурантам крымінальнай справы па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). У снежні 2020 года блогеру выставілі новае абвінавачванне – па ч. 2 арт. 293 КК.

33-гадовую грамадскую актывістку, рэдактарку шэрагу папулярных тэлеграм-каналаў («Мая краіна Беларусь», «Беларусь 24» ды іншыя) Ірыну Шчасную затрымалі 18 лістапада супрацоўнікі ГУБАЗіКу пераапранутыя ў супрацоўнікаў ЖЭСу. У кватэры Ірыны быў праведзены вобшук, канфіскаваныя ноутбук, тэлефон, грошы. Пасля гэтага Ірыну павезлі для допыту ў СК. Ёй выставілі абвінавачанне па ч. 2. арт. 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі: удзел у масавых беспарадках, што нібыта выражалася ў вядзенні «дэструктыўных» тэлеграм-каналаў.

У чым іх абвінавачваюць?

Ва ўсіх адвакатаў палітвязняў узялі падпіскі аб неразгалошванні: яны не маюць магчымасць распавесці пра сутнасць абвінавачвання і пазіцыі сваіх падабаронных. Праваабаронцам толькі вядома, што іх абвінавачваюць па некалькіх частках "пратэснага" артыкула 293 Крымінальнага кодэкса. Абставіны справы ў такой сітуацыі можна будзе даведацца толькі ад саміх палітвязняў. 

Як адзначае «Белсат», дзяржаўная прапаганда вінаваціць Севярынца і астатніх палітвязняў у падрыхтоўцы «каляровай рэвалюцыі» і «беламайдану». Першы намеснік начальнік ГСУ Следчага камітэту Аляксандр Агафонаў (ён жа вёў справу палітычнага зняволенага блогера «Слуцк для жизни» Уладзіміра Няронскагау інтэрв’ю «СБ – Беларусь сегодня» заяўляў, што Севярынец, Статкевіч і Ціханоўскі нібыта аж з кастрычніка 2019 года распаўсюджвалі ў інтэрнэце заклікі да «радыкальных дзеянняў» і рыхтавалі «беспарадкі». Прычым, як сцвярджаў прадстаўнік СК, зімовыя пратэсты супраць інтэграцыі з Расеяй былі «рэпетыцыяй беламайдану».

Паводле Агафонава, Зміцер Казлоў падбухторваў беларусаў да пратэстаў: «рабіў і публікаваў патрэбныя відэаролікі, якія беспадстаўна дыскрэдытуюць уладу». А Шчасная размяшчала ў тэлеграм-каналах і чатах інфармацыю пра плануемыя акцыі пратэсту. Паводле сілавікоў, за рэдагаванне ТГ-каналаў Ірына нібыта атрымлівала 600 рублёў у месяц ад Афнагеля.

У СК сцвярджаюць, што Афнагель, Войніч, Вінярскі і Юхневіч заклікалі да пратэстаў і забастовак, а таксама займаліся дэананімізацыі сілавікоў абнародаваннем іх асабістых дадзеных «у тым ліку шляхам вырабу ўлётак з іх фотаздымкамі і далейшай расклейкі каля дома чалавека». Паводле СК, гаворка ідзе пра «злачынную сістэму распаўсюду інфармацыі».

Такім чынам, як вынікае з заяваў Агафонава, віна палітвязняў заключаецца толькі ў тым, што яны публічна заклікалі да пратэстаў і крытыкавалі ўладу.

Прыехаў АМАП. Што адбываецца ў Магілёўскім абласным судзе 12 траўня?

Як перадаюць магілёўскія праваабаронцы "Вясны", за дваццаць хвілін да пачатку працэсу з будынка суда супрацоўнікі міліцыі прагналі ўсіх жадаючых падтрымаць палітвязняў. У фае знаходзіцца ўсё начальства Ленінскага РАУС Магілёва, сем афіцэраў сустракаюць усіх, хто прыйшоў. Асабіста прысутнічае таксама намеснік начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Рыжанкоў. Усяго падтрымаць палітвязняў да суда прыйшло каля 40 чалавек. У фае дазволілі знаходзіцца толькі тром.

Міліцыя запатрабавала ад людзей, якія прыйшлі падтрымаць палітвязняў, разысціся ад будынка Магілёўскага аблсуда. У адваротным выпадку, як заявіў супрацоўнік Ленінскага РАУС Карніенка, міліцыя будзе расцэньваць гэта як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. На месца ўжо прыбыў АМАП, людзі вырашылі адысці ад суда.

Калі людзі разыходзіліся ад будынка Магілёўскага аблсуда, супрацоўнікі затрымалі журналіста Deutsche Welle і праваабаронцу Аляксандра Буракова. Яго адвезлі ў Ленінскі РАУС і на яго склалі пратакол, але пакуль невядома па якім артыкуле. "Радыё Свабода" паведамляе, што таксама затрыманы журналіст Уладзіміра Лапцэвіч і каардынатар "Беларускай хрысціянскай дэмакратыі" Алег Аксёнаў.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства