Колькасць арыштаваных за Дзень Волі працягвае павялічвацца
10 красавіка, пасля вызвалення з Барысаўскага ІЧУ удзельніка Дня Волі ў Мінску Максіма Далінскага, выявілася прозвішча яшчэ аднаго арыштаванага па арт 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
Як стала вядома барысаўскім праваабаронцам, жыхара Смаргоні, які жыве і працуе ў Барысаве, Максіма Далінскага затрымалі на наступны дзень пасля 25 сакавіка ў Барысаве, і пакаралі арыштам на 15 сутак. На ягонай кватэры пад час затрымання адбыўся ператрус, у ходзе якога былі вынятыя кампутар, асобныя запісы, плакаты, кнігі (хлопец адэкватны, але цікавіцца гісторыяй Другой сусветнай вайны.)
Па вызваленні Далінскі паведаміў праваабаронцам, што разам з ім у ІЧУ адбываў пакаранне яшчэ адзін удзельнік Дня Волі ў Мінску – жыхар Віцебску Віталь Гарохаў, які таксама атрымаў 15 сутак.
Такім чынам, агульная колькасць пакараных адміністрацыйным арыштам удзельнікаў акцыі 25 сакавіка працягвае павялічвацца.