У Пінску пачынаюцца суды над удзельнікамі акцыі пратэсту Дапоўнена
У судзе Пінскага раёна на 5 красавіка прызначаны суд над мясцовым жыхаром Іванам Жуком за акцыю пратэсту 26 сакавіка. А на наступны дзень прызначаныя суды над актывістамі Алесем Рамановічам, Ігарам Салаўём і Дзмітрыем Тарасюком. Іх вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве па арт. 23.34 КаАП РБ.
Нагадаем, у Пінску 26 сакавіка на цэнтральнай плошчы Леніна на заклік да салідарнасці з затрыманымі падчас Дня волі ў Менску і супраць Дэкрэту №3 сабралася прыблізна 60 чалавек. Пасля таго, як АМАПаўцы затрымалі чальца Партыі БНФ Алеся Рамановіча, грамадскіх актывістаў Ігара Салаўя і Дзмітрыя Тарасюка, людзі запатрабавалі іх вызваліць альбо затрымаць усіх. Пасля гэтага, праваахоўнікі выпусцілі Алеся Рамановіча і Ігара Салаўя, а Дзмітрыя Тарасюка пакінулі ў аўтазаку, бо ў яго не было пры сябе аніякіх дакументаў.
Пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння складзеныя таксама яшчэ на некалькі ўдзельнікаў акцыі – Ігара Петрушкевіча і Мікалая Міхалевіча. Суды павінны адбыцца цягам бягучага тыдня.
Беларускае Радыё Рацыя паведамляе, што насамрэч пад пераслед трапіла 12 пінчукоў з якіх 2 ужо атрымалі па 10 базавых велічынь за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Не ўсе з 12-ці фігурантаў па справе “Пінскай плошчы” хочуць публічнасці, што сведчыць пра запалохванне, мяркуюць актывісты.