У Мінску асуджаны ўдзельнік пятнічнай акцыі каля КДБ
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 3 красавіка судзілі ўдзельніка акцыі салідарнасці з фігурантамі справы аб падрыхтоўцы “масавых беспарадкаў”, якая праходзіла 31 сакавіка каля будынка КДБ.
Журналісты паведамілі пра пяцярых затрыманых падчас акцыі, сярод якіх назвалі актывістку Ніну Багінскую, палітыка Паўла Севярынца і пісьменніка Анатоля Кудласевіча, якія былі дастаўлены ў РУУС Цэнтральнага раёна Мінска.
Пазней сустаршыню БХД Паўла Севярынца, асуджанага раніцай 31 сакавіка да 10 сутак арышту за абарону Курапатаў, даставілі ў ЦІП на Акрэсціна, а Ніну Багінскую адпусцілі. Відавочна, адпусцілі і яшчэ двух затрыманых, паколькі сёння ў судзе Цэнтральнага раёна адбыўся адзін адміністратыўны працэс, звязаны з гэтай акцыяй.
Суддзя суда Цэнтральнага раёна Вікторыя Шабуня разгледзела справу Анатоля Кудласевіча і прызнала яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі (артыкул 23.34 КаАП), пакараўшы штрафам у 10 базавых велічынь.
Як паведаміла прэс-служба БХД, Паўла Севярынца за акцыю каля КДБ будуць судзіць 10 красавіка.