viasna on patreon

У Магілёве, магчыма, зменяцца правілы правядзення масавых мерапрыемстваў

2017 2017-04-04T11:24:05+0300 2017-04-04T11:32:43+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marsh_darmaedau_magileu_3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Марш недармаедаў у Магілёве. Фота Радыё "Свабода"

Марш недармаедаў у Магілёве. Фота Радыё "Свабода"

Мясцовыя праваабаронцы атрымалі адказ з аблвыканкама, які дае надзею на змякчэнне умоў для правядзення мітынгаў і сходаў.

Па інфармацыі сайта mspring.online, намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч у пісьмовым адказе паведаміў праваабаронцы Барысу Бухелю і Аляксею Колчыну, што Магілёўскаму гарвыканкаму рэкамендавана разгледзець пытанне аб унясенні змяненняў у рашэнне “Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Магілёве”.

Яны датычацца прадастаўлення ў гарвыканкам дамоваў аб ахове грамадскага парадку, аб дзяжурстве «хуткай дапамогі» і ўборцы пасля масавага мерапрыемства. Магілёўскія праваабаронцы дамагаліся адмены пералічаных дамоваў ужо некалькі год, аднак невялікія зрухі ў гэтым пытанні пачаліся толькі цяпер, лічаць яны.

– Мы расцэньваем гэта як вельмі асцярожны крок насустрач, – пракаментаваў адказ Андрэя Кунцэвіча Барыс Бухель. – Гарвыканкам можа праігнараваць рэкамендацыі і нічога не мяняць у сваім рашэнні «Аб масавых мерапрыемствах», каб не рабіць сабе лішняй працы. Але, у любым выпадку, гэта лепш, чым нічога.

Праваабаронца лічыць, што адмена дамоваў з міліцыяй, «хуткай» і камунальнікамі – лагічны крок.

– У Канстытуцыі і іншых нарматыўных актах прапісана права грамадзян на мірныя сходы, якім дзяржава абавязана забяспечыць бяспеку і абслугоўванне. У чым логіка плаціць органам унутраных спраў, медыкам і камунальным службам, калі гэтыя структуры і так фінансуюцца праз нашыя падаткі? Да таго ж, навошта наогул дзяжурства міліцыі і хуткай, калі чалавек праводзіць адзіночны пікет? Абавязковае прадстаўленне гэтых дагавораў значна абмяжоўвае права чалавека на мірныя сходы.

Раней Барыс Бухель і Аляксей Колчын з просьбай змяніць рашэнне “Аб масавых мерапрыемствах» звярталіся ў Магілёўскі гарвыканкам, але атрымалі адмову з боку ідэолага Алы Галушка. Менавіта пасля гэтага было прынята рашэнне абскардзіць адказ праз аблвыканкам.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства