viasna on patreon

Аналітычны агляд па адміністрацыйных працэсах у судах Мінска 27 сакавіка (інфаграфіка)

2017 2017-04-26T20:36:56+0300 2017-08-31T13:32:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudy-27.o3.2017-analityka-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Аналітычны агляд судовых паседжанняў і доступу ў суды г. Мінска падчас адміністрацыйных працэсаў 27 сакавіка па масавых затрыманнях, якія адбыліся ў сталіцы 25 і 26 сакавіка 2017 г. 

Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, Канстытуцыя Беларусі і іншыя акты заканадаўства замацавалі паняцце і складнікі справядлівага суда.

У прыватнасці, элементамі справядлівага суда з'яўляюцца права на публічны разгляд справы; гэта права характарызуецца адкрытасцю судовага разбиральніцтва для ўдзельнікаў і грамадскасці. Прынцып роўнасці магчымасцяў - пры зборы і прадастаўленні доказаў, напрыклад, таксама вызначае справядлівасць суда.

Пры гэтым кожны павінен мець дастатковы час і магчымасці для падрыхтоўкі сваёй абароны і зносінаў з абраным ім самім абаронцам; мець магчымасць абараняць сябе асабіста або пры дапамозе абранага ім самім абаронцы; калі ён не мае абаронцы, быць інфармаваным аб гэтым праве і мець прызначанага яму абаронцу ў любым такім выпадку, калі інтарэсы правасуддзя таго патрабуюць, бясплатна для яго ў любым такім выпадку, калі ў яго няма дастаткова сродкаў для аплаты гэтага абаронцы;

Нарэшце, кожны мае права на тое, каб яго асуджэнне і прысуд былі перагледжаны вышэйстаячай судовай інстанцыяй згодна з законам.

27 сакавіка 2017 года ў г. Мінску адбыліся судовыя паседжанні па справах затрыманых 25 і 26 сакавіка. Паседжанні праводзіліся ў 9-ці раённых судах горада. Інфармацыя па 56 пасяджэннях была атрымана з апытанняў саміх затрыманых (45 чалавек) і анкет назіральнікаў, якія прысутнічалі на 13 паседжаннях, не менш за адно паседжанне ў кожным раённым судзе. У ходзе маніторынгу фіксаваліся наступныя пытанні:

- парадак доступу ў будынак суда

- наяўнасць і паўната інфармацыі па судовых пасяджэнняў на стэндах

- допуск назіральнікаў на адкрытыя судовыя паседжанні

- тлумачэнне суддзёй правоў і абавязкаў удзельнікаў працэсу

- артыкулы КаАП

- наяўнасць на пасяджэнні абаронцы

- наяўнасць на паседжанні сведак

- вынесеныя пастановы

- тлумачэнне суддзёй парадку абскарджання пастановы пасля вынясення рашэння. 

Для доступу ў 6 з 9 судоў дастаткова было прад'явіць пашпарт. Перапісвалі дадзеныя ў Фрунзенскім судзе толькі ў тых, хто ішоў на разгляд спраў 25 сакавіка, а таксама ў Першамайскім судзе. Уваход у Цэнтральны раённы суд быў вольны. У Завадскім раённым судзе назіральнікі адзначылі выпадак, калі наведвальніцы суда, дзе правяралі пашпарты, дазволілі ўвайсці пасля таго, як яе спадарожніца засведчыла яе асобу вусна. Супрацоўнік суда, які прыняў рашэнне, спаслаўся на тое, што дзейнічае па інструкцыі, аднак у выключных выпадках упаўнаважаны дзейнічаць паводле свайго меркавання. Дагляд рэчаў у назіральнікаў правялі толькі ў Маскоўскім судзе. Гэта дазваляе зрабіць выснову аб адсутнасці адзінага ўстаноўленага парадку доступу ў будынак суда.

Назіральнікі ў судах масава адзначылі несвоечасовасць з'яўлення на стэндах інфармацыі пра паседжанні. Пасля адкрыцця суда на стэндах пад імёнамі большасці суддзяў не было ўказана прызначаных слуханняў. Супрацоўнікі суда не маглі даць тлумачэнняў аб тым, калі інфармацыя на стэндах будзе абноўлена. Спісы былі вывешаны на стэнды незадоўга да пачатку паседжанняў, у Кастрычніцкім судзе - нават пасля пачатку першага паседжання, з прычыны чаго назіральнік і адвакат не патрапілі на пачатак паседжэння і ўвайшлі ў залу суда толькі пасля неўзабаве абвешчанага перапынку. Частка спісаў на працягу дня здымалася і ўдакладнялася. У Цэнтральным раённым судзе прызначаны час разгляду не супадаў з фактычным, як і ў Фрунзенскім. Таксама ў Фрунзенскім і Ленінскім судах у спісах не хапіла некалькіх спраў.

На стэндах змяшчалася наступная інфармацыя: дата, прозвішча і ініцыялы суддзі, нумар залы паседжання, час пачатку слухання, прозвішча і ініцыялы асоб, у дачыненні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс, артыкул КаАП.

Інфармацыя, якая з'яўлялася на стэндах і абнаўлялася, адпавядала рэчаіснасці.

Супрацоўнікі суда не стваралі перашкодаў для назіральнікаў, якія хацелі патрапіць на паседжанні, але аб поўнай даступнасці казаць нельга. У двух выпадках супрацоўнікі суда прапускалі ў залу толькі частку назіральнікаў праз недахоп месца, што супярэчыць прынцыпу адкрытасці і публічнасці судовых паседжанняў. На двух паседжаннях Ленінскага суда сакратары перапісвалі ПІІ тых, хто заходзіў у залу.

