viasna on patreon

Наваполацкі суд спыніў разгляд скаргі на рашэнне гарвыканкама аб правядзенні масавых мерапрыемстваў

2017 2017-04-27T11:08:59+0300 2017-04-27T11:50:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/navapolacki_sud-26.04.2017.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Наваполацку 26 красавіка суд пачаў разглядаць скаргу праваабаронцы на рашэнне па правядзенні масавых мерапрыемстваў у горадзе, але па хадайніцтву прадстаўніцы гарвыканкама спыніў працэс.  

Праваабаронцы ў Наваполацкім судзе 26 красавіка 2017
Пасля суду праваабаронцы і грамадскія актывісты распаўсюджвалі ў горадзе спецвыпуск "Народнай волі", прымеркаваны да гадавіны аварыі на ЧАЭС

У скарзе праваабаронца “Вясны” Зміцер Салаўёў патрабаваў адмяніць рашэнне № 858 ад 11.09.2011, якім гарадскія ўлады ўнеслі змены ў сваё папярэдняе рашэнне ў частцы неабходнасці прадастаўлення дамоваў аб аплаце паслугаў па ахове мерапрыемства, медычнага абслугоўвання і прыборкі смецця. Акрамя таго, заяўнік патрабаваў абавязаць прывесці нарматыўна-прававыя акты, якія рэгулююць правядзенне масавых мерапрыемстваў у Наваполацку, у адпаведнасць з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і падпісанымі міжнароднымі дамовамі, у тым ліку Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. У гэтым рэчышчы праваабаронца бачыць вырашэнне праблемы з тым, што гарадскія ўлады дазволілі толькі адно месца для правядзення масавых мерапрыемстваў - пляцоўку ля ўваходу ў Парк культуры і адпачынку, якая з’яўляецца непрыдатнай для пікетаў і мітынгаў праз нешматлюднасць гэтага месца.

Па хадайніцтву Зміцера Салаўёва суд далучыў да матэр'ялаў справы раздрукоўку Кіруючых прынцыпаў АБСЕ па свабодзе мірных сходаў, дзе сярод іншага прапісаны пазітыўны абавязак дзяржавы па забеспячэнні права на свабоду сходаў і гаворыцца пра недапушчальнасць прымусу грамадзянаў да аплаты паслугаў па правядзенні мерапрыемстваў.

Аднак прадстаўніца Наваполацкага гарвыканкама заявіла хадайніцтва, пасля якога судовы працэс быў спынены нібыта з той прычыны, што патрабаванні не падпадаюць пад юрысдыкцыю суда. Суд параіў праваабаронцу звяртацца ў пракуратуру.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства