У Воршы судзілі Ігара Казмерчака
Рэдактара аршанскага незалежнага партала www.orsha.eu Ігара Казмерчака выклікалі ў міліцыю 5-га красавіка на 16.00 у сувязі з акцыяй 12 сакавіка ў Оршы, нібыта на размову.
Аднак размовы не адбылося – Казмерчака адразу даставілі ў суд, дзе пакаралі штрафам у 25 базавых велічыняў.
Як адбываўся судовы працэс на чале з суддзёй Аксанай Хадкевіч, “Беларускаму Радыё Рацыя” распавёў сам Ігар Казмерчак:
Суд даволі хутка адбыўся, хвілін за 15. Мне прысудзілі 25 базавых за ўдзел у мітынгу 12 сакавіка.
12-га сакавіка ў Воршы адбыўся “Марш недармаедаў”, на які прыйшлі звыш 1000 чалавек. Акцыя скончылася судамі і затрыманнямі. Шэраг людзей атрымалі суткі зняволення, яшчэ некаторыя справы скончыліся буйнымі штрафамі. Цікава, што пры гэтым Аршанскі райвыканкам выказаў гатовасць сустрэцца з прадстаўнікамі мясцовай апазіцыі. Першая такая сустрэча адбылася 3-га красавіка. Сур’ёзных вынікаў перамовы пакуль не прынеслі. Чарговы ж суд над дэмакратычным актывістам і журналістам Ігарам Казмерчаком не спрыяе ўзаемапаразуменню бакоў.