На адным з паседжанняў у Маскоўскім судзе пры ўваходзе ў залу супрацоўнік міліцыі прасіў адключыць мабільныя тэлефоны, у сувязі з чым магчымасці весці аўдыёзапіс не было, аднак у астатніх выпадках, у прыватнасці ў тым жа судзе, спробы весці гукапіс не спыняліся.

У 43 выпадках у пачатку паседжання суддзя зачытваў правы, у 3 - не (у Кастрычніцкім, Маскоўскім і Ленінскім судах). Пры гэтым у частцы выпадкаў апытаныя адказвалі пасля, што не карысталіся правам на абаронцу, бо не ведалі пра яго, што можа ўказваць на няпоўнасць спісу нават у выпадку зачытвання правоў. Частка апытаных паказвала, што не стала запрашаць абаронцу, бо не бачыла ў гэтым сэнсу.

Абаронца прысутнічаў толькі на 8 паседжаннях, з іх на 3 - дзяжурны адвакат, на 5 - адвакат па дамоўленасці. На 38 астатніх абаронцы не было.

На 31 паседжанні ў якасці сведак прысутнічалі толькі супрацоўнікі міліцыі ці АМАП, якія, згодна з іх сведчаннямі, ажыццяўлялі затрыманне. Толькі ў трох выпадках на паседжанні, у Цэнтральным, Ленінскім і Завадскім судах, выступалі сведкі з боку затрыманых. На 5 паседжаннях сведак не было, на 2 з іх былі зачытаны рапарты супрацоўнікаў, якія ажыццяўлялі затрыманне.

На 27 паседжаннях пасля вынясення рашэння суддзя агучваў парадак яго абскарджвання ў дастатковым аб'ёме. 15 чалавек палічылі тлумачэнні суддзі недастатковымі, хоць парадак абскарджвання фактычна агучваўся. На двух паседжаннях, у Ленінскім і Фрунзенскім судах, гэтая інфармацыя не прагучала.

У адносінах да затрыманых 25 сакавіка 2017 года ўжываліся артыкулы 17.1, 23.34 і 23.4 КаАП РБ у розных камбінацыях. Часцей за ўсё разглядаліся справы па артыкуле 17.1 (у 16 выпадках) і артыкулах 17.1 і 23.34 (у 16 выпадках). Артыкул 23.34 асобна ўжываўся 8 разоў, 23.34 і 23.4 разам - 5 разоў, 2 разы - 17.1 разам з 23.34, 2 разы - 23.4.

У 29 выпадках суддзя наклаў штраф ад 3 да 80 базавых велічынь, пры гэтым штраф у 3 б.в. наклалі 3 розныя суддзі Завадскога раённага суда па артыкуле 17.1 КаАП, штраф у 80 б.в. наклалі ў Цэнтральным раённым судзе адзін раз па артыкулах 17.1 і 23.4. Сярэдні памер штрафу склаў 20 - 25 б.в.

У 17 выпадках была вынесена пастанова аб адміністрацыйным арышце ад 5 (Завадскі, Ленінскі і Цэнтральны суды) да 11 сутак (1 выпадак у Першамайскім судзе), самым распаўсюджаным быў арышт на 10 сутак (7 выпадкаў).

Рашэнні, вынесеныя суддзямі, не знаходзіліся ў прамой залежнасці ад інкрымінуемага артыкула, у кожным судзе быў свой пераважны від і памер адміністрацыйнага пакарання. Так, суддзя Кастрычніцкага раённага суда, які разглядаў большасць спраў па затрыманнях 25 сакавіка, пераважна прызначаў штрафы ў 30 - 40 базавых велічынь. Найменш суровыя пакаранні як у выглядзе штрафу, так і ў выглядзе арышту накладаліся ў Завадскім раённым судзе, незалежна ад суддзі і артыкула.

Высновы:

- суды ў недастатковай меры адкрытыя для грамадскасці; намаганні Вярхоўнага Суда па павышэнні адкрытасці і галоснасці судовых разглядаў недастатковыя і нівелююцца адвольным ужываннем нормаў права супрацоўнікамі суда і аховай;

- «канвеерны» спосаб разгляду адміністрацыйных спраў, наканаваны характар вынікаў з'яўляецца прычынай, па якой суддзі недастаткова падрабязна і даступна тлумачаць працэсуальныя правы ўдзельнікам судовага паседжання, а асобы, у дачыненні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс, не ў поўнай меры выкарыстоўваюць прадастаўленыя законам магчымасці па сваёй абароне;

- затрыманні да судовага разбіральніцтва не дазваляюць асобам, у дачыненні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс, паўнавартасна падрыхтавацца да разгляду справы і выбраць сабе абаронцу; забеспячэнню абаронцамі асобаў, якія не маюць дастатковых сродкаў, перашкаджае адсутнасць магчымасці атрымаць юрыдычную дапамогу бясплатна або на тых жа ўмовах, што і ў крымінальным працэсе.

Аўтар ілюстрацый - Марла З.


Маніторынг і падрыхтоўка аналітычнага агляду ажыццяўляліся ў межах сумеснай ініцыятывы “Грамадскі ўдзел”. Партнёрства аб’ядноўвае намаганні грамадскіх арганізацый і ініцыятываў для павелічэння ўдзелу насельніцтва ў грамадскай дзейнасці і кшталтавання грамадзянскай супольнасці. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства