Аляксандр Лапіцкі вызвалены з псіхіятрычнай бальніцы
Больш за пяць месяцаў мінскі пенсіянер Аляксандр Лапіцкі правёў на прымусовым лячэнні ў РНПЦ псіхічнага здароўя па рашэнні суда Фрунзенскага раёна Мінска, што стала вынікам крыміналізацыі дыфамацыйныя правапарушэнняў у Беларусі. Паколькі прымусовая ізаляцыя Лапіцкага ў псіхіятрычным шпіталі была звязана з абмежаваннем яго свабоды, праваабаронцы кваліфікавалі яго як палітычнага зняволенага.
ПЦ "Вясна" і БХК, заявіўшы сваю пазіцыю па справе Аляксандра Лапіцкага, патрабавалі яго вызвалення з псіхіятрычнай бальніцы і, пры неабходнасці, забеспячэння яго лячэння ва ўмовах, не звязаных з пазбаўленнем волі, а таксама прыняцця мераў, скіраваных на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў у заканадаўстве Беларусі.
24 сакавіка 2017 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прыняў рашэнне замяніць прымусовае лячэнне ў закрытым стацыянары псіхіятрычнай бальніцы на прымусовае лячэнне па месцы жыхарства пад наглядам лекара-псіхіятра, у выніку чаго Аляксандр Лапіцкі выйшаў на волю.
Нагадаем, 12 красавіка 2016 года пастановай суда Фрунзенскага раёна г. Мінска было ўстаноўлена, што Аляксандр Лапіцкі здзейсніў грамадска-небяспечныя дзеяннi, прадугледжаныя артыкуламі 368 («Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»), 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), 391 («Знявага суддзі або народнага засядацеля») Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і гэтыя дзеянні ім былі здзейснены ў несвядомым стане. У дачыненні да 81-гадовага пенсіянера былі ўжытыя прымусовыя меры бяспекі і лячэння. 14 лістапада ён быў прымусова змешчаны ў псіхіятрычную бальніцу.