Наталлю Папкову прывезлі у суд проста з ізалятара і аштрафавалі
4 красавіка грамадзкая актывістка Наталля Папкова, якая ўтрымліваецца ў ІЧУ Ленінскага раёна г. Брэста, была пад канвоем дастаўлена ў суд Ленінскага раёна г. Брэста.
Па інфармацыі “Берасцейскай Вясны”, у судзе выявілася, што ахоўнік ізалятара, міліцыянер Юлія Абрамчук напісала заяву, з якой вынікае, што адміністратыўна арыштаваная Наталля Папкова, 27 сакавіка абразіла міліцыянершу ў непрыстойнай форме. Калега міліцыянера Абрамук нехта Меховіч А.Ю. выступіў сведкам правапарушэння (на фота).
Суддзя Алег Міранюк, на падставе заявы “пацярпелай” і сведчаннямі яе калегі-міліцыянера Меховіча, прызнаў Наталлю Папкову вінаватай у “абразе службовай асобы дзяржаўнага органа пры выкананні ім паўнамоцтваў асобай, якая не падпарадкаваная ёй па службе” і пастанавіў пакараць Папкову штрафам на карысць дзяржавы ў памеры 20 базавых велічынь, што складае 460 рублёў.