Справаздача па маніторынгу акцыі “Крытычная маса” у Мінску 29 красавіка 2016 года
29 красавіка 2016 года ў Мінску адбылася традыцыйная роварная паездка “Крытычная маса”, што ладзіцца апошнюю пятніцу месяца.
Метадалогія маніторынгу
РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і Праваабарончы цэнтр “Вясна” цягам некалькіх гадоў праводзяць сістэматычнае назіранне за масавымі мерапрыемствамі ў Мінску на падставе распрацаванай метадалогіі маніторынгу, якая ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў прынцыпам грамадскага кантролю, стандартам мірных сходаў і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за масавымі мерапрыемствамі сумесна распрацаваныя праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні па магчымасці выканання функцыяў назіральнікаў і СМІ, адносна паводзінаў арганізатараў і ўдзельнікаў масавага мерапрыемства, супрацоўнікаў міліцыі, а таксама наяўнасць хуткай дапамогі. Назіральнікі дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць да прынцыпаў права: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выконвання сваіх абавязкаў назіральнікі трымаюцца адасобна ад удзельнікаў. Яны абазначаныя бэйджам назіральніка і сінімі камізэлькамі.
Папярэдняя інфармацыя
Традыцыйна роварныя паездкі адбываюцца без падачы заявак. Запрашэнне ажыццяўлялася праз сацыяльныя сеткі, дзе прапісваліся правілы ўдзелу для захавання грамадскага парадку.
Падчас правядзення масавага мерапрыемства 29 красавіка 2016 года вочна і бесперапынна ажыццяўляў назіранне 1 назіральнік, які прайшоў адпаведнае навучанне і быў абазначаны належным чынам (блакітнай камізэлькай) і меў пасведчанне назіральніка.
І. Высновы:
- Можна адзначыць мірны характар масавага мерапрыемства цягам акцыі (калі “арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар”). Асобныя інцыдэнты з супрацоўнікамі ДАІ з боку 2 удзельнікаў павінны разглядацца з пункту гледжання прапарцыйнасці дзеянняў супрацоўнікаў ДАІ ў дачыненні да іх. Поўная адзнака інцыдэнту праваабронцамі будзе дадзеная пазней, але на дадзены момант няма падстаў для кваліфікацыі акцыі як нямірнай.
- Падчас разгону мерапрыемства была ўжытая непрапарцыйная фізічная сіла з боку супрацоўнікаў ДАІ і АМАПу. Адміністрацыйны пераслед удзельнікаў мае рэпрэсіўны характар і не звязаны з рэальнай небяспекай грамадскаму парадку.
- Удзельнікі не выканалі патрабаванне супрацоўнікаў ДАІ па з’ездзе з праезжай часткі, але ў кантэксце аналізу рэалізацыі права на мірныя сходы дадзенае патрабаванне раўназначна спыненню ажыццяўлення права на выказванне меркавання з боку ўдзельнікаў.
- Права на мірны сход і права на выказванне меркавання ўдзельнікаў былі істотна абмежаваныя праз гвалтоўнае спынене акцыі.
- Затрыманне назіральніка не мела належных падстаў і можа быць расцэненае як адвольнае і якое супярэчыць выкананню праваабрончых функцый.
ІІ. Ход масавага мерапрыемства
На месцы збора ўдзельнікаў каля 19 гадзін на плошчы пад Тэатрам оперы і балета праходзіла іншае масавае мерапремства. Уздоўж фантанаў пад тэатрам было шмат роварыстаў, якія знаходзіліся асобна адзін ад аднаго. На месцы збора сабралося каля 35 удзельнікаў, 3 з іх былі з закрытымі тварамі, у дваіх на ровары былі замацаваныя чорна-зялёныя сцягі.
У 19:23 калона пачала рух ад тэатру праз сквер, да перакрыжавання вуліц Янкі Купалы і Максіма Багдановіча. Пераехаўшы дарогу на зялёны колер светлафору праз ходнік, удзельнікі выехалі на дарогу, заняўшы пры гэтым крайнюю правую паласу. Даехаўшы да станцыі метро "Няміга", удзельнікі звярнулі на пр-т Пераможцаў.
Пасля таго, як калона раварыстаў праехала каля Палацу Спорту, была заўважаная машына ДАІ. Праз абсталяванне для ўзмацнення гуку было агучанае патрабаванне, каб раварысты з'ехалі на ходнік. Пасля першага патрабавання некалькі роварыстаў заехалі на ходнік, астатнія працягнулі рух па дарозе.
Прыкладна а 19:34 адна машына ДАІ падрэзала аднаго з удзельнікаў, прыцісніла яго да ходніка, потым супрацоўнік ДАІ рэзка адчыніў дзверы машыны, удзельнік акцыі ўпаў на газон ад удару, але ўстаў на ногі і стаў хутка сыходзіць, пакінуўшы ровар, іншым удзельнікам акцыі супрацоўнікі забаранілі забіраць яго ровар. У 19:36 калона працягнула рух. Да перакрыжавання пр-ту Пераможцаў і Машэрава калона рухалася па ходніку, на перакрыжаванні частка удзельнікаў з'ехалі на дарогу. У гэты момант (прыблізна 19:38) была заўважаная машына міліцыі, 2 машыны ДАІ і чырвоны аўтобус.
А 19:40 машыны і аўтобус спыніліся, абагнаўшы і падрэзаўшы некаторых раварыстаў. Адна машына ДАІ падрэзала ад’ехаўшага наперад раварыста, каторы пасля сутыкнення страціў раўнавагу і паваліўся, супрацоўнікі ДАІ рэзка зхапілі яго, але за якога спрабавалі заступіцца іншыя.
Адначасова з мікрааўтобуса выбеглі людзі ў цывільным, якія затрымалі аднаго з удзельнікаў, пацягнулі яго па зямлі ў бок аўтобуса, адразу пасля іх выбеглі супрацоўнікі АМАП, якія затрымалі яшчэ некалькі ўдзельнікаў і назіральніка. Усіх затрыманых груба кінулі на падлогу аўтобуса, нанеслі некалькі ўдараў нагамі па тварах і жыватах, зверху кінулі на іх ровары і забаранялі ўставаць усю дарогу да РУУСа. Ніякіх патрабаванняў пры гэтым не было, у аўтобусе ніхто не супраціўляўся, але сіла ўжывалася, гучала нецэнзурная лаянка з боку супрацоўнікаў АМАПу.
ІІІ. Рэкамендацыі
Арганізатарам:
* Па магчымасці парводзіць папярэднюю камунікацыю з ДАІ.
Супрацоўнікам праваахоўных органаў:
* Не ўжываць грубую фізічную і непрапарцыйную сілу супраць удзельнікаў мірных дэманстрацый;
* Спыніць пераслед за ўдзел у акцыях.
Суб’ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:
* ініцыяваць змены ў беларускае заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.